Замест дрэваў і шырокіх ходнікаў – магістраль. Гомель пераўтвараюць у адну вялікую паркоўку (відэа)

01 красавіка 2016 09:29  |  Грамадства

Людзей загнаць пад зямлю, у пешаходныя пераходы, дрэвы – вырубіць, затое для аўтаў – прастор. І нічога, што ў гістарычным цэнтры. Пакуль гарады ўсяго свету становяцца ўсё больш камфортнымі для пешаходаў і адпачынку, улады некаторых гарадоў Беларусі выбралі рух у адваротным кірунку.

Замест дрэваў і шырокіх ходнікаў – пашырэнне дарогі да чатырох палосаў. Гэткі рай для аўтамабілістаў за кошт пешаходаў вырашылі стварыць гомельскія ўлады на вуліцы Пралетарскай. Як і ў большасці беларускіх гарадоў, за савецкім тапонімам хаваецца гістарычнае ядро гораду.

ЖЫХАРЫ ГОМЛЮ:

«Машыны трэбы прыбраць. Таму што вельмі загружана, вельмі загружана».

«Я пераймаюся нават, калі маленькія дрэўца высякаюць, таму непасрэдна на гэтай вуліцы ўсё павінна застацца ў некранутым выглядзе».

Змяншэнне шырыні тратуараў і высяканне дрэваў пагражае не толькі экалагічнай сітуацыі, але і захаванасці ўнікальных архітэктурных помнікаў – сядзібаў стараабрадцаў.

ЯЎГЕНІЯ ПАРАШЧАНКА, ГАМЯЛЬЧАНКА:

«Горад ператвараецца ў хуткасную магістраль, горад быццам гэта аўтастрада. Быццам гэта не месца людзей, якія мусяць гуляць пад дрэвамі, дыхаць звычайным паветрам».
Яўгенія ўваходзіць у склад групы неабыякавых гамельчукоў, якія спрабуюць выратаваць гістарычны цэнтр. Актывісты пачалі гуртавацца, каб патрабаваць ад уладаў празрыстага грамадскага абмеркавання.

АЛЯКСАНДР ГЕРТ, ЧАЛЕЦ БЕЛАРУСКАЙ ХРЫСЦІЯНСКАЙ ДЭМАКРАТЫІ:

«Мы кансультаваліся з адмыслоўцамі ў горадабудаўніцтве і было адназначна выказана меркаванне, што з цэнтру гораду транспартавыя плыні трэба наадварот выводзіць, а гарадскія ўлады займаюцца тым, што наадварот гэтыя плыні ў цэнтр гароду заманьваюць».

Рэканструкцыя чакае і плошчу Леніна, колішнюю Базарную: тут пабудуюць два падземныя пераходы. Аднак, паводле архітэктара Сяргея Ляпіна, такое радыкальнае ўмяшанне ў гістарычны ландшафт плошчы – недапушчальнае.

СЯРГЕЙ ЛЯПІН, АРХІТЭКТАР:

«Яна мае вельмі даўгую гісторыю, на ёй было шматабʼектаў, і ў першую чаргу пры будаўніцтве падземных пераходаў на ёй пад пагрозаю знішчэння трапляюць фундаменты, якія знаходзяцца пад асфальтам плошчы. І пры будаўніцтве гэтых пераходаў аднаўленне напрыклад знакамітага гомельскага касцёла, які пабудаваў у пачатку 19-га стагоддзя пабудаваў Джон Кларк, становіцца нерэальным».

Праект адбудовы на плошчы касцёлу Унебаўзяцця Панны Марыі, які перад вайною знішчылі бальшавікі, краязнаўцы прэзентавалі нядаўна: з 3D-мадэлямі і прапановамі, як размясціць будынак на плошчы. Але, відаць, такія праекты для ўладаў малапрыбытковыя. Прасцей ператварыць горад у транспартавую развязку, транзітную магістраль і адну вялікую паркоўку.

Таццяна Рэут, belsat.eu

Болей навін