Праўладны кандыдат ладзіць пікеты, хаця і здаў дакументы ў выбаркам
Праўладны кандыдат, сябар Кампартыі і старшыня Фрунзенскай арганізацыі “Белай Русі” Віктар Місявец, які балатуецца ў Менску па Дамброўскай выбарчай акрузе № 103, хаця і падаў дакументы ў выбаркам на рэгістрацыю кандыдатам, працягвае ставіць свае пікеты.
“Я патэлефанавала ў ЦВК, дзе мне сказалі, што пікеты могуць стаяць толькі для збору подпісаў, і калі кандыдат ужо дакументы падаў, то ніякіх пікетаў ён ставіць ужо не можа. Але яны стаяць і на “Скале”, і на “Алмі””, – адзначыла прамоўца БХД па акрузе, лідар Хрысціянска-дэмакратычнага руху Вольга Кавалькова.
Гэта не першае парушэнне на пікетах Місяўца. Раней там раздаваліся буклеты з яго біяграфіяй. На скаргу ў акружную камісію, прадстаўнікі сябра КПБ і “Белай Русі” заявілі, што Вольга Кавалькова вырвала буклет у іх і ўцякла. “Напэўна, уцякла разам са сваім пікетам у руках”, – жартуе прамоўца БХД.
Афіцыйна, яму патлумачылі, што на пікетах раздача друкаванай прадукцыі немагчымая.
Разам з тым па меры сканчэння часу, вылучанага для збору подпісаў, супрацоўнікі міліцыі і службаў аховы пачынаюць наглець, заявіў адказны сакратар аргкамітэту БХД Дзяніс Садоўскі. “Пачынаюць чапляцца да сцягоў. Так, на супольным пікеце Марыны Хоміч і Вольгі Кавальковай каля супермаркету “Грын” падыйшла ахова і сказала здымаць сцягі, бо яны, маўляў, прывязаныя да слупоў, якія належаць краме. Раней ніякіх пытанняў наконт гэтага не ўзнікала. Паўгадзіны перашкаджалі збіраць подпісы, пагражалі выклікаць міліцыю і гэтак далей”, – адзначыў ён.
Нагадаем, што БХД удзельнічае разам з іншымі дэмакратычнымі структурамі ў кампаніі назірання “Права выбару-2016”.