На выданне “Беларускай хрысціянскай азбукі” засталося сабраць менш паловы сродкаў
На краўдфандынгавай платформе “Talaka.by” ужо месяц ідзе збор сродкаў на выданне 1000 асобнікаў “Чытанкі-маляванкі”. Праз платформу сабрана ўжо 28% патрэбных сродкаў, прыблізна столькі ж – праз прыватныя ахвяраванні. Такім чынам, палова справы ўжо зроблена – і застаўся яшчэ месяц, каб завершыць яе.
Дарэчы, што адметна, ахвяраванні робяць вернікі ўсіх канфесій – праваслаўныя, рыма-і-грэка-каталікі ды пратэстанты: вядома, што агульнай для ўсіх хрысціян дзіцячай азбукі ў Беларусі дагэтуль не было.
Аўтар вершаў для “Беларускай хрысціянскай азбукі” – паэт Кастусь Севярынец, малюнкаў – Аляксандра Дзежыц. Кожнай літары беларускага алфавіту адпавядае верш і малюнак, а таксама размалёўка. Агулам у кніжцы-размалёўцы 68 старонак.
Нагадаем, першапачаткова прадстаўнікі “Талакі” адмовіліся размяшчаць гэты праект, спаслаўшыся на ягоную “рэлігійнасць”. Але пасля абурэння грамадскасці і кансультацыяў з экспертамі кіраўніцтва “Талакі” прыняла рашэнне ўвогуле зняць забарону на размяшчэнне рэлігійных праектаў і распачаць збор сродкаў на выданне “Чытанкі-хрысціянкі”. Праект можна паглядзець і падтрымаць тут.
Той, хто ахвяруе грошы, атрымлівае ад арганізатараў адмысловыя падарункі – асобнікі азбукі, магніты з літарамі, сямейную фотасэсію і так далей.
Для таго, каб ахвяраваць сродкі на выданне “Беларускай хрысціянскай азбукі” і атрымаць падарунак, дастаткова прайсці па спасылцы ў інтэрнэце і выбраць суму. “Талака” паведаміць Вам, якім спосабам Вы можаце зрабіць унёсак і забраць прыз. Калі ўзнікнуць цяжкасці – просім звязвацца з кіраўніком праекта (29) 593 71 60 (Вольга).