Жыхары Віцебску пра абяцанні і хлусню ўладаў: ды колькі так можна?! (фота)
“Дзе знайсці нам абарону, каб не быў капут?” – амаль менавіта гэтае пытанне задавалі людзі падчас адмысловае праверкі ў Віцебску аб’ектаў, кантралюемых сябрамі стваранай партыі БХД і актывістамі кампаніі “За якасную медыцыну для ўсіх”.
Адзін з іх – паліклініка ў м-не Поўдзень-7. 2012 год – пачынаецца яе будаўніцтва: катлаван, слупы, кран, з дзясятак будаўнікоў. Потым людзі знікаюць, а слупы, краны прывідамі падымаюцца над пахіленым ужо плотам.
Пасля зваротаў сярод слупоў у 2015 годзе з’явіліся людзі ў будаўнічых касках, і за кароткі час будоўля пачала падымацца. Але ж “нядоўга музыка грала” – горад скараціў сродкі на будоўлю на траціну, і людзі ў касках зніклі ў невядомым накірунку ў кастрычніку гэтага ж году.
Між тым на трывожныя званкі і запыты актывістаў гарвыканкам і гарсавет бадзёра рапартуюць: ”узнавілася будаўніцтва паліклінікі ў м-не “Поўдзень-7”.
“Таццяна Яўгенаўна, у вобласці ж толькі 2 прадпрыемствы, якія забяспечваюць бюджэт: “Нафтан” і “Ганна”. Грошаў не хапае на ўсё”, – калісьці пры неафіцыйнай размове казаў каардынатарцы БХД Таццяне Севярынец намеснік старшыні аблвыканкаму Уладзімір Цярэнцьеў, які, дарэчы, днямі атрымаў ад прэзідэнта Ордэн пашаны.
А вось другі будынак, які знаходзіцца ў цэнтры горада, побач з плошчай Перамогі: гінекалогія раддому №1. На шыльдзе аб’екту пазначыны даты: пачатак рэканструкцыі –люты 2012 года, заканчэнне – лістапад 2013-га.
Падчас “праверкі” актывісты размаўлялі з людзьмі ды збіралі подпісы пад новым калектыўным зваротам, каб усё ж такі абудзіць з глыбокае спячкі чыноўнікаў ды прымусіць іх служыць свайму народу. Вось што казалі выпадковыя мінакі:
– Дык давялі ўжо! Няма цярпення! Я ўжо састарэла, чакаючы гэнай новай паліклінікі!
– Кіньце вы свае подпісы! Нічога не дапаможа! Я сама працавала ў выканкаме. Як скажуць зверху, так і будзе!
– Давайце падпішу, можа, вам што і ўдасца!
– Падманваюць і падманваюць! Каб іх!
– Ды колькі жыць так можна?! Пракралася гэтая ўлада!
“Гэй, улада, чуеш!? Гэта галасы тваіх гаспадароў –народу. А што ты думала? Вось з такіх галасоў – адзіночак складзецца хор. Тады пачуеш, ды толькі запозна. Вучыце гісторыю, спадарства!” – падкрэсліла Таццяна Севярынец.