Назіральнікі прапаноўваюць выбарчым камісіям правесці адкрыты і галосны падлік галасоў
Па стане на 11-00 раніцы ў першы дзень датэрміновага галасавання па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь некаторыя з назіральнікаў кампаніі “Права выбару-2016” сутыкнуліся з перашкодамі пры акрэдытацыі ва ўчастковых выбарчых камісіях.
Агулам на 11 выбарчых акругах, дзе вядзецца татальнае назіранне кампаніяй “Права выбару-2016” акрэдытацыю прайшлі 850 назіральнікаў на ўсіх 425 выбарчых участках. Астатнія назіральнікі па 14 выбарчых акругах (424 назіральнікі) далучацца да назірання ў асноўны дзень галасавання.
Нагадаем, што кампанія “Права выбару-2016” здзяйсняе татальнае назіранне на 11 выбарчых акругах: Брэсцкай-Усходняй №3, Віцебскай-Чкалаўскай №18, Магілёўскай-Цэнтральнай №85, Мінскай сельскай №76, Гомельскай-Цэнтральнай №33, Гродненскай-Цэнтральнай №51, Аўтазаводскай №92, Чкалаўская №96, Дамброўскай №103, Усходняй №107, Каліноўскай №108.
У большасці выпадкаў прычына адмовы ў акрэдытацыі была па віне ўчастковых выбарчых камісій.
Так, на выбарчым ўчастку №188, які размешчаны ў Мінску на Чкалаўскай выбарчай акрузе №96 члены выбарчай камісіі з-за адсутнасці старшыні камісіі адмовіліся акрэдытоўваць назіральнікаў.
На выбарчых участках №22 і №23, якія размешчаны на тэрыторыі Гродненскай-Цэнтральнай выбарчай акругі №51 назіральнікі не здолелі акрэдытавацца, так як на месцы ў працоўны час не было выбарчых камісій.
Адзін з каардынатараў кампаніі назірання “Права выбару-2016”, адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі лічыць, што ва ўсіх пералічаных выпадках прычын для неакрэдытацыі назіральнікаў кампаніі “Права выбару-2016” не было і на зрыў назірання гэтыя інцыдэнты ніякім чынам не паўплывалі.
– Назіральнікі кампанія “Права выбару-2016” пасля акрэдытацыі звярталіся з пісьмовымі прапановамі аб правядзенні адкрытага і галоснага падліку галасоў, каб сябры камісій кожны бюлетэнь лічылі асобна, дэманстравалі яго змест усім сябрам камісіі і назіральнікам, аднак ужо пры падачы гэтых прапаноў у некаторых выпадках іх заявы не прымаліся, альбо не задавальняліся. Усё гэта сведчыць пра тое, што выбарчыя камісіі ў чарговы раз гатовы арганізаваць “элегантныя” перамогі праўладным кандыдатам, – гаворыць Дзяніс Садоўскі.
У кампанію назірання за выбарамі “Права выбару-2016” уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, Аб’яднаная Грамадзянская партыя, “Рух “За Свабоду!”, Партыя БНФ, Беларуская партыя “Зялёныя”, незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэса.
Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў праз прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаваньне на іх.