Віцебская абласная камісія не ўбачыла парушэння ў зборшчыкаў ад БРСМ
Віцебская абласная выбарчая камісія не ўбачыла парушэнняў выбарчага заканадаўства ў тым, што подпісы за праўладнага вылучэнца па Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акрузе №19 Васіля Чэкана сябры яго ініцыятыўнай групы Васільева і Уланчава на пікеце БРСМ 21 ліпеня збіралі з выбарцаў па ўсім горадзе.
За подпісам намесніка старшыні абласной камісіі Г.А. Філіпенкі прамоўцы БХД Таццяна Севярынец і Алена Шабуня атрымалі адказ на сваю скаргу аб парушэнні арт.65 ВКБ.
“Маўляў, сядзелі сабе дзяўчаты на тым пікеце. Мелі права, дадзенае законам. Зразумела, мы не маглі пакінуць без увагі такі адказ, па атрыманні якога адразу накіраваліся ў абласную камісію па тлумачэнні. Дзяжурыла Зоя Карпаўна Крот, якая сама на пачатку новай эры была дэпутатам парламенту. Паспрабавала Зоя Карпаўна нічога не зразумець з нашае гарачае прамовы, пачытала скаргу, адказ, адкрыла Выбарчы кодэкс, знайшла артыкул, задумалася, дастала “Практычны дапаможнік”.. “Гэта, парушэнне!” – вымушана прызналася яна”, – адзначыла Таццяна Севярынец.
Актывісты напісалі скаргу ў сшытак і паабяцалі накіраваць скаргу і ў ЦВК, хаця іх і папрасілі дазволіць разабрацца “тут”.
Ад абласной пракуратуры адказу пакуль няма.