Сёння – дабрачынны канцэрт Вайцюшкевіча памяці Чаркашына (+карта)
У аўторак 30 жніўня ў Менску па адрасе Тарханава 14 у актавай зале школы № 48 (побач з праспектам Пераможцаў, прыпынак Камсамольскае возера) пройдзе канцэрт знакамітага беларускага спевака Змітра Вайцюшкевіча. Канцэрт прысвечаны памяці Алеся Чаркашына, верніка і барда, капелана беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне, які загінуў год таму – і пройдзе ў рамках сустрэчы з выбарцамі хрысціянскай дэмакраткі Марыны Хоміч.
Нагадаем, 10 жніўня 2015 года былы кіраўнік Берасцейскай гарадской арганізацыі БХД Алесь Чаркашын быў цяжка паранены ў баі пад Старагнатаўкай на Данбасе, а 28 жніўня памёр ад ранаў.
Падчас канцэрта можна будзе зрабіць ахвяраванні на помнік Алесю Чаркашыну, які плануецца адкрыць на могілках пад Берасцем на дзень нараджэння Алеся 27 верасня.
Пачатак сустрэчы – а 17.30. Уваход вольны. Запрашаем!