Пад Салігорскам вырубілі дрэвы ўздоўж дарог (фота)
У Салігорскім раёне ад Радкава да Краснай Слабады, і ад Радкава – ў бок Слуцку спілавалі зялёныя насаджэнні, якія шмат год служылі шчытом для аўтамабілістаў і экалогіі рэгіёна, – аб гэтым паведамілі каардынатару БХД па Мінскай вобласці Паўлу Пракаповічу жыхары горада.
Некалькі месяцаў таму старшыня Салігорскага райвыканкама Аляксандр Рымашэўскі аддаў загад выразаць дрэвы “пад ворныя землі”. Таксама ў СМІ прайшла інфармацыя аб тым, што паабапал дарог на пад’ездзе ў горад плануецца пабудаваць новыя дамы.
“Службовыя злачынствы Салігорскіх уладаў даўно ўжо сталі традыцыяй. Усёдазволенасць і беспакаранасць не можа працягвацца на працягу столькіх гадоў без санкцыяў зверху. Але калі-небудзь і спадару Рымашэўскаму прыйдзецца адказаць на нязручныя пытанні”, – адзначыў каардынатар па Мінскай вобласці Павел Пракаповіч.
На думку Салігорскага вынаходніка Сцяпана Яфімчыка: “Вырошчванне любых сельскагаспадарчых раслін паблізу аўтамагістраляў небяспечна для здароўя насельніцтва з прычыны іх забруджвання выхлапнымі газамі. У павярхоўным слоі глебы на адлегласці 10-15 м ад аўтадарожнага палатна канцэнтрацыя жалеза, цынку, свінцу, бензапірэну дасягае ўзроўняў, несумяшчальных з сельскагаспадарчай дзейнасцю. Таму выразка дрэваў пад ворныя землі – вялікая памылка, шкодніцтва. Мы павінны павялічваць колькасць дрэваў уздоўж дарог, а не выразаць іх».
Выехаўшы на месца здарэння, салігорскі каардынатар БХД Уладзімір Шыла замест былой алеі пабачыў сапраўдную пустыню. “Дарога з Салігорска на Чырвоную Слабаду (Вызну) выглядае сёння нібыта Манголія альбо Казахстан. За што? Адкуль такая нелюбоў да прыдарожных прысад? Хай нават гектар, альбо нават больш ворыва, з`явіцца… Але мы не Сінгапур. У нас дастаткова сельскагаспадарчых зямель. А вось глядзець на гэта балюча. Гэта – непавага да прыроды і чалавека», – адзначыў Уладзімір Шыла.