Ксёндз Адам Станкевіч // Куфэрак Віленшчыны. – 2005. – № 1 (10).

13 кастрычніка 2009 23:30  |  Артыкулы

Сёння пра ксяндза Адама Станкевіча чуў кожны чалавек, што хоць трохі цікавіцца гісторыяй Беларусі. Імя гэтага выдатнага беларускага грамадска-палітычнага і культурнага дзеяча нарэшце пачало трапляць на старонкі энцыклапедыяў і даведнікаў. Доктар філасофскіх навук У. Конан нават прысвяціў яму невялікае манаграфічнае даследаванне. Не было таксама ніводнага нумара “Куфэрка Віленшчыны”, дзе не згадваўся б добрым словам беларускі ксёндз. Аднак асоба кс. Адама Станкевіча настолькі шматгранная, яго беларуская спадчына настолькі вялікая, а жыццёвы шлях настолькі ахвярны, што не прысвяціць яму асобны нумар часопіса было проста нельга. Дзесяцігоддзямі кс. Ад. Станкевіч быў асобай, якую спрабавалі пакінуць па-за гісторыяй. Афіцыйныя ўлады міжваеннай Польшчы (ды і кіраўніцтва касцёла таксама) вешалі на яго шыльду “камуніста”, кіраўніцтва БССР называла яго ня йначай, як “агентам польскай разведкі”. Чаму так было? Адказ на гэтае пытанне даволі просты. У цёмных 1930х гг., калі нацыянальны рух у БССР быў разгромлены, а палякі знішчалі апошнія беларускія школы ў Заходняй Беларусі, кс. Адам быў у шэрагу тых, хто цвёрда стаяў на пазіцыі Незалежнай Беларусі і адначасова спрыяў уключэнню беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў ў барацьбу з пагрозаю фашызма. Як і ўсе людзі кс. Ад. Станкевіч рабіў памылкі, але як культурнага дзеяча яго паважалі беларусы усіх палітычных накірункаў і арыентацыяў. Адышлі ў іншы свет не паспеўшы сказаць праўду пра кс. Адама заходнебеларускія камуністы Валянцін Таўлай і Піліп Пястрак, аднак паспеў Народны паэт Максім Танк, які ў адным з сваіх апошніх інтэрв’ю назваў кс. Адама “адным з культурнейшых, разумнейшых людзей”. Такіх сведчанняў можна узгадаць больш, але сэнс іх зводзіцца да аднаго – кс. Ад. Станкевіч быў вялікім, калі не найвялікшым, маральным аўтарытэтам на землях Заходняй Беларусі. Гэты артыкул павінен бліжэй пазнаёміць чытача з жыццём кс. Ад. Станкевіча і даць агульнае ўяўленне аб самых важных падзеях заходнебеларускай гісторыі. Нельга на некалькіх старонках распавесці пра ўсё ягонае жыццё, аднак няхай хаць гэта будзе нашым сціплым укладам у адраджэнне памяці пра выдатнага беларускага ксяндза.

 

Нарадзіўся Адам Вінцэнтавіч Станкевіч 24 снежня 1891 года па старому стылю (5 студзеня 1892 года па новаму стылю) у вёсцы Арляняты Крэўскай воласці Ашмянскага ўезда Віленскай губерні (цяпер Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці) і быў хрышчаны ў рыма-каталіцкім касцёле мястэчка Гальшаны. Бацькі Адама былі сялянамі і мелі каля паловы валокі зямлі (10 гектараў), што ставіла іх у шэраг небагатых, аднак даволі моцна стаяўшых на сваіх нагах гаспадароў.i Малы Адась належаў толькі да другога пакалення рыма-каталікоў у сваім родзе. Дзяды і бабулі яго былі ўніятамі, і нават старэйшыя браты і сёстры бацькоў кс. Адама яшчэ былі хрышчаныя ва уніяцкай царкве. Толькі пад час прымусовай ліквідацыі уніі ў 1839 г. частку з іх перавялі ў праваслаўе, а частка “ўхітрылася” прыняць лацінскае каталіцтва. Гэтая акалічнасць з’яўляецца вельмі важнай для тлумачэння светапогляду кс. Ад. Станкевіча, як ўжо сфармаваўшагася беларускага дзеяча. На прыкладзе сваіх калісці праваслаўных, а пасля уніяцкіх продкаў кс. Ад. Станкевіч выдатна разумеў першапачатковую “візантыйскую” аснову культуры беларускага народа і ўсю трагічнасць яго тагачаснага становішча, выражаную ў расколе нацыі на “рускіх” і “палякаў” па канфесійнай прыкмеце. Гэты факт можа ўспрымацца як доказ таму, што ідэі кс. Адама па адраджэнні царкоўнай уніі не мелі нічога агульнага з планамі лацінізацыі і тым больш паланізацыі беларусаў, а мелі на мэце толькі аднаўленне рэлігійнага адзінства народа.

Маці кс. Адама Антаніна Дасюкевіч нарадзілася ў 1866 г. і пражыла 88 гадоў, бацька – Вінцэнт, нарадзіўся ў 1856 г. і загінуў ад бандыцкага нападу 5 студзеня 1923 г., у дні, калі кс. Ад. Станкевіч пачынаў сваю дзейнасць у Сойме польскай дзяржавы.ii Па звестках М. Казлоўскага Адам Станкевіч меў як мінімум аднаго старэйшага брата – Валянціна (быў забіты пад час Вялікай Айчыннай вайны партызанамі з Арміі Краёвай)iii і дзвюх сясцёр. Дачка адной з іх дажывае цяпер свой век у Арлянятах у той хаце, дзе нарадзіўся Адам.

Сваю адукацыю Адам пачынаў, як і усе сялянскія дзеці, пасучы у полі кароў, калі патроху засвоіў адразу і лацінскі і кірылічны алфавіты. Восенню 1901 года бацька запісаў яго ў царкоўна-прыходзкую школу ў Барунах. Гледзячы па ўсім, бацькі Адама празмернай рэлігійнасцю не вылучаліся, бо прынялі гэтае рашэнне насуперак забароне віленскага біскупа Звяровіча, які не дазваляў каталікам аддаваць сваіх дзяцей у царкоўна-прыходзкія школы. У Барунах, дзе Адама прымушалі спяваць у царкоўным хоры і білі за тое, што ён хрысціўся пяццю, а не трыма пальцамі, нарадзіліся ў яго пачаткі разумення рэлігійнага, а магчыма і нацыянальнага канфлікту.

Восенню 1902 г. бацькі, убачыўшы, ў якое гаротнае становішча трапіў іх сын, перавялі яго ў народнае вучылішча ў мястэчку Гальшаны, дзе рэлігію ў каталікоў ужо выкладаў ксёндз. Навука давалася Адаму лёгка і менавіта ў Гальшанах ён зацікавіўся рэлігійным і касцельным жыццём. Па словах Я. Шутовіча, ужо ў той час будучы ксёндз успрымаў польскую мову ў касцёле як нешта чужое, але захапляўся містыкай рэлігіі. “У маладой ягонай уяве рысаваўся касьцёл, як нешта зусім адасобленае ад усяго чалавечага, грэшнага й недасканальнага, – гэта куток, дзе душа знаходзіць прыстанішча, жаданы супакой,” – пісаў пра кс. Адама яго першы біёграф.iv Гальшанскае народнае вучылішча Адам скончыў у пачатку 1904 г. і восенню таго ж года распачаў вучобу ў Ашмянскім гарадзкім вучылішчы.

Чатыры гады вучобы ў Ашмянах мелі для Адама Станкевіча выключнае значэнне ў плане фарміравання яго асобы. Найперш вялікі ўплыў аказалі на яго падзеі першай паловы 1905 г., калі ў Ашмянах, быўшых на той час значным рамесніцкім і гандлёвым цэнтрам Віленшчыны, адбываліся шматлікія дэманстрацыі і нават сутычкі з царскімі войскамі. Менавіта ў пачатку 1905 года ад арганізатараў вучнёўскай забастоўкі ў Ашмянах Адам упершыню пачуў словы аб неабходнасці сацыяльных пераўтварэнняў у грамадстве, усталяванні дэмакратычнага і справядлівага дзяржаўнага ладу.

У гэтыя ж гады сфарміравалася і нацыянальная свядомасць Адама Станкевіча, у першую чаргу пад уплывам газеты “Наша Ніва” і неацэнных “Дудкі” і ”Смыка” Фр. Багушэвіча, якія прывозіў яму студэнт Духоўнай рыма-каталіцкай акадэміі ў Пецярбурзе кс. Ад. Лісоўскі.

Завяршыўшы навучанне ў Ашмянах вясной 1908 г. Адам апынуўся перад новай праблемай. Перспектыва пераўтварэня ў паштовага чыноўніка яго зусім не вабіла, а магчымасці вучыцца ў гімназіі, а пасля паступаць ва ўніверсітэт, Адам не меў з матэрыяльнага пункту гледжання. У гэтым плане яму пашанцавала шмат менш, чым яго аднагодку і ў будучым знакамітаму беларускаму вучонаму і палітыку Браніславу Тарашкевічу, якому “дала пуцёўку ў жыццё” памешчыца Гэлена Стамброўская. Жаданне вучыцца далей вяло Адама або ў Віленскае юнкерскае вучылішча або ў рыма-каталіцкую духоўную семінарыю ў Вільні. Ведаючы лёгкадумнасць і амаральнасць тагачаснай ваеннай моладзі, ў юнкерскае вучылішча Адам пайсці не мог і таму, па-сутнасці, не меў асаблівага выбару на сваёй жыццёвай дарозе. Духоўная семінарыя была для яго адзінай магчымасцю працягваць далей вучобу, тым больш, што фанатычна рэлігійны бацька кс. Ад. Лісоўскага дапамог Ад. Станкевічу ўладкавацца на кватэру ў Новай Вілейцы, дзе з восені 1908 г. і да вясны 1910 г. той рыхтаваўся да здачы экстэрнам дзяржаўнага экзамена за курс класічнай гімназіі (атэстат аб заканчэнні гарадскога вучылішча не даваў права на паступленне ў семінарыю, трэба было дадаткова здаць экзамены яшчэ па некалькіх прадметах). Можна меркаваць, што менавіта ў гэты час, амаль штодзённа наведваючы Вільню, Адам бліжэй сышоўся з супрацоўнікамі “Нашай Нівы” Іванам Луцкевічам і Вацлавам Ластоўскім. Па яго ўласных словах, прынамсі ў 1911 г. ён ужо добра ведаў іх абодвух.v Прыкладна ў гэты ж час Адам пазнаёміўся з юнаком Янам Пазняком, адным з будучых лідэраў БХД, які стаў яго сябрам на ўсё жыццё. Я. Шутовіч упэўнена сцвярджае, што ў 1909 г. Ад. Станкевіч напісаў сваю першую карэспандэнцыю ў “Нашу Ніву”.vi Няма ніякіх падстаў не давяраць яму, хіба толькі памяць падвяла самога кс. Ад. Станкевіча, які напэўна і паведаміў гэты факт біёграфу. Тым не менш у надрукаваных у “Нашай Ніве” за 1909 г. карэспандэнцыях і артыкулах аўтарства Ад. Станкевіча не пазначана ні разу. Можна аднак дапусціць, што свае карэспандэнцыі ён пісаў з Новай Вілейкі ці з самой Вільні. І калі віленскіх карэспандэнтаў “Наша Ніва” магла мець некалькіх, то, магчыма, тры надрукаваныя ў 1909 г. карэспандэнцыі з Новай Вілейкі і сапраўды з’яўляюцца першымі публікацыямі Ад. Станкевіча.vii Паводле энцыклапедычнага даведніка “Беларускія пісьменнікі”, першы падпісаны Ад. Станкевічам артыкул з’явіўся ў “Нашай Ніве” 14 лістапада 1913 г.viii

Вясной 1910 г., самастойна прапрацаваўшы курс пяці класаў гімназіі, Адам паехаў у Маскву здаваць экзамен пры Маскоўскай вучэбнай акрузе. Упэўніўшыся ў сваім жаданні паступаць у духоўную семінарыю і на бліжэйшы час развітаўшыся з марамі аб вучобе ва ўніверсітэце, ён дзеля пэўнасці здаў экзамен толькі за чатыры класы гімназіі, атрымаўшы званне аптэкарскага вучня і права паступаць у Віленскую духоўную семінарыю.

Пачатак вучобы Ад. Станкевіча ў Віленскай каталіцкай духоўнай семінарыі прыпаў на той час, калі яшчэ толькі пачынала фарміравацца хрысціянска-дэмакратычная плынь у беларускім нацыянальна-вызваленчым руху ХХ ст. Нельга не пагадзіцца са сцверджаннем польскай даследчыцы М. Мароз, што адной з галоўных прычынаў шырокага распаўсюджання нацыянальнай свядомасці сярод сялянскіх народаў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы на мяжы ХІХ-ХХ ст.ст. была дзейнасць каталіцкага клеру. Каталіцкія ксяндзы ў Літве, Славакіі, Харватыі, Славеніі, уніяцкія святары ў Заходняй Украіне мелі ўплыў на масы нават большы, чым нацыянальная інтэлегенцыя, і адыгралі вельмі істотную ролю ў барацьбе супраць асіміляцыі сваіх нацый.ix У справе ж фарміравання нацыянальнай свядомасці беларусаў канфесійны фактар, як вядома, меў хутчэй негатыўнае значэнне. Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква сталі на Беларусі адпаведна сімваламі польскасці і рускасці, і ў сваім шматгадовым супрацьстаянні радыкальна дзялілі беларусаў на “праваслаўных-рускіх” і “каталікоў-палякаў”. Зразумела, што у такіх умовах духоўныя навучальныя ўстановы належалі да ліку найбольш кансерватыўных у плане дапушчэння якіх бы тое ні было праяваў беларускага нацыянальнага руху. Усё гэта можна сказаць і пра Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю, якая, па словах кс. Ад. Станкевіча, была “цьвярдыняй ня толькі каталіцтва, але ня меньш, калі ня больш, і цьвярдыняй польскасьці.”x

Тым не менш, сярод прагных да ведаў і шчыра спачуваўшых долі свайго народа клерыкаў семінарыі ўжо ў канцы ХІХ ст. хуткімі тэмпамі пачала шырыцца беларуская нацыянальная свядомасць. У пераважнай масе выхадцы з сялянскіх сем’яў, заахвочаныя слабой, але усё ж такі вельмі важнай у тыя гады падтрымкай такіх значных каталіцкіх іерархаў, як Э. Роп ці Ю. Матулевіч, яны лічылі сябе беларусамі і спрабавалі нават займацца нацыянальнай работай па-за межамі семінарыі. Аднак, як сведчыць кс. Ад. Станкевіч, у першым дзесяцігоддзі ХХ ст. “семінарскія ўлады запісвацца Беларусамі клерыкам ня радзілі і нават не дазвалялі… Дзеля гэтага бадай усе клерыкі Беларусы запісваліся тады палякамі.”xi Можна таксама дапусціць, што справа была яшчэ ў тым, што многія клерыкі-семінарысты глядзелі ў той час на беларускі рух як на падначалены польскаму нацыянальна-вызваленчаму руху і лічылі беларускую прапаганду не больш чым добрым сродкам барацьбы з русіфікацыяй мясцовага насельніцтва. Ім было цяжка аддзяліць сваю нацыянальную свядомасць ад польскасці, таму яны ў асноўнай масе і запісваліся палякамі. З’яўленне восенню 1910 г. у семінарыі Ад. Станкевіча надало беларускаму руху сярод клерыкаў прынцыпова іншую якасць.

