«Жанчыны супраць фальсіфікацый”: у камісіях сядзяць людзі, якія не ведаюць выбарчае заканадаўства (відэа)

11 жніўня 2016 15:49  |  Палітыка

«Жанчыны супраць фальсіфікацый”: у камісіях сядзяць людзі, якія не ведаюць выбарчае заканадаўства (відэа)

Зрабіць выбар на карысць сумленных і празрыстых выбараў. Гэткі заклік актывісткі грамадзянскай ініцыятывы «Жанчыны супраць фальсіфікацыяў» адрасавалі чальцам выбарчых камісіяў. То бок туды, дзе большасць складаюць таксама жанчыны і дзе найчасцей фіксуюць фальсіфікацыі – ці то наўмысныя, ці то такія, якія вынікаюць з няведання заканадаўства.

ВОЛЬГА КАВАЛЬКОВА, ПРЭТЭНДЭНТКА Ў ДЭПУТАТЫ, МЕНСК:

«Ужо, напэўна, момантаў дзесяць было, калі я ў ЦВК тэлефанавала наўпрост – і яны таксама не ведалі! Казалі: маўляў, зараз мы даведаемся ў сваіх аддзелах – відавочна, што яны самыя непадрыхтаваныя, заканадаўства не ведаюць, але патрабуюць гэта ад нашых людзей і ўключаюць у камісіі людзей, якія гэтым заканадаўствам не валодаюць».

Прадстаўніцы адразу 9 палітычных партыяў і арганізацыяў з розных куткоў Беларусі прэзентавалі сваю ініцыятыву напярэдадні апошняга дня рэгістрацыі кандыдатаў. Незалежныя прэтэндэнткі на месца ў Палаце прадстаўнікоў цвердзяць: па ўсёй краіне карціна аднолькавая – праўладным вылучэнцам паўсюль «зялёнае святло», нягледзячы на шматлікія парушэнні, а вось іх апанентам – пагрозы, правакацыі ды іншыя перашкоды.

АЛІНА НАГОРНАЯ, ПРЭТЭНДЭНТКА Ў ДЭПУТАТЫ, СЛУЦК:

«На пікетах, па-першае, пагражалі. І нават прызнаваліся людзі, што яны былыя супрацоўнікі КДБ, і пагражалі: маўляў, ты нават не прачнешся! Але я прачнулася, усё нармальна. Намагаліся прадаваць подпісы – па 10 тысяч рублёў за подпіс. Здымалі, стаялі па дзве машыны».

ТАЦЦЯНА СЕВЯРЫНЕЦ, ПРЭТЭНДЭНТКА Ў ДЭПУТАТЫ, ВІЦЕБСК:

«Заўвагаў ад акруговай камісіі да мяне ніякіх няма. Але заўвагу робіць і распачала адміністрацыйную справу віцебская міліцыя. У прыватнасці, не спадабалася намесніку старшыні Упраўлення міліцыі аблвыканкаму Ігару Скарыновічу тое, што мы спявалі «Магутны Божа»».

АЛЕНА ЛУЦКОВІЧ, КАНДЫДАТКА Ў ДЭПУТАТЫ, КАЛІНКАВІЧЫ:

«За праўладнага кандыдата подпісы збіраюцца на працоўных месцах у загадным ладзе з пагрозамі людзям: маўляў, не працягнем кантракт, калі не падпішаце! Тое, што яны даюць ужо інфармацыю ў мясцовыя праўладныя раённыя газеты – не вытрымліваецца парытэт».

Гэткая атмасфера збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў, паводле назіральнікаў, не дае ніякіх ілюзіяў і наконт сумленнасці наступных этапаў выбарчай кампаніі: асноўныя фальсіфікацыі чакаюцца ў час датэрміновага галасавання. Зрэшты, заўважаны і новы трэнд: злачынствы здзяйсняюцца не непасрэдна на ўчастках, а ў цішы кабінетаў – падалей ад чужых вачэй.

ВІКТАР КАРНІЕНКА, КААРДЫНАТАР КАМПАНІІ «ЗА СПРАВЯДЛІВЫЯ ВЫБАРЫ»:

«Апошнім часам акцэнт змяшчаецца ў бок выніковага пратакола. Фактычна, усё можа быць завуалявана, назіральнік можа нешта бачыць, некалі яго нават і за стол пускаюць, але пасля ў акруговай камісіі напісалі пратакол, які захацелі».

Менавіта таму актывісткі ініцыятывы «Жанчыны супраць фальсіфікацыяў» акрамя заклікаў да сумленнасці плануюць і нагадаць чальцам камісіяў пра тое, што тэрміну даўніны за парушэнне выбарчага заканадаўства не існуе. І справядлівасць усё роўна пераможа.

ВР, «Белсат»

Болей навін