У Віцебску прасочаць, каб у гарадскім транспарце не было расійскіх сцяжкоў
Філіялу “Аўтобусны парк №1 г.Віцебска” ААТ “Віцебскаблаўтатранс” і УКТП “Віцебскае трамвайна-тралейбуснае кіраванне” дадзеныя ўказанні надаць адмысловую ўвагу выкананню патрабаванняў ПДР пры выпуску рухомага саставу на лінію. Пра гэта гаворыцца ў адказе начальніка аддзелу жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага гарвыканкаму Сяргей Саглаева на зварот каардынатара аргкамітэту Партыі БХД Таццяны Севярынец.
У прыватнасці, гэта тычыцца п.37 Прыкладання да ПДР, паводле якога на шклах і аконных праёмах транспартнага сродку не павінны ўсталёўвацца не прадугледжаныя яго канструкцыяй дадатковыя прадметы.
Таццяна Севярынец даслала зварот у Віцебскі гарвыканкам з патрабаваннем навесці ў грамадскім транспарце ідэалагічны парадак. Ёй не раз прыходзілася патрабаваць у кіроўцаў грамадскага транспарту, каб здымалі савецкія і расійскія сцяжкі, якія прымацоўваюцца перад лабавым шклом. “Дэманстрацыя палітычных поглядаў у грамадскім транспарце непрымальная, тым больш у сённяшніх умовах ціхай анэксіі Расеяй Беларусі”, – адзначыла яна.