Праз гады кс. Ад. Станкевіч апісваў свой тагачасны ўзровень нацыянальнай свядомасці наступным чынам: “Агулам кажучы, быў я ўжо сьведамым беларусам. Сьведамасьць аднак гэта была яшчэ дужа сырая, няглыбокая, нявыканчаная. Праўда, проціўставіцца польскай нацыянальнасьці, ня гледзячы на атмасфэру польскага каталіцтва, у якім я гадаваўся, на дзіва і для мяне самога ўдалося мне лёгка. Жыцьцё аднак праз увесь час майго юнацтва ўсьцяж стаўляла перада мною спакусы, што накіроўвалі мяне ў бок польскасьці. Але нямнога тэба было мне змаганьня з імі, каб астацца верным беларускай стыхіі. Крыху інакш справа выглядала з расейшчынай… я пачынаў звыкацца з казённай навукай, што рускі народ дзеліцца на тры пададдзелы: на велікарускаў, маларусаў і беларусаў, і што я дзеля гэтага сапраўды беларус, але што мая нацыя не самастойная, а ёсьць толькі часткай агульнарускай нацыі. “Беларуская Дудка” Багушэвіча, асабліва яго прадмова да яе, упорыстыя, часта аж да забыцця аб усім іншым, студыі і з гэтага боку дапамаглі мне абмінуць небяспеку і абедзьвімі нагамі цьвёрда стаць на беларускі шлях.”xii Такое сверджанне для каталіцкага святара, трэба сказаць, выглядае даволі дзіўна, але хутчэй за ўсё менавіта тое, што Ад. Станкевіч куды лепш, чым іншыя семінарысты-беларусы, разумеў фікцыйнасць паняцця “каталік-паляк”, ставіла яго нацыянальную свядомасць шмат вышэй беларускай нацыянальнай свядомасці іншых клерыкаў.

У час першага года вучобы (1910-1911 гг.) Ад. Станкевіч даволі часта дыскутаваў з семінарыстамі на тэмы неабходнасці ўвядзення беларускай мовы ў святынях, беларускіх выдавецтвах, ці суадноснасці беларускага нацыянальнага руху з навукай каталіцкага касцёла. Як ён успамінаў – гэтыя размовы выклікалі розную рэакцыю: адныя пасмейваліся, другія ненавідзелі, трэція махалі рукой, а чацвёртыя прынцыпова падтрымлівалі. Не без падтрымкі Ад. Станкевіча семінарысты таемна даставалі і чыталі “Нашу Ніву” а магчыма нават і літаратуру сацыялістычнага зместу, хаця марксіскую філасофію Ад. Станкевіч грунтоўна вывучыў ужо ў Пецярбурзе. Пачаткі беларускага руху ў семінарыі сутыкнуліся з супраціўленнем польскіх выкладчыкаў і навучэнцаў. З іншага боку беларусам моцна дапамагалі клерыкі і выкладчыкі літоўскага паходжання, асабліва прафесар Петр Краўяліс, “цёплыя і справядлівыя адносіны гэтаго прафесара да клерыкаў беларусаў”xiii кс. Ад. Станкевіч успамінаў больш чым праз 20 гадоў. Як бачым, яшчэ ў семінарыі ён завязаў добрыя знаёмствы з цэлым шэрагам уплывовых у будучым, як у незалежнай Літве, так і на Віленшчыне, дзеячаў літоўскай хрысціянскай дэмакратыі.

Ад. Станкевіч не хаваў перад уладамі і прафесурай семінарыі сваёй дзейнасці і поглядаў. Восенню 1911 года ён звярнуўся да рэктара семінарыі з просьбай аб легалізацыі беларускага гуртка і заснаванні беларускай бібліятэчкі. Рэктар выказаў згоду, праўда, непакоячыся, каб беларускі рух не быў выкарыстаны Расіяй супраць каталіцкага касцёла. Ад. Станкевіч супакоіў рэктара і ўзяўся за працу. За тры гады (1911-1914 гг.), што ён узначальваў беларускі гурток, у яго ўлілося не менш 20 клерыкаў-беларусаў, сярод якіх былі Я. Рэшаць, А. Цікота, К. Стэповіч і многія іншыя ў будучым актыўнейшыя дзеячы беларускага хрысціянскага руху. Гурток правёў цэлы шэраг беларускіх культурных вечароў, як у самой семінарыі, так і па-за яе межамі, праводзіў прапаганду беларускай літаратуры і прэсы. Асабліва актыўна займаліся гэтым клерыкі-семінарысты, калі на летніх канікулах раз’язджаліся па сваіх родных вёсках. Аб вялікім уплыве Ад. Станкевіча на сваіх аднагодкаў сведчыць “Спіс выхаванцаў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі паводле сацыяльнага паходжання і нацыянальнасці ад 15 мая 1912 года.”xiv З 49-ці студэнтаў 4-га і 3-га курсаў толькі адзін запісаў сябе беларусам, пры чым нават такія ў будучым знакавыя для беларускага руху асобы, як Віктар Шутовіч і Віцэнт Гадлеўскі, запісаліся палякамі. Сярод жа 134-х студэнтаў 2-га, 1-га і падрыхтоўчага курсаў налічваліся 22 беларусы (сярод іх сам Адам Станкевіч). Адным з фактараў такога хуткага росту нацыянальнай свядомасці клерыкаў магла быць дзейнасць беларускага гуртка, заснаванага Адамам Станкевічам.

Калі казаць пра вучобу Ад. Станкевіча, то, па прызнанню Я. Шутовіча: “Школьным прадметам… кс. Адам вельмі не аддаваўся. Вучыўся так, каб ня мець двоек і не сядзець два гады на адным тым самым курсе…” Гэта выказванне падцвярджае ведамасць адзнак, выстаўленых кс. Адаму пад час першага году яго навучання ў Духоўнай каталіцкай акадэміі ў Санкт-Пецярбурзе. Цвёрдую пяцёрку ён меў толькі па паводзінах, чацвёркі па Святому Пісанню, педагогіцы, адзнака “тры” стаіць у ведамасці па філасофіі, гісторыі касцёла, маральнай тэалогіі.xv Хаця дзеля справядлівасці варта адзначыць, што падобныя адзнакі былі ў большасці маладых ксяндзоў. У сваю чаргу Адам вельмі плённа займаўся самаадукацыяй, аддаючы увесь вольны час чытанню кніжак па філасофіі, гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі, беларускай філалогіі і этнаграфіі. У гады вучобы ў семінарыі адбывалася своеасаблівая нацыянальная крышталізацыя асобы Ад. Станкевіча, якая, можна сказаць, ішла паралельна развіццю ўсяго беларускага руху. Калега кс. Ад. Станкевіча па Беларускім Пасольскім Клубе Васіль Рагуля, дзелячы ўсіх беларускіх паслоў паводле выхавання на “беларусаў рускай і польскай культуры”, толькі адносна кс. Адама заўважыў – вырас “на незалежніцкай ніве.”xvi Сапраўды, у адрозненні ад большасці беларускіх дзеячаў, кс. Адам з юнацтва не прымаў удзелу ні ў польскім нацыянальна-вызваленчым, ні ў расійскім дэмакратычным руху і адразу заявіў сябе як беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч. Асаблівае значэнне ў станаўленні сваёй асобы кс. Ад. Станкевіч надаваў паэзіі Якуба Коласа, з якім асабіста пазнаёміўся ў Вільні ўжо ў час вучобы ў семінарыі.

Скончыўшы семінарыю вясной 1914 г. Ад. Станкевіч свяшчэнства не атрымаў, бо лічыўся занадта маладым. Каталіцкім ксяндзом ён стаў у самым канцы гэтага года ўжо падчас знаходжання ў Пецярбурзе. Сваю першую імшу ў якасці ксяндза Ад. Станкевіч адправіў у парафіяльным касцёле ў Крэве. Лета Ад. Станкевіч прабыў дома, аднак не пакідаў жадання працягваць вучобу. Пачатак Першай Сусветнай вайны паставіў перад ім новае пытанне: ці дачакацца нямецкай акупацыі і ехаць вучыцца на Захад, ці выбраць Мітрапалітальную рыма-каталіцкую духоўную акадэмію ў Санкт-Пецярбурзе, якая была вышэйшай навучальнай установай каталіцкага духавенства Расійскай Імперыі. Разлічваючы на падтрымку сяброў па семінарыі, восенню 1914 г. Ад. Станкевіч выехаў у Пецярбург.

У час, калі ён з’явіўся ў сталіцы Расіі, гэты горад ўжо не менш дзесяці гадоў быў значным асяродкам, дзе гуртавалася беларуская інтэлегенцыя малодшага і старэйшага пакаленняў. Ідэйным кіраўніком і арганізатарам беларускага руху тут быў прафесар Б. Эпімах-Шыпіла, выдатны беларускі вучоны, які фактычна з’яўляўся дырэктарам універсітэцкай бібліятэкі і выкладаў старажытнагрэчаскую мову ў каталіцкай акадэміі і лацінскую на агульнаадукацыйных курсах Чарняева. Разгортвалася беларуская работа і ў сценах акадэміі. Тут яе вялі старэйшыя паплечнікі кс. Ад. Станкевіча – Люцыян Хвецька, Андрэй Цікота, Вінцэнт Гадлеўскі і іншыя маладыя ксяндзы, што завершылі навучанне ў Вільні на год-два раней Адама. Гурток існаваў з 1912 г., а фармальна быў зацверджаны ўладамі акадэміі ў кастрычніку 1913 г. Дзейнасць гуртка ў акадэміі ў першыя гады існавання мела прыкладна тыя-ж формы, што і дзейнасць беларускіх клерыкаў у Віленскай духоўнай семінарыі. Была арганізавана бібліятэка, праводзіліся дыскусіі, чыталіся рэфераты (кс. Ад. Станкевіч, напрыклад, чытаў рэфераты аб нацыянальнай самабытнасці беларусаў, аб паэзіі Якуба Коласа).xvii З’яўленне восенню 1914 г. у акадэміі кс.кс. Ад. Станкевіча, В. Шутовіча, М. Пятроўскага і яшчэ некалькіх беларусіх патрыётаў надало гуртку новых сілаў для работы. У 1916 г. кс. Ад. Станкевіч узначаліў гурток і кіраваў ім аж да закрыцця акадэміі вясной 1918 г. У найлепшыя часы гурток налічваў 13 чалавек (на 70 навучэнцаў акадэміі) і карыстаўся даволі значнай фінансавай падтрымкай княгіні М. Радзвіл.

Не меншае значэнне мелі кантакты ксяндзоў з беларусамі з іншых навучальных установаў а таксама беларусамі-рабочымі. Адбываліся паседжані петраградскіх беларусаў або ў кс. Ф. Будзькі або ў Б. Эпімаха-Шыпілы. Вось як апісвае гэтыя сустрэчы кс. Адам: “Сколькі разоў прыходзілася мне асабіста бываць у Шыпілы, заўсёды я спатыкаў там беларускіх студэнтаў, якія прыходзілі да яго ў розных справах ідэёвых і навуковых, а так-жа многія часта і для таго, каб выпіць гарбаты, паабедаць ды рубля якога дастаць гатоўкай. Асаблівым разьвесяленьнем маладых гасьцей Шыпілы быў грамафон, які з беларускай пліты бойка высьпеўваў “Чаму-ж мне ня пець”… Заводзіў гэты грамафон Шыпіла пераважна тады, калі да яго прыходзілі новыя студэнты. Помню, як ён і мяне спатыкаў гэтым грамафонам.”xviii Пад час гэтых сустрэч кс. Ад. Станкевіч пазнаёміўся з Б. Тарашкевічам, К. Душэўскім, П. Мядзёлкай і іншымі знакавымі асобамі беларускага руху.

Як ўжо гаварылася вышэй, адзнакі ў акадэміі кс. Адам меў не самыя лепшыя, але яго прыродныя здольнасці і выдатная начытанасць звярталі ўвагу выкладчыкаў. Кс. Станкевіч абараніў тэзісы на кандыдата кананічнага права і атрымаў прапанову напісаць магістарскую дысертацыю па тэме “Навука св. Тамаша Аквінскага аб сям’і ў параўнанні з сучаснай тэорыяй вольнай любові”, але, цалкам захоплены праблемамі нацыянальнага адраджэння, кінуў гэтую работу, нягледзячы на нараканні рэктара акадэміі. Ён так і застаўся кандыдатам багаслоўя, хаця вясной 1918 г. А. Луцкевіч памылкова называў яго магістрам тэалогіі.xix Тым не менш, поспехі кс. Адама, асабліва ў галіне філалогіі і права, былі немалыя. Апрача чатырох славянскіх моў, ён авалодаў лацінскай і старажытнагрэчаскай, рабіў пераклады з французскайxx, самастойна засвоіў літоўскую.xxi У яго бібліятэцы былі выданні на нямецкай, англійскай, італьянскай мовах. Ужо ў пачатку 1920-х гг. ён прыкладна два гады слухаў лекцыі на юрыдычным факультэце універсітэта імя С. Баторыя ў Вільні. Такі ўзровень адукацыі сярод дзеячаў беларускага руху сапраўды быў даволі вялікай рэдкасцю. Як ўспамінаў Б. Тарашкевіч, падчас выбараў у Сойм восенню 1922 г., сярод усіх беларускіх кандыдатаў толькі ён і кс. Адам маглі на належным узроўні карыстацца польскай мовай.xxii

Не знікла ў кс. Адама цікавасць і да сацыялістычнай філасофіі. Вывучыўшы працы Маркса і Энгельса (а яны, па словах М. Танка, займалі ў бібліятэцы кс. Ад. Станкевіча пачэснае месца)xxiii, ён не прыняў матэрыялізму як вучэння, аднак у цэлым пагадзіўся з сацыяльнай платформай марксізму. “Каб камунізм ды адрокся ад сваей матэр’ялістычнай філёзофіі, або каб прынамся прызнаў прынцып свабоды, дык з ім можна было-б пагадзіцца,” – цытаваў ксяндза Я. Шутовіч.xxiv Такія погляды, з аднаго боку, рабілі грамадска-палітычную пазіцыю кс. Ад. Станкевіча вельмі радыкальнай, што пазней неаднаразова прыводзіла да канфліктаў з іншымі беларускімі ксяндзамі, а з другога боку – давалі яму магчымасць цвяроза глядзець на сітуацыю ў БССР, чаго, асабліва ў сярэдзіне 1920-х гг., не хапала многім беларускім дзеячам.

З’яўленне у 1915-1916 гг. ў Петраградзе і яго ваколіцах сотняў тысяч бежанцаў з Беларусі запатрабавала ад беларускай інтэлігенцыі актывізацыі работы па-за межамі сваіх гурткоў. Адам Станкевіч прымаў ўдзел у працы Беларускага камітэта дапамогі ахвярам вайны, у кастрычніку-снежні 1916 г. выдаў разам з Л. Хвецькам, А. Астрамовічам і Э. Будзькам некалькі нумароў газеты “Svietač”, супрацоўнічаў з газетай “Дзяньніца”, аднак хутка разышоўся на ідэйнай аснове з яе рэдактарам Цішкам Гартным. Гэтыя выданні трапілі ў цэнзурныя ціскі і былі неўзабаве зачынены. Новы ўсплеск актыўнасці беларусаў Петраграда адбываецца ўжо пасля Лютаўскай рэвалюцыі вясной 1917 г. З гэтага моманту удзел у беларускім нацыянальна-вызваленчым руху стаў дамінантай жыцця маладога ксяндза.

