Стан роднай сястры Васіля Быкава цяжкі, але лепшы, чым быў
Стан роднай сястры Васіля Быкава, якая моцна пацярпела пасля нападу невядомых, трошкі палепшыўся. “Стан спадарыні Валянціны цяжкі, але ўжо лепшы, чым быў”, – распавёў каардынатару аргкамітэту Партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” па Віцебшчыне Таццяне Севярынец загадчык рэанімацыйнага аддзялення, у якім знаходзіцца пацярпелая.
“Як толькі ў справачным бюро Віцебскай абласной бальніцы даведаліся, што мы хочам наведаць Валянціну Уладзіміраўну Быкаву, спачувальна выпісалі нам пропуск да загадчыка аддзялення за дазволам на сустрэчу. Шукаючы загадчыка, мы як раз знайшлі палату №9 у нейрахірургічным аддзяленні. Спадарыня Валянціна драмала, але пачуўшы мяне, адкрыла вочы, пазнала, у вачах мільганула ўсмешка. Я толькі паспела пацалаваць у шчочку, пажадаць хутчэйшага выздараўлення, аддаць медсястрычцы перадачу, як мяне выправілі з палаты. Лякуючы доктар ахарактэрызавала стан спадарыні Валянціны як цяжкі. Падрабязнасці казаць адмовілася. Загадчык аддзялення запэўніў, што ідзе паляпшэнне. Мы вельмі чакаем і спадзяемся: спадарыня Валянціна справіцца з гэтай навалай, а вінаваты будзе выкрыты і атрымае справядлівае пакаранне”, – адзначыла Таццяна Севярынец.