Мікола Баўсюк: Людзі бачаць бел-чырвона-белы сцяг і ідуць
Да пікетаў БХД, якія ў гарадзенскім мікрараёне Дзевятоўка агітавалі за Мікалая Баўсюка, які ідзе кандыдатам па 52-й Гарадзенскай-Ленінскай выбарчай акрузе, утвараліся чэргі. Жыхары раёна падыходзілі пазнаёміцца з самім кандыдатам, што не толькі раздаваў свае ўлёткі, але і гуляўся з маленькай унучкай пад бел-чырвона-белым сцягам. Што прываблівае гарадзенцаў на пікетах БХД – распавядае Мікалай Баўсюк:
– Я не бачу вялікіх цяжкасцяў тут. Людзі бачаць бел-чырвона-белы сцяг і ідуць. Яны самі між сабой спрачаюцца: чалавек, які падтрымлівае нашу краіну і незалежнасць, беларускамоўны, адданы Беларусі, перапыняе тых, хто выступае супраць. З вялікай лёгкасцю людзі ідуць да сцяга і бачаць, хто тут стаіць.
Мікалай Баўсюк – чалавек пенсійнага ўзросту, але, па яго словах, гэта перавага, бо ён мае больш часу займацца выбарамі. На акрузе з ім ідуць таксама прадстаўнік “Гавары праўду!” і Партыі БНФ, а таксама праўладны кандыдат Тамара Даўгашэй з гарадзенскага абласнога кардыялагічнага цэнтра.