У Гомелі плануюць правесці перфоманс супраць рэканструкцыі гістарычнага цэнтра
Аргкамітэт па стварэнні партыі БХД па Гомельскай вобласці мае намер правесці перфоманс «Наезд на плошчу» для таго, каб прыцягнуць увагу гараджан і гарадскіх уладаў да праблемы рэканструкцыі вуліц гістарычнага цэнтра Гомеля.
«Рэканструкцыя плошчы Леніна ў Гомелі як была не зусім законнай, такой і застаецца, нягледзячы на тое, што ў чэрвені УП «Упраўленне капітальнага будаўніцтва г.Гомеля» атрымала ад Міністэрства культуры дазвол на правядзенне навукова-даследчых і праектных работ па прыладзе падземных пешаходных пераходаў на плошчы Леніна», – гаворыцца ў заяве абласнога аргкамітэта.
«Перфоманс «Наезд на плошчу» можа праваахоўнымі органамі тлумачыцца як парушэнне Закона аб масавых мерапрыемствах, але мы ідзем на гэта, з іх пункту гледжання, парушэнне таму, што ў нас няма іншых магчымасцяў: перапіска з уладамі была безвыніковай, грамадскае абмеркаванне дадзенай праблемы не прадугледжана дзеючым Заканадаўствам, да дзяржаўных СМІ мы не дапушчаныя», – заяўляюць у гомельскай БХД.
Рэканструкцыя плошчы Леніна – гэта другі этап рэканструкцыі вуліц гістарычнага цэнтра Гомеля. «Першым этапам была рэканструкцыя вуліцы Кірава і чым усё скончылася мы бачым і адчуваем кожны дзень. Мы хочам, каб у нашым горадзе такіх анамальных, некамфортных для пешаходаў зон, не было», – адзначылі гомельскія актывісты.