Выбаршчыкі Віцебска напісалі ліст дэпутату Палаты прадстаўнікоў Сяргею Бохану
Алёна Шабуня, член стваранай партыі БХД, перадала ў рэдакцыю bchd.info адкрыты ліст выбаршчыкаў Віцебска дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання па Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акрузе №19 Сяргею Бохану.
Чатыры гады таму ў сваёй перадвыбарнай праграме (“Віцьбічы” 15 верасня 2012 года) ён даваў абяцанні сваім выбаршчыкам. Прыйшоў час падводзіць вынікі праведзенай працы. У сувязі з гэтым, наспелі пытанні, заснаваныя на абяцаннях, і на якія выбаршчыкі чакаюць канкрэтных адказаў ад Сяргея Бохана.
– Сяргей Мікалаевіч, што менавіта Вы зрабілі для забеспячэння палітычнай і эканамічнай стабільнасці нашай дзяржавы і як гэта паўплывала на павышэнне дабрабыту грамадзян?
– Колькі адкрыта сучасных вытворчасцей?
– Як менавіта ўдасканалена сістэма падаткаабкладання? Наколькі яна спрошчаная і зніжаны падатковы цяжар? Вы абяцалі, што гэтыя змяненні будуць спрыяць мадэрнізацыі вытворчасці і павышэнню зарабкаў. На колькі і ў каго вырасла зарплата за чатыры гады?
– Якую падтрымку атрымліваюць маладыя сем’і? Якія створаны ўмовы для дэмаграфічнага росту, павелічэння працягласці жыцця і нараджальнасці?
– Як забяспечваецца годны ўзровень пенсій і сацыяльных дапамог?
– На колькі павышаны заробак работнікам сацыяльнай сферы, медыцыны, культуры?
Таксама Вы абяцалі сваім выбаршчыкам:
– капітальный рамонт жылога фонду, добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый, арганізацыю сучасных дзіцячых і спартыўных пляцовак;
– будаўніцтва аўтамабільнага пуцеправода ў раёне Полацкага рынка;
– перапрафіляванне ААТ «Віцебскі вінаробны завод» на выпуск новай безалкагольнай прадукцыі;
– працяг рэканструкцыі вуліц Гагарына, Цітова, Ленінградскай, будаўніцтва новага жылля і бізнес-цэнтраў;
– вырашэнне пытанняў прыватнай забудовы (асфальтаванне вуліц, паляпшэнне асвятлення, газіфікацыя, водазабеспячэнне);
– правядзенне электрыфікацыі чыгуначных шляхоў па маршруце Віцебск-Орша, што дасць магчымасць выкарыстоўваць сучасныя электрацягнікі і палепшыць экалагічную абстаноўку ў рэгіёне;
– стварэнне ўнутрыгарадскога чыгуначнага маршруту, які злучыць вакзал і мікрараёны, якія актыўна забудоўваюцца;
– рэалізацыя праекта выкарыстання высакахуткасных рэйкавых аўтобусаў па маршрутах Віцебск – Гарадок, Віцебск – Лёзна, Віцебск – Багушэўск;
– стварэнне Міжнароднага Шагалаўскага цэнтра ў правабярэжным гістарычным раёне па вуліцы Пакроўскай і музейнага комплексу па вуліцы Калініна з прыцягненнем інвестараў.
Сяргей Мікалаевіч, “як грамадзянін, адданы роднаму краю”, што Вы зрабілі для таго, каб “бачыць Беларусь і наш рэгіён квітнеючымі і дынамічна развіваючымі, а жыхароў – заможнымі, якія маюць спакой, радасць, здароўе і ўпэўненасць у заўтрашнім дні”?