Віталь Рымашэўскі ў Крычаве: задача – дайсці да максімальнай колькасці рэгіёнаў Беларусі (фота)
Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, прамоўцы Таццяна Шамбалава і Алег Аксёнаў наведалі Чэрыкаў, Чавусы і Крычаў, на вуліцах якіх прайшлі пікеты і сустрэчы з выбаршчыкамі.
“Я нарадзілася ў гэтых мясцінах, і з году ў год я бачу, як мой родны Чэрыкаў, які некалі меў магдэбургскае права, дэградуе і страчвае насельніцтва, бо людзі едуць па заробкі ў буйныя гарады. Адрадзіць беларускія рэгіёны можа толькі змена ўлады, змена курсу на наданне большых паўнамоцтваў рэгіёнаў, развіццё фермерства. Улады выдаткоўваюць мільярды на падтрымку калгасаў, спрабуючы знішчыць і задушыць прыбытковых фермераў. Гэтую практыку трэба спыніць”, – адзначыла Таццяна Шамбалава.
“Гэтыя паездкі ў рэгіёнах надаюць мне натхнення на далейшую працу, калі людзі, як у Крычаве, спыняюць машыны, каб выказаць падтрымку і паставіць подпіс у падтрымку дэмакратычнага прамоўцу. Калі людзі незалежна ад нацыянальнасці станоўча рэагуюць на бел-чырвона-белы сцяг – гэта дае спадзеў, што перамены ў Беларусі магчымыя. Наша задача – дайсці да максімальнай колькасці рэгіёнаў Беларусі, каб сабраць актыўных людзей, далучыць іх да нашых шэрагаў і далучыць іх да змагання”, – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.