На вуліцах вёсак і мястэчак Бабруйшчыны лунаюць бел-чырвона-белыя сцягі (фота)
Беларускія хрысціянскія дэмакраты 8 ліпеня праводзяць сустрэчы пад бел-чырвона-белым сцягам у мястэчках і вёсках Бабруйшчыны. У прыватнасці, сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі, Магілёўскі абласны каардынатар БХД Таісія Кабанчук і лідар МХД Бабруйска Арсень Чыгір наведалі Бабруйскі і сумежныя раёны, дзе правялі шэраг пікетаў і сустрэч з выбаршчыкамі пад лозунгам “Час мяняць уладу – альтэрнатыва ёсць”.
“Людзі вельмі ахвотна ставілі подпісы за праект рэформ, у падтрымку прамоўцаў БХД нават у такіх мястэчках як Кіраўск. Магчыма, першы раз за 20 гадоў пасля скасавання дзяржаўнасці нашай нацыянальнай сімволікі гэтыя мястэчкі пабачылі бел-чырвона-белыя сцягі на вуліцах. Людзі мелі магчымасць бяспечна і легальна паразмаўляць з апазіцыяй, дэмакратычнымі сіламі. І мае ўражанні такія, што нават беларуская глыбінка сёння мяняецца, людзі супраць уладаў. Канечне, яшчэ ёсць страх, ёсць неразуменне людзьмі таго, што перамены залежаць ад іх персанальна, але тым не менш усе людзі скардзяцца на цяжкое жыццё і актыўна ставяць подпісы і падтрымліваюць дэмакратычную апазіцыю”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі ў каментары прэс-службе БХД.
“Мы працягнем з людзьмі гэту працу. Нам неабходна давесці да людзей, што ўлада адбірае ў іх права выбару, што выбары фальсіфікуюць, а таксама неабходна далучаць гэтых людзей да хрысціянскай дэмакратыі. Даць людзям зразумець, што перамены магчымыя толькі тады, калі людзі будуць за іх змагацца”, – падкрэсліў ён.
Таксама зараз праходзяць супольная сустрэчы Правацэнтрыскай кааліцыі (БХД, АГП, Рух за Свабоду) з грамадзянамі ў Бабруйску. Пазней плануецца правесці пікеты і ў Асіповіцкім раёне.
Апроч таго, 8 ліпеня ў Магілёве пачаліся першыя пікеты прамоўцы МХД Андрэя Бодзілева, а таксама была зарэгістраваная ініцыятыўная група магілёўскага каардынатара БХД Алега Аксёнава.