Адам Станкевіч сустрэў Лютаўскую рэвалюцыю ў Петраградзе, дзе знаходзіўся, па усёй бачнасці, да мая 1917 г. 24-26 мая 1917 г. у Мінскім кафедральным касцёле адбыўся з’езд прыкладна 30-ці прыхільных да беларускага руху ксяндзоў. Арганізатарамі з’езду былі кс.кс. Л. Хвецька, В. Гадлеўскі, А. Астрамовіч, Ф. Будзька, А. Цікота і Ф. Абрантовіч. Выступленне кс. Ад. Станкевіча на з’езде не планавалася, але ў самы апошні момант кс. Ад. Лісоўскі адмовіўся чытаць свой рэферат, і кс. Ад. Станкевіч вымушаны быў выступіць у пачатку з’езда ледзь не з самым важным праграмным дакладам “Беларускі рух і яго адносіны да жыцця касцельнага, а так-жа да акцыі каталіцкай ў Беларусі”.xxv У палітычным плане ксяндзы-беларусы абмежаваліся рэзалюцыяй аб неабходнасці шырокай аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай рэспублікі, і прынялі шэраг рашэнняў аб неабходнасці ўвядзення беларускай мовы ў касцельнае набажэнства, навучанні клерыкаў-беларусаў па-беларуску, заснаванні партыйнай газеты. З’езд фармальна завяршыў стварэнне арганізацыі беларусаў-каталікоў, якая атрымала назву Хрысціянска-Дэмакратычная Злучнасць (ХДЗ).

Пасля з’езду члены ХДЗ раз’ехаліся па акупаваных немцамі паветах з беларускім каталіцкім насельніцтвам. Чэрвень і большую частку ліпеня кс. Адам правёў у Друі і Барадзенічах Браслаўскага ўезда Віленскай губерні, дзе прымаў удзел у заснаванні гурткоў ХДЗ. Паседжанні гурткоў звычайна адбываліся пры плябаніі, на іх абмяркоўваліся бягучыя сацыяльна-палітычныя праблемы, уздымаліся праблемы нацыянальнага адраджэння.

Аднак галоўная мэта беларускіх хадэкаў – увядзенне беларускай мовы ў касцельную службу, пакуль дасягнута не была. Патрыятычна настроеныя ксяндзы выдатна разумелі, што гучанне дагэтуль пагарджанай беларускай мовы з касцельнага амбона будзе для няграматнага селяніна наймацнейшым стымулам развіцця яго нацыянальнай свядомасці. У сваю чаргу занепакоенае беларускім рухам сярод ксяндзоў кіраўніцтва Віленскай дыяцэзіі не спяшлася даваць дазвол на дзеянні дакога роду. Тым не менш, у канцы ліпеня 1917 г., падчас візітацыі размешчаных на ўсход ад лініі фронту частак Віленскай дыяцэзіі, біскуп Э. Роп на пытанне кс. В. Ташкуна (дарэчы сказаць, літоўца), ці можна наладзіць беларускае казанне, даў станоўчы адказ. Дакладна невядома, чаму чытаць беларускае казанне быў выбраны менавіта кс. Ад. Станкевіч, аднак такі давер з боку калегаў быў, безумоўна, знакам вышэйшай павагі да яго. 21 ліпеня 1917 г. у Дзісне, ў прысутнасці біскупа, кс. Ад. Станкевіч прачытаў першае ў навейшай гісторыі Беларусі казанне на беларускай мове. Вось як апісваў гэтую падзею кс. Адам: “Пачуўшы словы мовы роднай, так пагаджанай дагэтуль, твар слухачоў ажывіўся, заясьнеў. Запанавала сьвятая цішыня. Кожнае слова слухачы, здаецца, жыўцом глыталі. Узрушаньне мае сардэчнае хутка ўдзялілася ўсёй велізарнай грамадзе слухаючых і нямую ціш у касьцёле замяніў нічым не ўстрыманы плач галосны. Ліліся сьлёзы руч’ём многаводным, сьлёзы радасьці і шчасьця з вачэй гаротнага паняволенага Беларуса.”xxvi

Прамова аказала такое ўражанне на насельніцтва, што жыхары Дзісны прасілі Э. Ропа пакінуць кс. Ад. Станкевіча пробашчам у гэтай парафіі. Да восені кс. Ад. Станкевіч, наведваючы разам з біскупам парафіі Віленскай дыяцэзіі, чытаў беларускія казанні. У канцы візітацыі Э. Роп выдаў нават спецыяльны дакумент аб неабходнасці выкарыстання беларускай мовы ў службе, які ніколі не быў адменены, аднак байкатаваўся касцельным кіраўніцтвам Другой Рэчыпаспалітай.

З восені 1917 г. да вясны 1918 г. кс. Ад. Станкевіч знаходзіўся ў Петраградзе, дзе завяршаў навучанне ў акадэміі. Супрацоўнічаў у выданні перядычнага органа ХДЗ ”Krynica”, уважліва сачыў за палітычнымі падзеямі ў Расіі і на Беларусі. Прыкладна ў гэты час ён упершыню сустрэўся з галіцыйскім уніяцкім мітрапалітам Р. Шаптыцкім.xxvii Ужо ў 1920-х гг. Р. Шаптыцкі аказваў праз кс. Адама віленскім беларусам немалую грашовую і ідэйную падтрымку і, што самае важнае, спрыяў беларускім хрысціянскім дэмакратам у іх планах па адраджэнні ў Заходняй Беларусі рэлігійнай уніі.

Прыкладна ў маі 1918 г. кс. Адам назаўсёды пакінуў Пецярбург і ўжо ў пачатку чэрвеня апынуўся на акупаванай немцамі ў лютым 1918 г. паўночнай Беларусі. У гэтай мясцовасці работа беларускіх хадэкаў мела прыкладна той-жа характар, што на Браслаўшчыне год таму, хаця і значна ўскладнялася нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. Кс. Адам жыў у барадзеніцкага пробашча кс. В. Шутовіча і разам з кс. М. Пятроўскім і дзісненскім дэканам кс. В. Ташкуном чытаў па касцёлах беларускамоўныя казанні, выступаў на палітычных сходах. Восенню 1918 г. кс. Адам вярнуўся ў Вільню і даволі хутка пралат кс. Я. Ганусевіч прызначыў яго вікарным ксяндзом у Драгічын-над-Бугам, за межы этнаграфічнай Беларусі. Сам кс. Ад. Станкевіч разглядаў гэты крок кіраўніцтва дыяцэзіі як пакаранне за беларускую прапаганду ў 1917-1918 гг. Пакідаў Вільню кс. Ад. Станкевіч як ўжо даволі паважаны беларускі дзеяч, бо яшчэ ў красавіку 1918 г. А. Луцкевіч называў яго ў ліку 18-ці найбольш аўтарытэтных асобаў беларускага каталіцкага руху.xxviii Летам 1919 г. біскуп Ю. Матулевіч дазволіў яму вярнуцца на Беларусь. Кс. Ад. Станкевіч з’явіўся ў Вільні прыкладна ў сярэдзіне жніўня, а ўжо 24 жніўня пад яго рэдакцыяй убачыў свет першы нумар адноўленага хадэцкага выдання – газеты “Krynicа”. Арганізаваць выданне газеты кс. Ад. Станкевічу ўдалося найперш дзякуючы маральнай і матэрыяльнай падтрымцы беларускіх ксяндзоў, якіх яму ўдаліся адшукаць у правінцыі. У сваю чаргу, менавіта гэтыя ксяндзы сталі галоўнымі падпісчыкамі газеты і яе распаўсюджвальнікамі сярод насельніцтва сваіх парафій. На першай старонцы кс. Ад. Станкевіч змясціў праграмны артыкул пад назвай „Braty Biełarusy”. У ім ён назваў тры асноўныя групы мэтаў, якія павінна была прапагандаваць газета. Першая датычыла спраў рэлігіі, духоўнага і этычнага развіцця чытачоў, другая гаварыла пра патрэбу імкнення да эканамічнай і грамадзянскай справядлівасці, да трэцяй адносілася абуджэнне нацыянальнай свядомасці. Кс. Ад. Станкевіч пісаў: „Мы будзем голасна заяўляць цэламу сьвету і вас самых вучыць, што мы ні Палякі і ні Рускія, а што вы асобны Беларускі народ”.xxix

Хутка кс. Ад. Станкевіч прыняў актыўны удзел у падзеях, звязаных з расколам Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў снежні 1919 г. У гэты час са згоды Ю. Пілсудзкага ў Мінску была склікана Рада БНР, якую А. Луцкевіч хацеў схіліць да супрацоўніцтва з палякамі. Большасць Рады не падтрымала А. Луцкевіча і выбрала новы ўрад на чале з В. Ластоўскім, які незадоўга да гэтага прыехаў з Коўна. Паланафілы ў сваю чаргу ўтварылі Найвышэйшую Раду БНР на чале з А. Луцкевічам. Праз гады кс. Ад. Станкевіч асуджаў дзейнасць паланафілаў, аднак не прызнаваўся ў супрацоўніцтве з урадам В. Ластоўскага. “Яны [хадэкі – А. В.] трымаючыся залатой сярэдзіны, ішлі свёй уласнай дарогай, снуючы сваю ўласную незалежную беларускую ідэалогію і ар’ентуючыся прадусім на свой народ”, – пісаў ён.xxx Ёсць аднак звесткі, што кс. Ад. Станкевіч ўвайшоў у склад урада В. Ластоўскага ў якасці міністра веравызнанняў.xxxi Між тым сам В. Ластоўскі нават не згадвае аб наяўнасці ў сваім урадзе такой пасады.xxxii Нельга выключаць, што кс. Ад. Станкевіч мог атрымаць ад В. Ластоўскага такое прызначэнне патаемна, каб не псаваць адносін з палякамі. На наступны дзень кс. Адам спакойна выступаў з беларускім казаннем, а В. Ластоўскі хутка трапіў за краты, а пасля выехаў у Коўна. Пазнейшыя факты падцвярджаюць меркаванне, што кс. Ад. Станкевіч працягваў заставацца адным з яго найбольш давераных людзей у Заходняй Беларусі.

Ужо восенню 1919 г. кс. Ад. Станкевіч пачаў педагагічную дзейнасць у сценах Віленскай Беларускай Гімназіі (ВБГ). Кс. Адам выкладаў у гімназіі не толькі Закон Божы,xxxiii але таксама лацінскую мову, логіку і псіхалогію.xxxiv Сярод вучняў ВБГ карыстаўся агромністым аўтарытэтам, аб чым можна меркаваць па ўспамінах былых вучняў гімназіі.xxxv Асабліва цікавай з’яўляецца характарыстыка, дадзеная кс. Адаму М. Пецюкевічам: “Думаю не будзе перабольшаннем, калі скажу, што ў калектыве пэдагогаў Віленскай Беларускай Гімназіі праз усе гады яе існаваньня, не было яму роўнага. Ягоныя адносіны да вучняў былі бацькоўскія і сяброўскія, адносіны й настаўніка, і вельмі разумнага, дыпламатычнага выхаваўцы. Ягоныя лекцыі ці то па законе Божым, ці то па лацінскай мове былі й найбольш карыснымі гадзінамі ў атмасфэры напружанай, але лёгкай, прыемнай працы. Гэтыя лекцыі абапіраліся не на падручнікі па прадмету, а былі займальнымі, філязофска-людзкімі, жыцьцёвымі, “прыземленымі” гутаркамі. Мэта ягоных лекцыяў – пасеяць у душы моладзі любоў да свайго народу, гатоўнасьць аддаць сябе справе ягонага адраджэньня, а таксама пасеяць здаровае зерне глыбокай маралі, этыкі, гуманізму, якія вынікаюць з хрысьціянскага эвангелічнага вучэньня.”xxxvi Кс. Ад. Станкевіч таксама фінансава дапамагаў навучэнцам, якія не маглі аплаціць вучобу. У знятай ім кватэры ў розны час жыло да 20 вучняў ВБГ. Праца ў гімназіі дапаўнялася экскурсіямі па гістарычных мясцінах Вільні і ваколіцаў. Натуральна, што сустрэўшы такую цёплую апеку, многія вучні прымалі ідэі хрысціянскай дэмакратыі.

У пачатку красавіка 1920 г. кс. Ад. Станкевіч узначаліў Беларускі Камітэт помачы пацярпелым ад вайны (БКППВ) і выконваў абавязкі старшыні яго да 4 лістапада 1923 года. Камітэт збіраў грошы на дапамогу пацярпелым у выніку баявых дзеянняў, арганізуючы дабрачынныя лекцыі, тэатральныя пастаноўкі, вечарыны. Пры камітэце з восені 1917 г. існаваў беларускі дзіцячы прытулак. Нягледзячы на тое, што сіротам не хапала хлеба і нават сена на матрасы, кс. Ад. Станкевіч рабіў усё магчымае, каб не толькі забяспечыць дзецям адпаведныя матэрыяльныя ўмовы, але і выхаваць іх у хрысціянскім і беларускім духу. Польскія ўлады не аказвалі прытулку ніякай дапамогі. Яшчэ ў 1923 годзе кс. Ад. Станкевіч гаварыў з соймавай трыбуны: “Народ наш на свае бедныя срэдствы злажыў для сірот і бедных дзяцей два прытулкі ў Вільні і ў Гродні, арганізаваў іх сам, як умеў, як мог, а мы сёньня маем цэлыя гурбы просьбаў аб прыняцьці ў прытулак абяздоленых дзяцей; штодня маці-удава прыводзіць некалькі сіротак, каб прыхінуць іх у прытулку і заўсёды адмаўляем, бо ня месьцяцца і карміць нечым…”xxxvii Прытулак праіснаваў да сярэдзіны 1920-х гг. і налічваў да 100 дзетак.

10 чэрвеня 1920 г. кс. Ад. Станкевіч увайшоў ва ўрад Беларускага Навуковага Таварыства (БНТ), нязменным старшынёй якога з’яўляўся А. Луцкевіч. У 1921-1922 гг. кс. Адам быў скарбнікам БНТ і выступаў як давераная асоба Антона Луцкевіча у фінансавых справах, звязаных з будаўніцтвам памяшкання для Беларускага музею. Так, 18 чэрвеня 1920 г. А. Луцкевіч пісаў львоўскаму уніяцкаму мітрапаліту Андрэю Шэптыцкаму: “пасылаю гэтае пісьмо і мой шчыры прывет праз кс. Станкевіча – нашага вядомага нацыянальнага дзеяча, каторы заслугоўвае на абсалютную веру…”xxxviii У лісце размова ішла пра справу памяшканняў для Віленскай Беларускай гімназіі і для Беларускага музею. У 1922 г., па іншых звестках у 1924, г. кс. Ад. Станкевіч ездзіў у Львоў, адкуль прывёз на будаўніцтва 1000 $ (вялікую па тых часах суму) і перадаў іх Антону Луцкевічу. Можна меркаваць, што гэтыя грошы былі ахвяраваны мітрапалітам Р. Шэптыцкім.

14 ліпеня 1920 г. Вільню заняла Чырвоная Армія, якая хутка перадала гэты горад Літве. Кс. Ад. Станкевіч прыняў дзейсны удзел ва усталяванні кантактаў Віленскага БНК з літоўскім урадам. У канцы жніўня Ф. Ярэміч, М. Кахановіч і кс. Ад. Станкевіч едзілі ў Коўна на прыём у Раду Міністраў Літвы. 30 верасня М. Кахановіч і кс. Ад. Станкевіч ізноў наведалі Коўна, дзе мелі размову з прэзідэнтам Устаноўчага Сойму Літвы.xxxix Аднак з заняццем Вільні войскамі Л. Жэлігоўскага перамовы беларусаў і літоўцаў былі перарваныя.

