60% беларусаў лічаць сябе еўрапейцамі
Беларусы ўсё больш адчуваюць сябе еўрапейцамі. Такую выснову зрабілі сацыялагічная лабараторыя “Новак” і Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS), зарэгістраваны ў Літве. Прэзентацыя вынікаў сацыялагічнага даследавання адбылася ў Мінску 12 кастрычніка.
Даследаванне было праведзена паводле просьбы кампаніі “Будзьма беларусамі”. Як паведаміў на прэзентацыі каардынатар кампаніі па сувязях з грамадскасцю Ігар Лялькоў, за год па ўсёй Беларусі было праведзена больш як 900 мерапрыемстваў: выставы, канцэрты, экскурсіі, літаратурныя сустрэчы, гістарычныя лекцыі, курсы беларускай мовы, прэзентацыі кніг і часопісаў. “Кампанія праходзіць нават больш паспяхова, чым планавалі яе арганізатары. Мы ўбачылі вялікую запатрабаванасць беларускай культуры ў грамадстве, прычым такую запатрабаванасць, якую не маглі раней задаволіць традыцыйнымі спосабамі ні грамадскія аб’яднанні, ні афіцыйныя структуры. Таму ў нас паўстала пытанне: кім цяпер з’яўляецца беларус XXI стагоддзя? Кім ён цяпер сябе адчувае? Як ён ставіцца да беларускай мовы, культуры, традыцый? Мы не змаглі высветліць гэта звычайным уласным апытаннем, таму звярнуліся да сацыёлагаў”, — сказаў Лялькоў.
Лабараторыя “Новак” правяла апытанне насельніцтва з 27 жніўня па 11 верасня. Удзел у ім узялі 1.011 чалавек. Як паведаміла на прэзентацыі супрацоўніца лабараторыі кандыдат сацыялагічных навук Надзея Яфімава, цяпер, паводле апытання, 87% жыхароў Беларусі па нацыянальнасці беларусы, 8% — рускія, 2% — палякі.
Яфімава адзначыла, што раней рэспандэнты лічылі сябе захавальнікамі традыцый Савецкага Саюза. “Гаварылася, што Беларусь узяла ўсё лепшае ад Савецкага Саюза і большасць выступала за саюз з Расіяй і “славянскае адзінства”. У выніку апытання мы высветлілі, што цяпер Савецкі Саюз і еўрапейскі выбар памяняліся месцамі. За Савецкі Саюз выступаюць толькі 12,5% апытаных рэспандэнтаў, тады як колькасць тых, хто лічыць Беларусь еўрапейскай дзяржавай, — ужо 15%”, — адзначыла сацыёлаг.
Еўрапейцамі лічаць сябе 60% апытаных, а 70% рэспандэнтаў “выказалі гатоўнасць узяць на сябе адказнасць за краіну і яе будучыню”, – паведаміла сацыёлаг.