Слонімцы занепакоеныя змяншэннем заробкаў і адсутнасцю добрай працы (фота)
23 і 24 ліпеня слонімскія хрысціянскія дэмакраты правялі чатыры пікеты па зборы подпісаў за вылучэнне Алеся Масюка кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Слонімскай выбарчай акрузе № 58.
У суботу пікеты праходзілі ў Жыровічах і каля цэнтральнага рынку Слоніма. У нядзелю было праведзена два пікеты ў Зэльве – адзін на рынку, а другі каля крамы “Еўраопт”. Падчас пікетаў грамадскія актывісты раздавалі мінакам улёткі “Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю”, “У абарону жыцця” , “За годную і якасную медыцыну” і збіралі подпісы ў абарону жыцця.
Да прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы перыядычна падыходзілі выбаршчыкі і дзяліліся набалелымі праблемамі. Людзі занепакоены штодзённым пагаршэннем эканамічнай сітуацыі, змяншэннем заробкаў і адсутнасцю добрай працы. Таксама грамадзяне выказвалі шмат нараканняў на працу чыноўнікаў.