Ужо 10 кастрычніка 1920 г. кс. Ад. Станкевіч прыняў удзел у нарадзе віленскіх беларускіх дзеячаў з прыехаўшымі ў Вільню разам з палякамі В. Іваноўскім і Б. Тарашкевічам. На сходзе было прынята рашэнне скарыстацца разгарнуўшымся польска-літоўскім канфліктам з мэтай дасягнення найбольшых уступак з боку палякаў найперш у галіне кааперацыі і асветы.xl Вынікам гэтых рашэнняў стала арганізацыя некалькіх соцень беларускіх школ і стварэнне ў верасні 1921 г. Таварыства Беларускай Школы (кс. Ад. Станкевіч у спісе 62 з заснавальнікаў арганізацыі стаіць восьмым).xli

Тым не менш, з самага пачатку 1921 г. становішча беларусаў Віленшчыны стала пагаршацца. Польская адміністарацыя, асабліва пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора, значна ўзмоцніла рэпрэсіі супраць беларускіх арганізацый. Не абмінулі яны і хрысціянскіх дэмакратаў – быў арыштаваны барунскі пробашч кс. М. Пятроўскі, а прытулак у Барунах расфарміраваны (кс. Ад. Станкевіч прыняў адтуль у Віленскі прытулак 15 дзяцей).xlii Не дазволена было і правядзенне з’езду ксяндзоў-беларусаў у Вільні 12-13 ліпеня 1921 г. Пазней кс. Ад. Станкевіч пісаў, што з’езд усё-ж такі адбыўся, аднак спроба стварэння моцнай арганізацыі беларусаў-каталікоў у Вільні не мела поспеху. У лютым 1921 г. старшыня БКППВ кс. Ад. Станкевіч быў аштрафаваны на 1 тыс. марак за тое, што за месяц да гэтага Камітэт ставіў п’есу “Хлопчык у лесе” без папярэдняй цэнзуры.xliii У кастрычніку гэтага ж года кс. Ад. Станкевічу і А. Смолічу давялося бараніць ВБГ ад спробаў перавесці навучанне ў ёй на польскую мову.xliv

Яшчэ ў пачатку лета 1922 г. віленскія беларусы прынялі рашэнне аб неабходнасці удзелу ў выбарах у Сойм Польшчы, якія павінны былі адбыцца ў лістападзе таго ж года. Прадстаўнікі беларускай нацыянальнай інтэлегенцыі бачылі ў стварэнні свайго соймавага прадстаўніцтва адзіную магчымасць заявіць на міжнародным узроўні аб становішчы Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы. Справу падрыхтоўкі беларускага грамадства да выбараў узяў на сябе Віленскі БНК. Як сведчаць дакументы, кс. Ад. Станкевіч (з мая 1922 г. намеснік старшыні Віленскага БНК А. Луцкевіча)xlv уваходзіў у лік найбольш дзейсных арганізатараў перадвыбарнай акцыі. 9 жніўня 1922 г. у Вільні быў заснаваны Беларускі Цэнтральны Выбарны Камітэт (БЦВК). Узначаліў яго А. Луцкевіч (ён, праўда, адмовіўся выставіць сваю кандыдытуру), кс. Ад Станкевіч заняў пасаду скарбніка БЦВК.xlvi У хуткім часе ўсе беларускія выбарныя камітэты прызналі кіруючую ролю БЦВК і прыступілі да арганізацыі Блоку Нацыянальных Меньшасцей (БНМ) разам з немцамі, яўрэямі, украінцамі і рускімі, што жылі ў Польшчы. Кс. Ад. Станкевіч сумяшчаў пасаду скарбніка БЦВК з абавязкамі кандыдата ў Сойм па Свянцянскай выбарнай акрузе (у яе ўваходзілі Свянцянскі, Браслаўскі, Дуніловіцкі і Дзісненскі паветы). Кс. Ад. Станкевіч і П. Мятла занялі першыя два месцы ў спісе кандыдатаў ад БНМ у Свянцянскай акрузе.xlvii Вось што пісала “Krynica” аб дзейнасці беларускіх кандыдатаў на Свянцяншчыне: “Гэты вокруг беларускія камісары ўжо больш-менш аб’ехалі і адпаведна навучылі сваіх людзей. Вёска шчыра адгукаецца на выбары за свой беларускі сьпісак. Усіх іншых агітатараў слухаюць недаверчыва. Тут многа працуюць у справе выбараў ксяндзы беларусы і праваслаўныя сьвяшчэньнікі. Камісарам ад Віленскага ЦК на гэты вокруг ёсьць кс. Ад. Станкевіч, які падчас вайны і рэвалюцыі дужа часта прабываў асабліва ў Дзісьненшчыне і заўсёды быў шчырым абаронцам тутэйшага люду.”xlviii

Між усіх перыпетый выбарнай барацьбы варта звярнуць увагу на канфлікт паміж кс. Ад. Станкевічам і кіраўніком польскай сацыялістычнай партыі “Вызваленне” на заходнебеларускіх землях С. Ваявудзкім. Паплечнік Ю. Пілсудскага, С. Ваявудзкі выдаваў сябе барацьбітом за інтарэсы беларускага народа, шырока карыстаўся нацыянальнай і сацыяльнай дэмагогіяй, каб перацягнуць на свой бок масы беларускага насельніцтва. Імкнучыся падарваць аўтарытэт БНМ, і кс. Ад. Станкевіча ў прыватнасці, С. Ваявудзкі выступіў у газеце “Вызваленне Люду” з артыкулам “Дрэнна робіць кс. Ад. Станкевіч”, дзе абвінавачваў кс. Адама ў супрацоўніцтве з яўрэйскай і нямецкай буржуазіяй і імкненні падпарадкаваць праваслаўную царкву інтарэсам касцёла. Кс. Ад. Станкевіч рашуча адкінуў абвінавачванні, адзначыўшы, што пазіцыя С. Ваявудзкага як абаронцы беларусаў з’яўляецца дэмагагічнай (так у 1919-1920 гг. ён закрываў вочы на арышты палякамі ў Мінску дзеячаў Беларускай Вайсковай Камісіі) а сам артыкул ёсць спробай уцягнуць кс. Ад. Станкевіча ў палеміку, у якой ён павінен быў адкрыць псеўданімы, якім падпісваў свае артыкулы.xlix Як адзначалі А. Луцкевіч і В. Рагуля, кс. Ад. Станкевіч адкрыта гаварыў пра С. Ваявудзкага, як агента дыфензівы і называў яго “злым геніем беларусаў.”l Кс. Адам меў рацыю. Як высветлілася пазней, С. Ваявудзкі яшчэ ў 1923 г. складаў для польскай разведкі рэфераты аб развіцці беларускага нацыянальнага руху,li а ППС “Вызваленне” стала ў Сойме на пазіцыі супрацоўніцтва з польскімі правымі партыямі. У 1927 г. падчас Маршалкоўскага суда С. Ваявудзкі заявіў: “ведаў і быў у асабістым антаганізме з кс. Станкевічам… Чалавек гэты пакрыўдзіў мяне асабіста, бо падчас выбараў узняў справу аб маім удзеле ў працах Генеральнага Штаба.”lii З часам С. Ваявудзкі перайшоў на камуністычныя пазіцыі, выехаў у СССР, дзе загінуў у 1934 г., аднак сярод гісторыкаў існуе меркаванне аб тым, што да апошняга дня жыцця С. Ваявудзкі працягваў заставацца агентам дыфензівы і быў адным з выканальнікаў грандыёзнага плана Ю. Пілсудзкага па кампраметацыі камуністычнага руху ў Польшчы перад І. Сталінам.liii Ацэнка, дадзеная кс. Ад. Станкевічам С. Ваявудзкаму, напэўна яшчэ зверне увагу гісторыкаў.

Па выніках выбараў 5 лістапада 1922 г., кс. Ад. Станкевіч стаў дэпутатам Сойму. Усяго ў Сойм і Сенат польшчы прайшлі 14 беларусаў, якія ўтварылі фракцыю – Беларускі Пасольскі Клуб (БПК). Узначаліў БПК Б. Тарашкевіч, кс. Ад. Станкевіч заняў пасаду намесніка старшыні.

Дзейнасць беларускіх паслоў у Сойме яскрава дзеліцца на два перыяды:

  • канец 1922 г.-сярэдзіна 1925 гг. – сумесная праца ў адзіным БПК, калі беларусы праводзілі згодную паміж сабой палітычную лінію.

  • сярэдзіна 1925-пачатак 1928 гг. – час раскола заходнебеларускага нацыянальна-вызваленчага руху, калі ішла барацьба паміж дэпутатамі, што ўтварылі Беларускую Сялянска-Работніцкую Грамаду (БСРГ), і пасламі, што працягвалі дзейнасць у БПК (да ліку апошніх належаў і кс. Ад. Станкевіч).

Раскол быў выкліканы глыбокімі зменамі ў сацыяльна-эканамічным і палітычным становішчы беларускіх земляў у Польшчы і СССР, і немалую ролю ў яго арганізацыйным афармленні адыграў і кс. Ад. Станкевіч. Ніжэй будзе звернута ўвага на яго дзейнасць у 1925-1927 гг., калі-ж паспрабаваць даць кароткую характарыстыку соймавай работы кс. Ад. Станкевіча, то можна выдзеліць наступныя яе накірункі:

  1. Праца ў соймавых камісіях, якія вырашалі важныя для краіны пытанні. Вядома, што кс. Ад. Станкевіч працаваў у камісіі па замежных справах, дзе неаднойчы спрабаваў на міжнародным узроўні ўзняць беларускае пытанне. Так, у 1923 г. яму давялося быць у міністра замежных спраў Скшынскага на прыёме, выданым з нагоды прызнання Радай паслоў усходніх граніц Польшчы. Кс. Адам гутарыў з папскім нунцыем Лаўрам, французскім паслом Панаф’е і многімі іншымі.

  2. Выступленні з праграмнымі прамовамі і справаздачамі аб дзейнасці беларускіх паслоў перад мясцовым насельніцтвам. Захавалася некалькі дзясяткаў паведамленняў аб такіх выступленнях кс. Адама. Так 15 красавіка 1923 г. кс. Ад. Станкевіч і С. Баран былі ў Гродне. “Народу сабралася поўная саля. Прамову сваіх паслоў слухалі з вялікай цікавасцю. Ад іх мы многа чаго даведаліся і праканаліся, што ня ўмёр і ня ўмрэ беларускі народ,”liv – пісаў аб гэтай падзеі відавочца. Трэба адзначыць, што прамовы кс. Ад. Станкевіча вылучаліся пэўным радыкалізмам, асабліва паказальнай у гэтым плане стала яго прамова ў Даўгінаве 8 мая 1924 г. Як паведамлялі сведкі: “Пасьля зачаў гаварыць кс. Ад. Станкевіч: аб зямлі, аб роднай школе, аб самаўрадах. Народ глытаў кожнае слова. Бяда толькі ў тым, што ня ўсё і ня усе маглі чуць яго прамову, бо пешая і конная паліцыя з голымі штыкамі ды шаблямі пачала разганяць народ. Грамадная часьць сялян аднак засталася пры прамоўцы, вітаючы яго дружнымі вокрыкамі “ўра””.lv За правядзенне гэтага мітынгу супраць кс. Ад. Станкевіча была заведзена судовая справа, спыненая толькі праз пяць гадоў.

  3. Складанне інтэрпеляцый маршалку Сойму і мемарыялаў да польскага ўрада ў розных беларускіх справах. Так адной з першых акцый кс. Ад. Станкевіча ў Сойме было паданне 14 лютага 1923 г. інтэрпеляцыі да міністра справядлівасці аб звальненні васьмі беларусаў, арыштаваных за тое, што пры бальшавіках прымалі ўдзел у працы сялянскіх камітэтаў. Колькасць мемарыялаў, складзеных кс. Ад. Станкевічам, таксама вельмі значная. Асабліва паказальнай з’яўляецца гісторыя з заключэннем у 1925 годзе паміж Польшчай і Ватыканам канкардату, які быў надзвычай невыгадным для беларусаў. Кс. Ад. Станкевіч, каб не прымаць удзелу ў галасаванні (як ксёндз ён павінен быў галасаваць “за” а як беларус “супраць” канкардату), выехаў з Варшавы і 25 сакавіка 1925 г. падаў папскаму нунцыю ў Польшчы мемарыял аб непрымальнасці для беларусаў умоў гэтай дамоўленасці, за што атрымаў ад біскупа вымову.lvi

  4. Выступленні з соймавай трыбуны. Усе прамовы кс. Адама вылучаюцца глыбінёй, прадуманасцю, веданнем праблем і, на нашу думку, займаюць па сваёй значнасці другое месца пасля выступленняў Б. Тарашкевіча (сярод прамоў усіх членаў БПК). У першай палове 1920х гг. прамовы ксяндза неаднойчы друкаваліся ў перыядычых выданнях Савецкай Беларусі, што было прызнаннем яго бясспрэчнага аўтарытэту сярод насельніцтва Заходняй Беларусі.lvii Навогул варта адзначыць, што становішча кс. Ад. Станкевіча ў Сойме было даволі складаным. Палякі звыкліся бачыць каталіцкіх ксяндзоў на лаўках правіцы, якая была апорай польскай дзяржаўнасці і нацыяналізму. Калі ж з лаваў нацыянальных меншасцей уставаў ксёндз і пачынаў гаварыць аб крыўдах, якія наносілі палякі беларусам, аб тым, як зачыняліся па краі праваслаўныя цэрквы, часта можна было пачуць здзіўленыя галасы: “І гэта гаворыць ксёндз?!”. На што кс. Адам звычайна адказваў: “На тое я і ксёндз, каб праўду гаварыў”.lviii Прамовы кс. Адама даюць нам магчымасць у пэўнай меры вызначыць яго тагачасныя сацыяльныя і палітычныя пазіцыі. У галіне землеўпарадкавання ён выступаў за дробную сялянскую прыватную ўласнасць, канфіскацыю зямельных латыфундыяў (у тым ліку касцёла і царквы), рашучую ліквідацыю асадніцтва. У сферы адукацыі яшчэ вясной 1923 г. кс. Ад. Станкевіч і Б. Тарашкевіч прапанавалі ўраду мінімум беларускіх патрабаванняў: стварэнне беларускай настаўніцкай семінарыі, заснаванне беларускіх настаўніцкіх курсаў, выдзяленне грошай на беларускую гімназію. Аднак ужо праз год кс. Ад. Станкевіч з горычу вымушаны быў канстатаваць: “…дужа добра ведаю, перапрашаю за выражэнне, проста бязстыдныя адносіны большасці Сойму да беларускай школы. (Маршалак: Паміма перапросінаў, прыклікаю пасла ксяндза да парадку). Урэшці лічу няславай для майго народу пастаянна гнуцца і выпрошваць панскай ласкі, бо панская ласка на рабым кані ездзіць (воплескі)”.lix

