Віталь Рымашэўскі ў Глуску: у рэгіёнах растуць пратэстныя настроі (фота)
26 ліпеня сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі разам з прамоўцамі БХД Аляксандрай Сьянавай і Таісіяй Кабанчук наведаў Глуск, а таксама вёскі Бабруйшчыны.
Людзі актыўна ставілі свае подпісы ў падтрымку Аляксандры Сьянавай. Многія дзякавалі і казалі, што ўпершыню ўбачылі ў горадзе беларускую апазіцыю.
“Сёння ўжо сціраецца мяжа паміж рэгіёнамі і Менска. Я не знаходжу вялікіх разыходжанняў паміж жыхарамі рэгіёнаў і Менска ў іх пратэстных настроях супраць дзеючай улады. Гэта абсалютна новая якасць. Відаць, што многія чытаюць інтэрнэт, валодаюць незалежнай інфармацыяй. У хуткім часе ўсе беларусы будуць з’яднаныя супраць палітыкі існуючай улады па рабаванні і запалохванні народу. Гэта наша зямля, наша краіна, мы павінны пазбавіць людзей ад страху і вярнуць уладу народу”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі.
Аляксандра Сьянава, прадпрымальніца:
“Я сама зарабляла сабе грошы, прыносіла прыбытак дзяржаве, але ў апошнія гады ўлады стварылі такія ўмовы, у якіх працаваць немагчыма. Наша фірма, якая давала працу дзясяткам людзей, была вымушаная скарачаць людзей з прычыны дзейнасці падаткавай, якая накладала штрафы проста з мэтай абрабаваць прадпрымальнікаў. Гэтак жа знішчаецца і беларуская эканоміка, і дабрабыт беларускіх сем’яў. Я ўдзельнічаю ў гэтай кампаніі дзеля таго, каб зрабіць усё, што ў маіх сілах, каб спыніць руйнаванне нашай эканомікі і знішчэнне нашай краіны”.