Дзяніса Дашкевіча знялі з выбараў за рэкламу сайта “Рагачоў Онлайн” ў Google
Прадстаўніка Беларускай хрысціянскай дэмакратыі па Рагачоўскай выбарчай акрузе Дзяніса Дашкевіча ўлады горада здымаюць з выбарчай гонкі. Пра гэта стала вядома 10 жніўня падчас пасяджэння мясцовага выбаркама.
І калі ў 2012 годзе ўлады здымалі дэмакратычнага кандыдата з-за нібыта недакладныя подпісы, то ў гэты раз чыноўнікі вырашылі зняць яго за тое, што ён нібыта не ўказаў у дэкларацыі аб даходах грашовы перавод з Ірландыі, ад кампаніі “Google”.
Сам жа Дашкевіч лічыць дзеянні ўладаў горада прыступам неадукаванасці:
«Я сапраўды пералічваў грошы ў рэкламную сетку Google для рэкламы сваіх праектаў у інтэрнэце, у тым ліку праекта “Рагачоў Онлайн”. Аднак усе грошы, пералічаныя ў Google, я расходаваць не стаў, частка залічаных сродкаў я перыядычна вяртаў на валютны рахунак у “Альфабанк”, і пазней перанакіроўваў іх на рэкламу ўласных праектаў у сацыяльных сетках Вконтакте і Фэйсбук, а таксама залічваў на рахунак рэкламнай сеткі “Яндэкс”. Кажучы простымі словамі, рагачоўскія чыноўнікі палічылі рэшту ў краме прыбыткам. Тое, што ў нас чыноўнікі і прадстаўнікі райвыканкама людзі ў IT-сферы вельмі блізкія, гэта ні для каго не сакрэт, але такога ідыятызму я не чакаў нават ад нашых чыноўнікаў. Дарэчы, чаго здзіўляцца, што гэтыя людзі ў пух і прах развалілі эканоміку цэлай краіны, калі яны ў іх няма разумення ў элементарных рэчах, як сёння працуюць рэкламныя сеткі ў інтэрнэце?
Хоць думаю, у цэлым яны выдатна разумеюць, што вяртанне сродкаў з рэкламных сетак, артыкульных біржаў і іншага не можа з’яўляцца прыбыткам. Ім трэба была проста фармальная прычына зняць кандыдата, які нёс для ўладаў сур’ёзную небяспеку”.
Цікава, што ў момант зняцця Дашкевіча з выбараў, у райвыканкаме таксама прысутнічаў дырэктар ААТ “РМКК” Іван Калупаха.
Актывіст БХД лічыць, што гэта не выпадковасць.
“За апошнія месяцы нам удалося сабраць даволі адчувальны кампрамат на дырэктара РМКК, у тым ліку і па тым, як з яго падачы, у Рагачове наўмысна знішчаюць падшэфныя гаспадаркі. Ён выдатна ведаў, і ўлады гэта ведалі, што я збіраўся агучыць факты карупцыі на РМКК у эфіры БТ. Відавочна, улады горада былі не зацікаўленыя, каб у эфіры дзяржаўнага тэлеканала на ўсю краіну я расказаў пра ўсё, што на самой справе вытварае кіраўнік камбіната. Ім было трэба тэрмінова ліквідаваць мяне, як кандыдата ў дэпутаты, каб не даць мне эфір на дзяржаўным ТБ. Прысутнасць Калупахі ў райвыканкаме не выпадковасць, і ён адзін з тых людзей, хто быў зацікаўлены ў ліквідацыі мяне, як кандыдата ў дэпутаты.
Варта нагадаць, што паводле апытанняў ў сацыяльных сетках і на сайце “Рагачоў Онлайн”, за Дзяніса Дашкевіча было гатова галасаваць каля 40% выбаршчыкаў. На другім месцы з 23% ўпэўнена ішоў Уладзімір Літоўчанка, якога ўлады зарэгістравалі. Кандыдат Шчэпаў ледзь набірае 12% галасоў.
Дзяніс Дашкевіч заклікае сваіх прыхільнікаў падтрымаць на выбарах Уладзіміра Літоўчанку.