Палітычная дзейнасць кс. Ад. Станкевіча ў гэты перыяд не абмяжоўвалася работай у сценах польскага парламента. Кс. Ад. Станкевіч падтрымліваў самыя шчыльныя кантакты з былым прэм’ерам БНР В. Ластоўскім, які да пачатку 1927 г. жыў у Коўне. Кс. Ад. Станкевіч неадойчы сустракаўся з ім у Гданьску, атрымоўваў грошы на дзейнасць БПК і узгадняў сумесныя палітычныя выступленні, як, напрыклад, у выпадку з канкардатам паміж Польшчай і Ватыканам.lx Ведаючы значны ўплыў кс. Ад. Станкевіча на беларускае грамадскае жыццё спрабавалі ўсталяваць з ім кантакт і кіраўнікі БССР. Так у 1924 г., на “радыкальнага беларускага ксяндза” (так называла кс. Адама газета “Савецкая Беларусь”) выйшлі з прапановай узначаліць мінскае каталіцкае біскупства. Нягледзячы на перспектыву беларусізацыі касцёла ў БССР ён ад гэтай заманлівай прапановы адмовіўся. Пазней кс. Ад. Станкевіч расцэньваў гэты зварот як спробу зрабіць з яго “чырвонага біскупа”, пераўтварыць у палітычную марыянетку савецкай улады.lxi

Значнай была роля кс. Адама і ў дзейнасці беларускіх культурна-асветніцкіх устаноў. У 1924-1926 гг. ён узначальваў Таварыства Беларускай Школы і Беларускую Школьную Раду. Пад яго кіраўніцтвам распрацоўваецца план шырокага руху падачы ўладам дэкларацыяў аб адкрыцці беларускіх школ (гэтую тактыку пасля выкарыстала БСРГ). З вясны 1923 г. кс. Ад. Станкевіч актыўна выступае з публічнымі лекцыямі і рэфератамі, прысвечанымі разнастайным юбілеям беларускай гісторыі і культуры. Асабліва варта адзначыць яго ўдзел у святкаванні 400-годдзя беларускага друку. Яшчэ ў 1924 г. ён увайшоў у прэзідыум камітэта па святкаванні, арганізаванага БНТ. Праз год з друку выйшла першая кніга кс. Ад. Станкевіча “Доктар Францішак Скарына – першы друкар беларускі. 1525-1925.” Ужо для гэтай работы ўласцівай падаецца тэндэнцыя, якая назіраецца і ў пазнейшых работах ксяндза: кс. Адам не абмяжоўваецца выключна прадметам даследавання, а імкнецца шырока паказаць гістарычны фон, на якім разгортваюцца падзеі, канцэнтруе ўвагу на значэнні асобы свайго героя для айчыннай гісторыі. Кніга прыцягнула да сябе ўвагу аўтарытэтных гісторыкаў, такіх, як Г. Лаўмянскі і Ул. Пічэта. Найбольш цікавая ацэнка работы ксяндза была дадзена Ул. Пічэтай, які ў час вышэйшага ўздыму беларусізацыі яшчэ мог падкрэсліваць супольнасць поглядаў буржуазных і савецкіх гісторыкаў, называючы зробленае кс. Ад. Станкевічам: “Вельмі ўдалай спробай навукова-папулярнай характарыстыкі дзейнасьці першага беларускага друкара.”lxii

Тым не менш, літаральна праз некалькі месяцаў пасля святкавання юбілея беларускага кнігадрукавання, нават фармальнаму адзінству беларускага нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі прыйшоў канец. Летам 1925 года частка БПК на чале з яго былым старшынёй Б. Тарашкевічам выйшла з клуба і стварыла клуб Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады. Момант гэты не знайшоў у беларускай гістарыяграфіі поўнага і аб’ектыўнага адлюстравання, між тым можна канстатаваць, што ён стаў своеасаблівым водападзелам, пасля якога нацыянальна-вызваленчы рух у заходняй частцы беларускіх земляў стаў разгортвацца пад лозунгам аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР, а не ўтварэння незалежнай беларускай дзяржавы, як гэта было раней. Кс. Ад. Станкевіч, Ф. Ярэміч, В. Рагуля і некаторыя іншыя беларускія дэпутаты не падтрымалі радыкальных лозунгаў Б. Тарашкевіча, С. Рак-Міхайлоўскага і інш., за што пазней былі абвешчаны здраднікамі інтарэсаў беларускага народа. Між тым, як ужо гаварылася вышэй, нават некаторыя савецкія гісторыкі прызнавалі, што не пайшоўшыя за БСРГ дэпутаты Сойму працягвалі стаяць на пазіцыі імкнення да незалежнасці Беларусі, востра крытыкуючы дзейнасць польскага ўрада ў адносінах да беларусаў. Кс. Ад. Станкевіч стаў на чале групоўкі, якая заняла крытычнае адносна БСРГ становішча. Ва ўмовах, калі шырокія масы рабочых і сялян пачалі ўступаць у “Грамаду”, адмежаванне беларускага ксяндза ад гэтай арганізацыі сапраўды выклікала неразуменне і крытыку з боку яго былых паплечнікаў. Асабліва “кляйміў” кс. Адама тагачасны фактычны рэдактар грамадоўскіх выданняў А. Луцкевіч. З гістарычнай перспектывы адносіны кс. Ад. Станкевіча да БСРГ падаюцца больш зразумелымі. Кс. Ад. Станкевіч разглядаў Грамаду як арганізацыю, якая не з’яўляецца самастойнай і сваім масавым характарам выйшла з-пад кантроля яе кіраўнікоў і таму лёгка стала аб’ектам правакацый з боку камуністаў і палякаў. Яшчэ вясной 1926 г. паміж дзеячамі БПК і БСРГ рабіліся неаднаразовыя спробы аб’яднаць намаганні ў барацьбе за правы беларусаў, але ўсе яны былі беспаспяховымі. 10 сакавіка 1926 г. на паседжанні беларусаў-паслоў Б. Тарашкевіч заявіў: “калі вы не хочаце быць нашымі хаўруснікамі ў барацьбе з буржуазіяй і капіталістамі, то мы знойдзем сабе хаўруснікаў больш рашучых і смелых,”lxiii – а 18 красавіка 1926 г. кс. Ад. Станкевіч і В. Рагуля пакінулі паседжанне Віленскага БНК, што канчаткова аформіла раскол беларускага руху.lxiv Пад уздеяннем радыкалізацыі мас і упартага нежадання палякаў ісці на ўступкі для беларусаў пазіцыя кс. Ад. Санкевіча станавілася ўсё больш радыкальнай. Ён быў адным з першых, хто ў Сойме сцвердзіў, што Ю. Пілсудзкі пасля майскага перавароту 1926 г. імкнецца атрымаць лаўры Б. Мусаліні,lxv больш таго, кс. Ад. Станкевіч заявіў, што магчымасці мірнага супрацоўніцтва з палякамі практычна вычарпаліся: “Праўду кажучы, ніколі вялікае вагі рэвалюцыі не прыдаваў і ў вынікі рэвалюцыі на далейшую перспектыву не верыю і не веру. Але дзеля таго, што рэвалюцыя дае часам аздараўленьне грамадзянскаму арганізму і нейкія перпекывы на будучыню, дык хоць тым пацяшаю сябе, і ў гэтым бачу частку ратунку для свайго народу. Бо, панове, усе нашыя іншыя надзеі вы даўно ўжо дзіка павыдзіралі з нас.”lxvi

У падобных умовах востра паўстала пытанне і аб прыстасаванні прагармы беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў да існуючай сітуацыі. Да гэтага часу БХДЗ уяўляла сабой хутчэй палітычны клуб, чым уплывовую палітычную партыю, аднак пасля з’яўлення і хуткага росту БСРГ хадэкам неабходна было надаць сваёй партыі стымул да рэальнай палітычнай работы. 24 кастрычніка 1926 г., на ўрачыстым святкаванні 10-годдзя “Biełaruskaj Krynicy” быў прыняты новы статут і палітычная праграма Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі (БХД), выбраны новы ЦК партыі. Адкрыў паседжанне кс. Ад. Станкевіч. Сваю прамову ён скончыў лозунгам: “Няхай жыве беларускае сялянства, няхай жыве Беларускі Народ.” Кс. Адам фігуруе ў ЦК БХД на другім месцы пасля П. Карузы.

На наступны дзень ЦК БХД зацвердзіў новую праграму партыі. Бясспрэчна, роля кс. Ад. Станкевіча ў распрацоўцы новай праграмы была вельмі значнай, а калі звярнуць увагу на той факт, што польскія органы бяспекі заўсёды лічылі кс. Ад. Станкевіча галоўным адказным за палітычную лінію БХД, то можна нават меркаваць, што галоўныя палажэнні праграмы, яе асноўны змест, былі менавіта рэзультатам яго дзейнасці (найбольш рашуча ў падтрымку радыкалізацыі праграмы БХД выступалі толькі тры ксяндзы: Ад. Станкевіч, В. Гадлеўскі, і К. Сваяк (псеўданім ксяндза-паэта К. Стэповіча, які памёр на руках у кс. Ад. Станкевіча вясной 1926 г.)). Праграма давала магчымасць належаць да партыі і каталікам і праваслаўным, аперыравала многімі радыкальнымі сацыяльнымі лозунгамі (надзяленне зямлёй без выкупа па працоўнай норме, канфіскацыя земляў царквы і касцёла і г. д.).lxvii

Значны ўдзел прымаў кс. Ад. Станкевіч і ў актывізацыі культурна-асветніцкай дзейнасці беларускіх хадэкаў. У 1926 г. ён вымушаны быў пакінуць ТБШ і БНТ і стаў скарбнікам у новастворанай культурнай арганізацыі пад эгідай БХД – Беларускім Інстытуце Гаспадаркі і Культуры (БІГіКу). У перыяд з лета 1926 да мая 1927 г. быў кіраўніком Віленскага аддзела БІГіК. Надзвычайную важнасць у працы хадэкаў мела набыццё кс. Ад. Станкевічам і Ф. Ярэмічам у маі 1926 г. часткі друкарні “Lux” у Вільні і заснаванні на яе аснове Беларускай друкарні імя Ф. Скарыны.lxviii Друкарня праіснавала да 1940 г. і адыграла выключную ролю ў беларускім нацыянальным жыцці (толькі кнігаў за 15 гадоў было надрукавана не менш 146-ці, выдаваліся ўсе хадэцкія перыёдыкі, значная частка перыядычных выданняў іншых палітычных груповак, нават пасольскага клуба “Змаганне”).

Удар, нанесены ў студзені 1927 г. палякамі па БСРГ, быў ударам і па ўсяму беларускаму руху. Кс. Ад. Станкевіч, хутчэй за усё, добра разумеў гэты факт і адразу прыняў удзел у акцыях пратэсту. Амаль адразу пасля разгрому “Грамады” пачаліся рэпрэсіі і супраць беларускіх хадэкаў. Да двух гадоў турэмнага зняволення быў прыгавораны кс. В. Гадлеўскі, а 11 красавіка 1927 г. віленскі біскуп Р. Ялбжыкоўскі забараніў кс. Адаму супрацоўнічаць з БХД у палітычнай сферы, дзеля чаго ксёндз быў вымушаны адмовіцца ад пасады ў ЦК БХД.lxix Гэта прывяло да рэзкага падзення яго актыўнасці ў Сойме. Аднак, як сведчаць архіўныя дадзеныя, кс. Ад. Станкевіч асабіста запрашаў на з’езд 1927 г. кіраўнікоў хадэцкіх гурткоў з Баранавіцкага і Ляхавіцкага паветаў. На першым з’ездзе БХД, што адбыўся 18 лістапада 1927 г., Ад. Станкевіч фактычна яшчэ займаў становішча лідэра. Ён быў абраны саршынёй з’езду, выступаў з праграмным двухгадзінным дакладам “Ідэалогія БХД” і быў выбраны ў ЦК партыі.lxx У Сойм кс. Адам, аднак, балатавацца не мог і ў 1928 г. дэпутатамі ад БХД сталі П. Каруза і А. Стэповіч. На другім з’езде БХД 25 лістапада 1928 г. кс. Ад. Станкевіч ізноў быў выбраны ў ЦК, але гэта была бадай што апошняя вялікая палітычная акцыя з яго адкрытым удзелам. 10 снежня 1928 г. арцыбіскуп Р. Ялбжыкоўскі выдаў 2 дакументы, у якіх сцвярджалася: “БХД дапускае памылкі рэлігійнай індэферэнцыі і бальшавізму”, “каталікам, а тым больш каталіцкім ксяндзам да арганізацыі “БХД” ні належаць, ні якім-небудзь чынам падтрымліваць нельга.”lxxi Гэта быў афіцыйны дакумент, праігнараваць які было проста немагчыма. Кс. Ад. Станкевіч выйшаў з кіраўніцтва БХД і пакінуў гэтую арганізацыю.

Прыкладна з пачатку 1929 г. і да 1933-1934 гг. імя кс. Адама знікае з афіцыйных паведамленняў аб мерапрыемствах (пынамсі палітычных), што праводзіліся БХД. Ён, па ўсёй бачнасці, на самай справе адыходзіць на другія ролі ў кіраўніцтве партыяй, канцэнтруючыся на культурна-асветніцкай рабоце. Тым не менш, уплыў ксяндза на ідэалагічную лінію арганізацыі быў значны, так 10 снежня 1929 г. кс. Ад. Станкевіч на паседжанні кіраўніцтва БХД выступіў супраць канфіскацыі уладамі праваслаўных (раней уніяцкіх цэркваў на карысць каталіцкага касцёла). Гэтае выступленне перадвызначыла аб’яднанне намаганняў беларусаў-каталікоў і беларусаў-праваслаўных у барацьбе за свае правы.

Значнай падзеяй у палітычнай дзейнасці кс. Адама ў пачатку 1930х гг. стала яго супрацьстаянне з Цэнтрасаюзам, створаным А. Луцкевічам і Р. Астроўскім, пасля разгрому БСРГ перайшоўшымі ў лагер санацыі. Ужо ў 1930 г. А. Луцкевіч абвінавачваў хадэцыю ў сувязях з камуністамі: “Хадэцыя – з поўнай сьведамасьцяй таго, што робе, пашырае сярод грамадзянства ўсю тую ілжу компартыі, якая фабрыкуецца апошняй з мэтай “ўзарваньня” нашых гімназіяў,”lxxii – пісаў ён. Размова ішла ў першую чаргу аб уплывах на беларускія навучальныя ўстановы. Р. Астроўскі, займаючы пасаду дырэктара Віленскай Беларускай Гімназіі, разам з А. Луцкевічам імкнуўся да таго, каб пазбавіць кс. Ад. Станкевіча пасады прэфекта гімназіі, якую ён займаў з 1919 г. У пачатку 1933 г. ВБГ была пераўтворана ў філію польскай гімназіі імя Ю. Славацкага, а восенню 1933 г., у выніку арганізаванага санатарамі байкоту кс. Адам быў з гімназіі звольнены.lxxiii Варта толькі звярнуць увагу на той факт, што яшчэ вясною 1932 г. Р. Астроўскі называў кс. Ад. Станкевча “nieodpowiedzalnym” (г. зн. ценявым, безадказным) кіраўніком БХД.lxxiv

Выключна дрэнныя былі і адносіны з КПЗБ. У 1934 г. з’явілася брашура А. Гарадоцкага “Як Беларуская Хадэцыя гандлюе крывёю рабочых і сялян”, дзе кс. Адам адкрыта абвінавачваўся ў сувязях з польскай разведкай і адносіўся да ліку злейшых ворагаў беларускага народа.

Тым не менш, нават польскія афіцыйныя выданні прызнавалі: “сярод розных беларускіх кірункаў палітычных, якія змяняюцца звычайна вельмі лёгка і хутка, толькі беларуская хадэцыя ўтрымлівае паслядоўную лінію.”lxxv

1930я гг. сталі найбольш плённым перыядам у творчай працы кс. Адама. Гэтаму спрыялі адносна добрыя ўмовы для работы (калі ў 1920х гг. кс. Адам быў паглынуты палітыкай, то грунтоўна займацца навукай у 1940х гг. перашкаджала ваеннае ліхалецце) і выхад светапогляду кс. Ад. Станкевіча на ўзровень сапраўднай ідэалагічнай работы, калі ранейшыя асобныя думкі складаюцца ў адзіную канцэпцыю гісторыі Беларусі і пачынаюць набываць філасофскае абгрунтаванне. Толькі у 1930х гадах убачылі свет 12 кнігаў кс. Адама. Агульную характарыстыку работ кс. Ад. Станкевіча даў Ул. Конан, аднак творчасць ксяндза патрабуе, безумоўна, больш шырокага аналіза, аднак можна абмежавацца толькі некаторымі асноўнымі заўвагамі.

