Кандыдаты ад Правацэнтрысцкай кааліцыі пойдуць да канца
Патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты ад Правацэнтрысцкай кааліцыі ў выпадку рэгістрацыі не маюць намеру здымаць свае кандыдатуры падчас выбарчай гонкі, заявілі лідары кааліцыі 4 ліпеня ў Менску ля галоўнага ўваходу ў Цэнтральны батанічны сад на пікеце па вылучэнні кандыдатам намесніка старшыні руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча.
«Адсутнасць моцных кандыдатаў у бюлетэнях – гэта падарунак Ярмошынай і тым, хто імкнецца сфальсіфікаваць выбары. Таму што гульня беларускіх уладаў застаецца нязменнай: гэта прызначэнне так званай апазіцыі ў парламент і выдача гэтага за дэмакратызацыю, якая адбылася ў Беларусі», – заявіў сустаршыня аргкамітэту партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, піша БелаПАН.
Паводле яго слоў, зняцце апазіцыйных кандыдатаў стане падарункам уладам, «таму што ім тады фальсіфікаваць будзе няма чаго». Палітык адзначыў, што ад кааліцыі па ўсёй краіне маюць намер вылучацца больш за 90 чалавек. Частка з іх маюць намер вылучацца па партыйным спісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
У сваю чаргу старшыня АГП Анатоль Лябедзька заявіў, што тактыка зняцця мела пэўны попыт у 2012 годзе, калі была магчымасць заклікаць да байкоту. «Сёння такой магчымасці няма, і наша галоўная задача – каб як мага большая колькасць людзей падчас эканамічнага крызісу прагаласавалі за выбар правацэнтрыстаў, за новы эканамічны курс, еўрапейскі выбар, палітычныя рэформы», – сказаў ён.
«Для чаго мы ідзем у гэтую кампанію? Менавіта для таго, каб выходзіць у цэнтр Мінска, Бабруйска, Смаргоні, размаўляць з людзьмі і даносіць нашу пазітыўную альтэрнатыву. Мы бачым абсалютнае банкруцтва уладаў, мы бачым поўны эканамічны тупік», – працягнуў палітык, распавёўшы таксама пра намер сабраць доказы таго, што выбары “праводзяцца не ў адпаведнасці са стандартамі АБСЭ”.