Творы ксяндза варта разглядаць найперш у двух асноўных аспектах: канкрэтна-навуковым і ідэалагічным. Негледзячы на свае, як правіла, невялікія памеры кнігі кс. Адама вылучаюцца каштоўнасцю пададзенай інфармацыі, грунтоўным аналізам першакрыніц. Вось толькі некалькі прыкладаў. Так, кс. Ад. Станкевіч грунтоўна вывучае спадчыну К. Каліноўскага, шукае ў архівах Другой Рэчыпаспалітай асобныя нумары “Мужыцкай праўды”, перапісваецца з гісторыкамі і краязнаўцамі. Сярод папер кс. Ад. Станкевіча захавалася копія ліста К. Каліноўскага, арыгінал якога да сённяшняга дня невядомы даследчыкам. У кнізе “Ф. Багушэвіч. Яго жыццё і творчасць” ксёндз змясціў рэдкі фотаздымак беларускага паэта, які пасля смерці ксяндза трапіў у Гудзевіцкі музей і выкарыстоўваецца цяпер у многіх выданнях. Кнігі кс. Ад. Станкевіча, прысвечаныя К. Каліноўскаму, Ф. Багушэвічу, Б. Эпімаху-Шыпіле, К. Сваяку – фактычна пераўтварыліся ў каштоўныя першакрыніцы. Нават знаходзячыся ў спецфондах, яны актыўна выкарыстоўваліся гісторыкамі савецкага часу – Р. Семашкевічам, Я. Кісялёвым, А. Смірновым.

Большасць невялікіх брашур кс. Ад. Станкевіча магла з часам пераўтварыцца ў грунтоўныя манаграфіі, аднак адсутнасць сродкаў для выдання і часу не далі ксяндзу ў поўнай меры рэалізаваць свае творчыя задумкі.

Міхал Баброўскі, Кастусь Каліноўскі, Францішак Багушэвіч, Браніслаў Эпімах-Шыпіла ў разуменні кс. Ад. Станкевіча ўвасабляюць паступовы шлях адраджэння беларускага народа пасля стагоддзяў заняпаду, рэлігійнага і нацыянальнага прыгнёту. Ад М. Баброўскага, які захапляўся старабеларускімі рукапісамі і хацеў выратаваць уніяцтва, праз К. Каліноўскага і Ф. Багушэвіча, што сфармулявалі асноўныя пастулаты беларускага адраджэння, да Б. Эпімаха-Шыпілы, які ўсё сваё жыццё прысвяціў таму, каб гэтыя пастулаты ўвасобіць у жыццё, фарміравалася, паводле кс. Ад. Станкевіча, ідэалогія беларускага нацыянальнага вызвалення.

У канцы лістапада 1935 года “Biełaruskajа Krynicа” надрукавала аб’яву аб выхадзе ў свет кнігі кс. Ад. Станкевіча “Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення” (на вокладцы кнігі чамусці паказаны 1934 год выдання).lxxvi Ва ўмовах, калі ў пачатку 1930х гг. беларуская савецкая гістарычная навука атрымала татальную забарону на распрацоўку тэмаў звязаных з беларускім нацыянальна-вызваленчым рухам, кнігі кс. Ад. Станкевіча сталі, па-сутнасці, адзінай у той час спробай асэнсаваць гісторыю беларускага руху з нацыянальных пазіцый. Кс. Ад. Станкевіч канцэнтраваў сваю ўвагу на ўключэнні барацьбы беларусаў за нацыянальнае вызваленне ў агульнаеўрапейскі кантэкст (ад Вялікай Франузскай рэвалюцыі да пачатку ХХ ст.), адлюстраванні пераемнасці паміж К. Каліноўскім – беларускімі народнікамі – дзейнасцю заснавальнікаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Вышэйшай ступенню беларускага руху кс. Ад. Станкевіч лічыў 25 сакавіка 1918 г., адзначаючы, што акт 25 сакавіка нясе беларусам “не капіталістычны буржуазны грамадзкі лад”, а што ён “нясе нашаму народу прадусім волю, каб ён сам сабе завёў такі грамадзкі лад, які ён захоча і які будзе ўважаць за найбольш для сябе карысным.”lxxvii Значэнне гэтай работы кс. Ад. Станкевіча цяжка перацаніць. У БССР К. Каліноўскі, Ф. Багушэвіч, Ф. Скарына былі выкрэсленыя са спісаў нацыянальных герояў, любыя праявы патрыятызму кваліфікаваліся як “нацдэмаўшчына”, у сваю чаргу ўвага беларускіх хадэкаў да гісторыі беларускага нацыянальнага руху давала працоўным Заходняй Беларусі пэўныя арыенціры ў барацьбе не толькі за сацыяльнае але і за нацыянальнае вызваленне. Як ускосна сведчаць дзённікі М. Танка, нават адыход кіраўніцтва КПЗБ ад сектанцкіх, нігілістычных па нацыянальнаму пытанню пазіцый у другой палове 1930х гг. адбываўся менавіта ў барацьбе з хадэкамі за ідэйную спадчыну такіх даўно забытых у Мінску асоб, як К. Каліноўскі.lxxviii

Не спынялася ў 1930-я гады і рэлігійна-асветніцкая работа кс. Ад. Станкевіча. Так, у чэрвені 1935 г. ксяндзы Гадлеўскі, Станкевіч і Глякоўскі арганізавалі першую беларускую пільгрымку ў Віленскую Кальварыю. І калі ў першай пільгрымцы брала ўдзел усяго да 300 чалавек, то праз год ужо не менш 500.lxxix На пільгрымкі збіраліся не толькі віленчукі, але і сяляне з іншых мясцовасцяў. Вось што ўспамінаў пра пільгрымку 1938 г. ксёндз Віктар Шутовіч: “А шпіцлі кругам аж кішэлі. Сцільна да юбілянтаў прамовіў Адамка [кс. Ад. Станкевіч – А.В.] у касцёле і выйшлі на вуліцу… Народу нашага было больш як тысяча, зусім здавальняючая колькасць. Стацыі абыходзілі энэргічна, прамаўлялі па калейцы. Я гаварыў набожна аб Хрысце толькі, Германовіч ужо з гарачай дамешкай патрыятызму, а наш Адам зусім салідна ўсё разам лучыў і беларускі патрыятызм і наша рэлігійнае жыццё. Былі мясцы ў ягонай прамове, вельмі шчыпучыя за сэрца.”lxxx

Да самай сваёй высылкі з Вільні кс. Ад. Станкевіч выступаў з беларускімі казаннямі. Некаторыя з іх сталі шэдэўрамі красамоўства і беларускай філасофскай думкі. Напрыклад, выступаючы ў касцёле св. Мікалая ў сувязі з 950–годдзем хрысціянства, кс. Ад. Станкевіч падкрэсліў важнасць прыняцця хрысціянства, бо яно дало беларускаму народу не толькі рэлігію, але і этыку і разуменне сацыяльнай справядлівасці, эстэтычныя пачуцці (архітэктура, мастацтва, музыка), адыграла значную ролю ў працэсе фарміравання беларускай народнасці. Слушна аўтар робіць заўвагу, што беларусы павінны шукаць у хрысціянстве не шляхі да разыходжання, а аб’яднаўчыя моманты і імкнуцца да вызвалення ад чужога хрысціянства і народу палітычнага элементу ў ім, і абавязкова павінны карыстацца сваёй мовай.lxxxi На аснове гэтай “Прамовы…” кс. Ад. Станкевічам была напісана кніга “Хрысціянства і беларускі народ. Спроба сінтэзы”, якая стала вяршыняй яго творчасці як філосафа.

18 кастрычніка 1936 г. была заснавана Беларуская Каталіцкая Акцыя, у якой кс. Адам заняў пасаду віцэ-старшыні (старшыня Я. Германовіч).lxxxii Гэтая арганізацыя мела на мэце “пашырэнне хрысціянскай ідэі ў жыцці беларускага грамадства ва ўсіх галінах грамадскага жыцця”. БКА правяла шэраг культурна-масавых мерапрыемстваў, вяла барацьбу за адкрыццё ў Вільні касцёла для беларусаў. У канцы 1936 г. была нават дасягнута адпаведная дамоўленасць з архіепіскапам Ялбжыкоўскім аб перадачы беларусам касцёла св. Ганны, але з гэтага нічога не атрымалася.

Менавіта на пачатак 1930х гг. прыпадае час найбольшай актыўнасці кс. Ад. Станкевіча як кнігавыдаўца. Першымі выданнямі, што былі надрукаваны пад рэдакцыяй кс. Ад. Станкевіча, сталі календары газеты „Krynica”, выдадзеныя яшчэ ў 1920 і 1921 гг. Першай жа кнігай пад рэдакцыяй ксяндза сталі дзве часткі “Нядзеляшнія Эвангеліі і Навукі” (1921-1922 гг.) напісаныя кс. Ідэльфонсам Бобічам. На працягу наступных гадоў (з 1921 па 1940 гг.) убачылі свет каля 60 кніг, рэдактарам якіх быў кс. Адам.lxxxiii Тэматыка іх надзвычай шырокая: рэлігійная літаратура, кнігі па гісторыі, культуры, этнаграфіі Беларусі і мастацкая літаратура. Большасць з іх аздоблены прадмовамі і рэцэнзіямі кс. Ад. Станкевіча, якія часта друкаваліся ім у тагачаснай беларускай прэсе пад псеўданімам А. Сакалінскі. Кс. Ад. Станкевіч выступаў не толькі як выдатны арганізатар, але сам заахвочваў да творчай працы беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, напрыклад, М. Машару, К. Сваяка, В. Адважнага. Аб бясспрэчным аўтарытэце кс. Адама ў гэтай сферы сведчаць словы з ліста В. Шутовіча, які ён адрасаваў свайму блізкаму сябру: “Па калядах пачну пісаць драму таксама, а пасля камедыі і гэтак без канца. Калі хочаш, запытайся кс. Адама, чаго вартая гэтая мая ўжо напісаная драма. Я аддам яе кс. Адаму, як буду на каляды ў Вільні.”lxxxiv Нават сам Максім Танк згадваў, што кс. Адам Станкевіч быў адным з першых слухачоў яго паэмы “Янук Сяліба”. Прыходзілася маладым паэтам у справах выдавецтва сваіх зборнікаў дапамагаць і грашова. Напрыклад, напярэдадні Другой Сусветнай вайны кс. Ад. Станкевіч дапамог А. Іверсу ў выданні яго першай кнігі “Песьні на загонах”. На рэцэнзаванне аддавалі свае творы кс. Ад. Станкевічу і куды больш сталыя асобы, напрыклад, кс. В. Гадлеўскі. Ажыццяўляў кс. Ад. Станкевіч і выданне кніг класікаў беларускай літаратуры Якуба Коласа і Францішка Багушэвіча, хаця тут не абыходзілася без эксцэсаў. Так, у адным з нумароў газеты “Беларускі звон” за 1931 г., што выдаваўся групоўкай Антона Луцкевіча, быў надрукаваны артыкул “Ксяндзоўская цэнзура”, дзе кс. Ад. Станкевіча як рэдактара юбілейнага зборніка твораў Ф. Багушэвіча абвінавачвалі у тым, што ён выкінуў з вершаў паэта некалькі радкоў, якія змяшчалі нецэнзурную лексіку. Увогуле ж давер да кс. Адама быў вялікі. Напрыклад, ахвяраванні на адзін беларускі малітоўнік збіраліся адразу на яго асабісты рахунак у банку (хто яшчэ з беларускіх дзеячоў мог пахваліцца такім даверам). Аднак гэтым і карысталіся. Так, летам 1930 г. з’явілася кніга з выстаўленным на ёй аўтарствам кс. Ад. Станкевіча, хаця ён гэтай кнігі ніколі не пісаў.

Такая шырокая выдавецкая работа патрабавала, натуральна, адпаведных арганізацыйных форм. Так, яшчэ ў 1919 г. у Вільні было заснавана Беларускае выдавецкае таварыства, дзе кс. Ад. Станкевіч займаў пасаду скарбніка. Найшырэй, аднак, разгарнулась дзейнасць беларускіх хадэкаў, калі 19 лютага 1929 г. было зарэгістравана Беларускае Каталіцкае Выдавецтва (БКВ). Статут БКВ ставіў задачы выдаўніцтва часопісаў, кніжак каталіцкага зместу, правядзенне чытанняў, тэатральныя пастаноўкі і г.д. Сябры выдавецтва рабілі грашовыя складкі, і чым маглі, дапамагалі выдавецкай справе. Кс. Ад. Станкевіч з 1928 па 1933 гг. выконваў абавязкі сакратара гэтай арганізацыі, а з 1933 г. з’яўляўся яе старшынёю. Нягледзячы на цяжкае фінансавае становішча, БКВ да канца 1930-х гг. здолела выдаць каля 20 кніг. Важна таксама згадаць дзейнасць выдаўніцтва часопіса “Хрысціянская Думка”, што ўзначальвалася кс. Ад. Станкевічам. Гэтае выдаўніцтва прапаноўвала чытачам галоўным чынам перадрукі з вышэйзгаданага часопісу ў форме кніжачак. lxxxv

Кс. Ад. Станкевіч пакіраваў Беларускую Хрысціянскую Дэмакратыю да рэформы партыі, якая адбылася ў студзені 1936 г. БХД атрымала назву Беларускае Народнае Аб’яднанне, пазбавіўшыся такім чынам навад ад фармальнай “апекі” з боку біскупскай курыі. Паводле праграмы БНА членам партыі мог быць і праваслаўны і каталік, якому былі б блізкія “імкненне да незалежнасці беларускага народу на абшары ўсіх яго этнаграфічных земляў, аб’яднаных у адзіны дзяржаўны арганізм, дэмакратычныя лозунгі роўнасці і грамадзянскай справядлівасці, супраць усялякіх формаў дыктатуры: капіталізму, фашызму і камунізму”.lxxxvi Такі ухіл у бок радыкальных лозунгаў прымусіў паэта-камуніста М. Танка запісаць у сваім дзённіку наступнае іранічнае чатырохрадкоўе:

Ксёндз на сутану ўздзеў сярмягу,

Пачаў нат лапці абуваць,

Трыбух крыху падціснуў дзягай

Каб лепш дурманам гандляваць.lxxxvii

Аднак у заходнебеларускіх камуністаў існавала выдатнае разуменне таго, што акрамя КПЗБ толькі БХД-БНА карыстаецца аўтарытэтам у насельніцтва Заходняй Беларусі. Таму яшчэ ў верасні 1935 г. ЦК КПЗБ звярнуўся да БХД з прапановай аб супрацоўніцтве ў стварэнні адзінага антыфашысцкага фронту.lxxxviii Праз месяц ЦК БХД адкінуў гэтую прапанову па прычыне таго, што не мог разглядаць КПЗБ як самастойную палітычную арганізацыю, а бачыў у ёй сродак распаўсюджання прыхільнасці да БССР, дзе ў той час праходзілі самыя жорсткія рэпрэсіі супраць беларускай нацыянальнай інтэлегенцыі. Праўда гэта зусім не азначала поўнай адмовы ад супрацоўніцтва. Ужо ў 1936 г. разгарнулася шырокае супрацоўніцтва паміж БІГіКам і ТБШ (культурна-асветніцкія арганізацыі, што знаходзіліся пад уплывам БХД і КПЗБ) у сферы змагання за беларускую школу, праведзены цэлы шэраг сумесных мерапрыемстваў. У лютым 1936 г. кс. Ад. Станкевіч даў інтэрв’ю віленскаму леваму выданню “Poprostu”, дзе станоўча ацаніў ідэю стварэння адзінага анытфашысцкага фронту.lxxxix Яшчэ ў пачатку 1936 г. паміж БХД і КПЗБ была дасягнута неафіцыйная дамоўленасць аб супрацоўніцтве. Перамовы з камуністамі з боку БНА вёў Я. Пазняк, кс. Ад. Станкевіч толькі накіроўваў ідэалагічную лінію партыі. Найбольш плённым супрацоўніцтва камуністаў і хадэкаў было ў часопісе “Калосьсе”, што з 1935 г. выдаваўся як беларускі навукова-літаратурны квартальнік. “Калосьсе”, асабліва пасля забароны палякамі “Biełaruskaj Krynicy” (вясна 1937 г.), ТБШ і БІГіКу (восень 1936 г.) стала важнай трыбунай для беларусаў у барацьбе за свае правы. Але і тут не абыходзілася без канфліктаў. Закранем толькі адзін сюжэт.

У апошнім нумары “Калосься” за 1935 г. кс. Ад. Станкевіч надрукаваў артыкул “Цені і блескі (Да лёзунгу “Культура нацыянальная формай – камуністычная зместам”), дзе, прызнаючы пэўныя поспехі беларускай савецкай культуры, раскрытыкаваў яе па сутнасці: “Прадусім гэта культура выключае элемент нацыянальны, выключае паняцце народу як грамадзкай групы, сьведамай сваёй асобнай нацыянальнасьці,”xc – пісаў ён. Такі падыход выклікаў бурлівую рэакцыю ў камуністаў, якія літаральна прымусілі хадэкаў надрукаваць артыкул з палемічным адказам. Водпаведзь напісаў Г. Смоляр, які паводле М. Танка “у пух і прах разбіў усе довады гэтага прызнанага лідэра хадэцыі, які выступіў з кадзідлам і крыжам супраць новай сацыялістычнай культуры”.xci Не ўнікаючы глыбока ў палеміку аўтараў, скажу толькі, што калі з погляду марксісцкай ідэалогіі артыкул мгр. Аленьчука (псеўданім Г. Смоляра), сапраўды выглядае больш моцным, то кс. Ад. Станкевіч больш цвяроза глядзеў на рэальную палітычную сітуацыю ў БССР. Вялікі рэзананс выклікала гэтая палеміка і паміж чытачамі “Калосься”, якія нават не здагадваліся аб супрацоўніцтве хадэкаў з камуністамі. “Падазраваў бы Ф. Грышкевіча… ў аўтарстве палемічнага артыкулу з Ад. Ст. у астатнім нумары Калосся. У кожным разе нехта валодаючы агульнай адукацыяй і спецыяльнай у галіне матэрыялістычнай філасофіі,”xcii – пісаў С. Грынкевіч у адным з лістоў да кс. У. Талочкі.

Аднак рэформа БХД выклікала супраціўленне і ўнутры партыі. Многія прыхільнікі хрысціянска-дэмакратычных каштоўнасцяў зрабілі вывад, што БХД перажывае глыбокі крызіс. Кс. У. Талочка ў адкрытым лісце да ЦК БНА пісаў: “Ня ўжо вы дапусьціце, каб гэтае дзіцянё, што з такою натугаю родзіць наша Бабуля Хрысьціянка Добрая [маецца на ўвазе пераўтварэнне БХД ў БНА – А. В.] ды было ня хрышчаным… Адзін бо мізэрненькі параграфік, які з ласкі свае дазваляе БНА існаваць рэлігіі, – не гварантуе хрысьціянскасьці.”xciii У падобным ідэйным кірунку, выбраным БНА, вінавацілі найперш кс. Ад. Станкевіча. “Паводле маіх інфармацыяў некаторыя дзячы здзіўленыя эвалюцыяй кс. Ад. Ст. у сферы палітычных поглядаў,”xciv – пісаў С. Грынкевіч, па-сутнасці намякаючы на прыхільнасць кс. Ад. Станкевіча да супрацоўніцтва з камуністамі.

Самую значную апазіцыю кс. Ад. Станкевічу склаў другі ідэолаг БХД – кс. В. Гадлеўскі, які і пайшоў на раскол партыі. Па ўсёй бачнасці ён разглядаў стварэнне адзінага антыфашысцкага Народнага фронту як спробу савецкіх спецслужбаў справакаваць палякаў да канчатковага разгрому беларускага нацыянальнага руху. У чэрвені 1936 г. кс. В. Гадлеўскі выдаў першы нумар газеты “Беларускі Фронт”, дзе рашуча адмаўляўся ад палітычнай лініі БНА. Вось што пісаў кс. Ад. Станкевічу кс. Я. Рэшэць з нагоды выданя кс. В. Гадлеўскім першага нумару “Беларускага Фронту”: “Аказваецца, што “Беларуская Крыніца” так ужо моцна захісталась у сваёй незалежніцкай ідэалогіі, што трэба ад яе ўцякаць, каб у катастрафальных развалінах не пахаваць сябе і ўсё што жывое – беларускае.”xcv

Да самага пачатку Другой Сусветнай Вайны кс. Ад. Станкевіч успрымаўся палякамі як адзін з лідэраў беларускіх хадэкаў. Калі з канца 1936 г. польская адміністрацыя ўзяла курс на поўны разгром беларускага нацыянальна-вызваленчага руху і ў першую чаргу наймацнейшай яго пляцоўкі – БНА, кс. Ад. Станкевіч быў сярод першых, хто трапіў пад рэпрэсіі. У лістападзе 1936 г. у яго быў праведзены вобыск (многія матэрыялы пасля так і не былі вернутыя віленскай паліцыяй), а ў канцы 1938 г. віленскі ваявода Бацянскі выдаў загад аб высяленні кс. Ад. Станкевіча за межы пагранічнай зоны з Літвой на пяць гадоў. Іншыя кіраўнікі БХД-БНА, напрыклад Я. Шутовіч, трапілі ў канцэнтрацыйны лагер у Бярозе-Картузскай. Сваёй дзейнасці кс. Ад. Станкевіч не спыніў і ў Слоніме. Ён сустракаўся з рознымі людзьмі (магчыма нават дзеячамі незадоўга да гэтага распушчанай КПЗБ),xcvi напісаў некалькі грунтоўных артыкулаў і рэцэнзій, наведваў Вільню (пры чым адзін раз выступаў сведкам абароны ў судзе па справе Г. Дэмбінскага, заснавальніка газеты “Poprostu”).xcvii

З пачатку Другой Сусветнай вайны Слонім, як і ўся Заходняя Беларусь, апынуўся пад кантролем Чырвонай Арміі. Ужо 3 кастрычніка 1939 г. ён пакінуў Слонім і праз дзень прыбыў у Вільню. Наступныя восем месяцаў можна назваць зорным часам у грамадска-палітычнай рабоце кс. Адама. Пасля таго, як Вільня адыйшла да Літвы, ён у поўнай меры паспрабаваў рэалізаваць праграму палітычнага супрацоўніцтва беларусаў і літоўцаў. Кс. Адам аднавіў выданне “Krynicy”, сустракаўся з прэзідэнтам Літвы А. Сметонай, узначаліў Беларускі Цэнтар у Літве. Літоўцы, замацаваўшыся ў Вільні, пачалі патроху прыціскаць беларусаў, узнік канфлікт паміж Беларускім Цэнтрам у Літве і Беларускім Культурна-Прасветным Таварыствам (аб гэтых падзеях чытач можа даведацца з артыкула “Сцежкамі Сымона Якавюка”), аднак ператварэнне Літвы ў Савецкую рэспубліку летам 1940 г. прынцыпова змяніла палітычную сітуацыю ан Віленшчыне.

У канцы 1939-пач. 1940 г. кс. Ад. Станкевіч паспеў надрукаваць яшчэ дзве свае кнігі: “На сьвята маткі” і “Хрысьціянства і Беларускі Народ. Спроба сынтэзы”. Асаблівае значэнне мела апошняя кніга. Пісаць яе кс. Адам пачаў яшчэ ў другой палове 1930-х гг., даводзіў рукапіс ужо знаходзячыся ў Слоніме. “Хрысціянства і Беларускі Народ” стала своеасаблівым падсумаваннем філасофскіх пошукаў кс. Ад. Станкевіча. Аб гэтай кнізе, як аб адным з самых сур’ёзных абгрунтаванняў беларускай нацыянальнай ідэі можна пісаць шмат. Спадзяемся, што выдадзеная ў серыі “Беларускага Кнігазбору”, гэтая кніга праз 65 гадоў пасля першага выданя ізноў вернецца да шырокага чытача.

Пачалася Вялікая Айчынная вайна. Кс. Ад. Станкевіч працягваў заставацца пробашчам у касцёле св. Міхала ў Вільні і выкладаў ў Віленскай беларускай гімназіі. Палітыкай ён не займаўся. У чэрвені 1941 г. хаваў на хорах касцёла групу камуністаў на чале з віленскім камісарам прапаганды Аляксеевым.xcviii Пазней ратаваў жыцці яўрэям, дапамог вызваліцца з гестапа групе смаргонскіх падпольшчыкаў-камсамольцаў. Менавіта яны восенню 1944 г., пасля першага арышту кс. Ад. Станкевіча органамі НКУС, дамагліся яго вызвалення з турмы.xcix Па звестках М. Танка кс. Ад. Станкевіч прынамсі спрабаваў прыняць удзел у вызваленні паэта-падпольшчыка В.Таўлая. У красавіку 1942г. пры Беларускім Навуковым Таварыстве кс. Ад. Станкевіч стварыў “Камісію Аховы Культурных Памятнікаў Беларусі”, якая, як сведчаць пратаколы яе паседжанняў, планавалася найперш як орган для ўстанаўлення кантактаў з беларусамі Мінска і іншых гарадоў. Перад уцёкамі немцаў з Вільні па рашэнні гэтай арганізацыі ў скляпеннях касцёла св. Міхала былі схаваныя экспанаты віленскага беларускага музея.c

Тым не менш кс. Ад. Станкевіч прымаў актыўны ўдзел у барацьбе за ўвядзенне беларускай мовы ў набажэнства. Асабліва палепшылася яго становішча пасля таго, як абавязкі біскупа ў Вільні пачаў выконваць яго стары знаёмы літовец Рэйніс. Лісты ксяндзоў-беларусаў да кс. Адама сведчаць, што менавіта ён выконваў ролю дакладчыка да Рэйніса ў розных беларускіх касцельных справах.

Удзельнічаць у палітычнай дзейнасці калабарантаў кс. Ад. Станкевіч адмовіўся. Добра ведаючы воблік Р. Астроўскага, ён адкінуў прапанову апошняга далучыцца да работы па заснаванню Беларускай Цэнтральнай Рады і, можна меркаваць, угаварыў большасць лідэраў былога БНА паступіць так-жа.ci Р. Астроўскі вымушаны быў хаваць сваю незадаволенасць кс. Адамам і вясною 1944 г. на святкаванні 25-годдзя Віленскай беларускай гімназіі нават узнагародзіў яго.

Асноўным накірункам дзейнасці кс. Адама працягвала заставацца педагагічная работа. Ён займаў пасаду прэфекта беларускіх школ горада Вільні. Цікава таксама адзначыць і той факт, што ксяндзы-беларусы К. Кулак і Ад. Станкевіч два гады выкладалі ў літоўскай духоўнай семінарыі, створанай ў 1942 г. біскупам Рэйнісам.cii За тры гады нямецкай акупацыі выйшлі з друку дзве апошнія кнігі кс. Адама. Гэта былі невялікія брашуры “Патрабнейшыя выняткі з рытуалу” і “Вучыся і маліся. Вучнёўскі малітоўнік вучня Беларускай віленскай гімназіі”.

У пачатку 1944 г., калі факт хуткага вызвалення Беларусі савецкімі войскамі стаў зразумелым, перад кс. Адамам паўстала пытанне аб магчымай эвакуацыі на захад. Цудоўна ведаючы перспектыву трапіць у лагер па абвінавачванні ў супрацоўніцтве з акупантамі (а на самай справе за беларускую нацыянальную работу ў 1920-1930 гг.) ён тым не менш прыняў рашэнне застацца на Радзіме.ciii Гэта зразумела, бо ўцёкі на захад былі б прызнаннем віны, якой кс. Ад. Станкевіч за сабой не адчуваў і не мог адчуваць.

Вызваленне кс. Ад. Станкевіч сустрэў у Вільні. Літаральна праз некалькі дзён, першага жніўня 1944 г., яго наведаў М. Танк. Вось як апісаў ён гэту сустрэчу: “У айца Станкевіча сустрэў Янку Шутовіча. Вельмі цёпла яны мяне сустрэлі, хоць і адчувалася ў іх нейкая трывога, разгубленасць, што будзе з імі? І не дзіва, бо за кватэрай ужо сачылі. Калі я чытаў ім сваю паэму “Янук Сяліба”, у пакой уварваўся нейкі тып, каб праверыць у прысутных дакументы, але маё пасведчанне змусіла яго рэціравацца. Развітаўшыся з А. Станкевічам і Я. Шутовічам я і сам падумаў, што сітуацыя складаная і невядома, што іх чакае.”civ Хутка большасць былых правадыроў БНА, што засталіся ў Вільні (кс. Ад. Станкевіч, кс. В. Шутовіч, Я. Шутовіч), была арыштаваная НКУС. Як ужо гаварылася вышэй, дзякуючы заступніцтву віленскай грамадскасці, кс. Адам быў хутка вызвалены. Наступныя некалькі гадоў кс. Ад. Станкевіч заставаўся бадай што адзіным у Вільні прадстаўніком нацыянальнай беларускай інтэлегенцыі. Да 1948 г. вёў беларускую імшу ў касцёле св. Міхала, спрадычна перапісваўся з некаторымі прадстаўнікамі беларускага замежжа (М. Забэйдай-Суміцкім і інш.), працягваў пісаць пачатую яшчэ ў гады вайны працу “Расказы з гісторыі Беларусі для школы і народу”. Тым не менш хаця б у нейкай меры кс. Ад. Станкевіч спрабаваў рэалізаваць свае ідэі па беларусізацыі каталіцкага касцёла ў БССР. Такая патрэба стала яшчэ больш актуальнай, калі на пасаду віленскага біскупа вярнуўся Р. Ялбжыкоўскі. У кастрычніку 1944 г. кс. Адам адправіў у Мінск да пісьменніка К. Чорнага Марыю Шутовіч з прапановай сумеснага звароту да кіраўніцтва БССР, каб спыніць ганенні біскупа на свядомых беларусаў-каталікоў.cv Аднак найбольшым дасягненнем у грамадскай працы ксяндза ў апошнія гады яго жыцця стаў шэраг праектаў па рэформе каталіцкага Касцёла ў БССР. У сваіх праектах, звернутых да савецкага кіраўнцтва, кс. Ад. Станкевіч абгрунтоўваў неабходнасць беларусізацыі каталіцкага касцёла на Беларусі, прапаноўваў канкрэтныя захады ў гэтай справе, даваў грунтоўны нарыс гісторыі каталіцтва на Беларусі. Гісторыкі, што пісалі пра кс. Ад. Станкевіча губляліся ў здагадках, як і пры якіх абставінах пісаў кс. Адам свае праекты, няўжо ён не бачыў, што дэклараваныя Савецкай уладай прынцыпы ўсяк парушаюцца і яго звароты толькі прыцягваюць увагу органаў НКУС да ягонай асобы. Натуральна, паўстае таксама пытанне, чаму восенню 1944 г. кс. Ад. Станкевіч быў вызвалены з турмы, бо ў сапраўднасці ніякае заступніцтва былых падпольшчыкаў не магло ўратаваць яго ад лагеру. Адказы на гэтыя пытанні часткова дае ў сваіх успамінах П. Мядзёлка, якая летам 1949 г. наведала і размаўляла з М. Шутовіч. З увагі на вялікую значнасць гэтай інфармацыі падаем яе цалкам: “Марыя Шутовіч расказала мне, што савецкія ўлады абяцалі яму [кс. Ад. Станкевічу – А. В.] поўную недатыкальнасць, абяцалі прабоства ў катэдральным касцёле, або ў Вострай браме, толькі з умовай, што ён не будзе прызнаваць рымскага папу, а створыць новы народны касцёл, незалежны ад Рыму. Кс. Адам не мог прыняць такой умовы, бо гэта ўжо будзе не Рыма-каталіцкі касцёл, а якісь іншы, і веруючыя каталікі не прызнаюць яго.”cvi Як бачым перад кс. Ад. Станкевічам адкрылася грандыёзная перспектыва свабодна рэалізаваць усе свае ранейшыя задумкі, аднак застаючыся каталіцкім ксяндзом ён выдатна ведаў, што хутка пераўтворыцца ў марыянетку савецкіх спецслужбаў і нічога, акрамя шкоды, беларускаму народу і Касцёлу не прынясе. Надрукаваныя ў папярэднім нумары “Куфэрка Віленшчыны”

Больш чым за 4 гады гэтых “перамоваў” кіраўніцтву МДБ ЛССР так і не ўдалося схіліць кс. Адама да ўступкі па найбольш прынцыповаму пытанню, і 13 красавіка 1949 г. ён быў арыштаваны.cvii Хадзіўшая ў той час па Вільні пагалоска аб прысудзе кс. Ад. Станкевічу за шпіёнскую дзейнасць на карысць Японіі на адпавядае рэчаіснасці. Як сведчыць віленскі гісторык С. Вітушка кс. Ад. Станкевіч быў арыштаваны як “славуты кіраўнік беларускага буржуазна-дэмакратычнага руху”, а пералік абвінавачванняў складаецца асноўным чынам са спасылак на яго дзейнасць у міжваенны перыяд.cviii Калі ўзяць пад увагу тое, што за гэтыя “грахі” кс. Ад. Станкевіч мог быць асуджаны адразу пасля вызвалення Беларусі, то прыходзіш да высновы, што арышт кс. Ад. Станкевіча быў выкліканы найперш неабходнасцю ліквідаваць незгаворлівага відавочцу планаў па саветызацыі каталіцкага касцёла ў СССР. Гледзячы па ўсім, яшчэ і пасля арышту сілавыя структуры не кінулі спробаў пераканаць кс. Адама, паколькі той летам 1949 г. некалькі разоў пад канвоем з’яўляўся на Полацкай №9, браў нейкія свае паперы і зноў вяртаўся на Лукішкі.cix

31 жніўня 1949 г. Асобая Нарада пры Міністэрстве дзяржаўнай бяспекі СССР прысудзіла Адаму Станкевічу 25 гадоў лагера па арт. 58 УК СССР (здрада Радзімы).cx З перасыльнай турмы ён выбыў 25 кастрычніка 1949 г., пасля чаго яго след згубіўся на доўгія гады. Адзіным чалавекам, хто працягваў шукаць кс. Адама, была яго верная паплечніца Марыя Шутовіч. Сабраныя ў адзінае цэлае сведчанні даюць наступную карціну апошніх дзён жыцця кс. Ад. Станкевіча. Кс. К. Вайчоніс паведамляе, што пасля працяглых допытаў, калі яму суткамі не давалі спаць, кс. Ад. Станкевіч знаходзіў у сабе сілы падбадзёрваць іншых вязняў.cxi Падчас падарожжа на ўсход у яго абвастрылася хвароба нырак, дало аб сабе знаць і хворае сэрца. Хворага ксяндза апякаў літовец К. Забулёніс, які ў 1956 г. і паведаміў гэтую гісторыю М. Шутовіч. Хутка па прыездзе на месца пызначэння кс. Ад. Станкевіч быў ужо блізкі да смерці. Ён памёр ноччу з 29 на 30 лістапада 1949 г. у прысутнасці К. Забулёніса.cxii Апошні, разам з беларусам В. Сікорай, пахаваў ксяндза на лагерных могілках.cxiii Афіцыйнае падцверджанне смерці кс. Ад. Станкевіча было атрымана супрацоўніцай Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі ў Гродне Н. Ляшчонак толькі ў 1990 г. У ім сцвярджалася, што кс. Ад. Станкевіч: “Был направлен в Озёрный лагерь г. Тайшет Иркутской области. Прибыл 21.11.1949 г года. Умер 4 декабря 1949 г. (в колонне №026). Похоронен на кладбище центральной больницы вблизи дер. Шевченко Тайшетского р-на, могила обозначена знаком №3-43.”cxiv Каб удакладніць разыходжанні ў даце смерці кс. Адама, звернем увагу на тое, што К. Забулёніс піша аб пахаванні 4 снежня 1949 г., менавіта гэтая дата трапіла ў афіцыйную даведку як дзень яго смерці. Складальнікі зборніка “Слуцкі збройны чын у дакумэнтах і успамінах” сцвярджаюць, што паводле інфармацыі некаторых сведкаў кс. Ад. Станкевіч быў у лагеры забіты.cxv Аўтар гэтай работы з такой інфармацыяй не сустракаўся.

 

Больш пяцідзесяці гадоў прайшло з таго дня, калі жыццёвы шлях ксяндза Адама Станкевіча трагічна абарваўся. Абарваўся ў росквіце яго творчых сілаў, калі ён, нямала напісаўшы і зрабіўшы, яшчэ толькі падступаўся да многіх важных здзяйсненняў. Зрабіўшы свой жыццёвы выбар яшчэ на зары ХХ стагоддзя, кс. Ад. Станкевіч звязаў сябе з служэннем Богу і служэннем Айчыне. Ён ніколі не аддзяляў адно ад другога, спалучаючы душпастырскую дзейнасць з актыўнай грамадска-палітычнай і культурнай работай. Думаю, што гэта было правільна тады, гэта было б правільна і зараз. Нездарма у сваім апошнім лісце да Марыі Шутовіч ойча Адам напісаў:“Я счастлив, что страдаю за такие возвышенные идеалы.” Ці не могуць гэтыя словы быць прыкладам кожнаму чалавеку, хто насуперак сучаснасці вырашыў пражыць жыццё сапраўдным хрысціянінам і патрыётам Сваёй Радзімы.

 

 

i Ян Шутовіч. На пройдзеным шляху // Ксёндз Адам Станкевіч. У 25-ыя угодкі сьвяшчэнства і беларускай нацыянальнай дзейнасьці (10.І.1915 – 10.І.1940) / Рэдагаваў і выдаў Ян Шутовіч, – Вільня, 1940. – С. 13.

ii Šutovič J. Na projdzienym šlachu // Krynica. – 1940. – №3. – S. 1.

iii Станкевич Ад. Католический вопрос в БССР и проект его разрешения (к сведению Сов[етского] правительства) // Скарыніч. – №5. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2002. – С. 185.

iv Ян Шутовіч. На пройдзеным… . – С. 21.

v Станкевіч Ад. У “палоне” паэзіі Якуба Коласа // Калосьсе.-1936.-№5.-С. 293.

vi Ян Шутовіч. На пройдзеным… .- С. 28.

vii Наша Ніва.- 1909.- №25.- 28 (8) ліпеня.- С. 396; №35-36.- 3 (16) верасня.- С. 511; №51-52.- 17 (30) снежня.

viii Беларускія пісьменнікі.- Т. 5.- Мінск: БелЭн, 1995.- С. 412.

ix Moroz M. „Krynica”. Ideołoqia i przywódcy bialoruskieqo katolicyzmu. – Białystok, 2001. – S. 36-37.

x Stankiewič Ad. Biełaruski Chryścijanski Ruch. – Vilnia, 1939. – S. 58.

xi Ibidem. – S. 60.

xii Станкевіч Ад. У “палоне”… .- С. 292.

xiii Biеłаruskaja Krynica. – 1932. – №27. – S. 2.

xiv Спіс выхаванцаў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі паводле сацыяльнага паходжання і нацыянальнасці ад 15 мая 1912 года // Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ стагоддзя. – Мінск-Мюнхен: Беларускі Кнігазбор, 1999.- С. 487-491.

xv Ведамасць паспяховасці студэнтаў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі ў Санкт-Пецярбурзе за 1914/1915 навучальны год // Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ стагоддзя. – С. 603.

xvi Рагуля Васіль. Успаміны. – Менск: ВЦ “Бацькаўшчына”, 1993. – С. 22.

xvii Stankiewič Ad. Biełaruski Chryścijanski Ruch.- Vilnia, 1939.- S. 66-67.

xviii Станкевіч Адам. Прафэсар Браніслаў Эпімах-Шыпіла (з яго жыцця і працы) // Калосьсе. – 1935. -№2. – С. 104.

xix Беларускі Дзяржаўны Архіў-Музей Літаратуры і Мастацтва (далей БДАЛіМ.) Ф. 3. воп.1. спр. 134. л 34.

xx Хто такі Гітлер (пераклад з французскай кс. Ад. Станкевіча) // Chryścijanskaja Dumka. – 1939. -№17. – S.8.

xxi Čibiras K. Pryjacielu Litoūskaha Narodu // Krynica. – 1940. – №3. – S. 8.

xxii Тарашкевіч Б. Аўтабіяграфія // Спадчына. – 1996. – №4. – С. 128.

xxiii Мікуліч М. Максім Танк. На скразняках стагоддзя. – Мінск: Мастацкая літаратура., 1999. – С. 74.

xxiv Ян Шутовіч. На пройдзеным… .- С. 38.

xxv Stankiewič Ad. Biełaruski Chryścijanski Ruch.- Vilnia, 1939.- S. 106-107.

xxvi Stankieviсz A. Rodnaja mowa ū światyniach.-Wilnia, 1929. – S. 100-101.

xxvii Архіў уніяцкіх мітрапалітаў.- Мінск-Полацк: Сафія, 2001.- С. 100.

xxviii БДАЛіМ. Ф. 3. воп.1. спр. 134. л 34.

xxixStankiewič A. Braty Biełarusy // Krynica.- 1919.- №1.- S. 1.

xxx Stankiewič Ad. Biełaruski Chryścijanski Ruch.- Vilnia, 1939.- S. 130.

xxxiSylwester Wojewódzki przed sądem marszałkowskim.- Warszawa, 1997.– S. 266.

xxxiiАрхівы БНР (Фонд № 582 Дзярж. Архіву Літвы “Рада Міністраў БНР”) / Укладальнік С. Шупа. – Вільня – Нью – Ёрк – Менск – Прага, 1998.- дак. 1564.

xxxiiiВабішчэвіч А. Станкевіч Адам Вікеньцьевіч // ЭГБ.- Т. 6.- кн. 1.- Мінск: БелЭн, 2001.- С. 403.

xxxiv У 10-я ўгодкі Першай Віленскай беларускай гімназіі // Biеłаruskaja Krynica.- 1929.- №20.- S. 1.

xxxvАнішчык К. Роднае слова – боскае // ЛіМ. -1991. – 8 сакавіка. – С. 14.

xxxvi Пецюкевіч М. У пошуках зачараваных скарбаў. – Вільня: Наша Ніва, 1998. – С. 81.

xxxvii Mova pasla ks. A. Stankievica 7.II.1923 h. Padcas razwazannia budzetnaha prowizoryum na XIII soymawym pasiedzanni u Warszawie // Krynica. – 1923. – № 2. – s. 5.

xxxviii Архівы БНР… .- дак. 2200.

xxxix БДАЛіМ. Ф. 3. воп.1. спр. 241. л 337.

xlАрхівы БНР… .- дак. 2437; Тарашкевіч Б. Аўтабіяграфія // Спадчына. – 1996. – №4. – С. 113.

xli Krynica. – 1921. – №29. – S. 8.

xlii Krynica. – 1921. – №8. – S. 3.

xliii Krynica. – 1921. – №5. – S. 3.

xliv Krynica. – 1921. – №30. – S. 1.

xlv Moroz M. „Krynica”. Ideołoqia i przywódcy białoruskieqo katolicyzmu. – Białystok, 2001. – S. 96.

xlvi Krynica.- 1922.- №1.- S. 2.

xlvii Krynica.- 1922.- №7.- S. 6.

xlviii Krynica.- 1922.- №2.- S. 6.

xlix Ks. Ad. Stankievič. Moj adkaz panu S. Wojawodzkamu // Krynica.- 1922. – № 5. – s.1-3.

l Рагуля Васіль. Успаміны. – Менск: ВЦ “Бацькаўшчына”, 1993. – С. 55., Луцкевіч А. Собственноручные показания 30 октября 1939 г. // Да гісторыі беларускага руху.- Мінск: Беларускі Кнігазбор, 2003. – С. 215.

li Sylwester Wojewódzki przed sądem marszałkowskim. – Warszawa, 1997. – S. 31,35

lii Ibidem. S. 46.

liii Ibidem. S. 18.

liv Krynica.- 1923.- №4.- S. 5.

lv Krynica.- 1924.- №11.- S. 6.

lviШутовіч Ян. На пройдзеным… .- С. 46.

lvii Радыкальны беларускі ксёндз у Польскім Сойме // Савецкая Беларусь. – 1923. – 11 сакавіка. – С. 4.

lviii Прамова пасла кс. Ад. Станкевіча ў Сойме 1. 07. 1924 // Krynica.- 1924.- №17.- S. 4.

lix Ibidem.- S. 5.

lx Ластовский В. Показания // Маладосць. – 1993. – №8. – С. 210-213.

lxi Stankiewič Ad. Biełaruski Chryścijanski Ruch.- Vilnia, 1939.- S. 165-167.

lxii Станкевіч Ад. Доктар Франціш Скарына і яго культурная праца // Калосьсе. – 1936. – №2. – С. 100.

lxiii БДАЛіМ. Ф. 3. воп.1. спр. 195. л 18.

lxiv БДАЛіМ. Ф. 3. воп.1. спр. 195. л 25.

lxv Прамова кс. Ад. Станкевіча на паседжанні Сойму 5. 07. 1926 // Biełaruskaja Krynica.– 1926.- № 23.– S. 3.

lxviПрамова кс. Ад. Станкевіча на паседжанні Сойму 24. 09. 1926 // Biełaruskaja Krynica.– 1926.- № 34.– S. 6.

lxvii Праграма БХД // Biełaruskaja Krynica.– 1926.- № 23.– S. 2-3.

lxviii Moroz M. „Krynica”. Ideołoqia i przywódcy… – S. 148.

lxix Ліст кс. Ад. Станкевіча ў рэдакцыю 11.04.1927 // Biełaruskaja Krynica. – 1927. – № 16. – S. 3.

lxx Zjezd pradstaunikou BChD 6.11.1927 h. // Bielaruskaja Krynica. – 1927. – № 47. – S.1-3.

lxxi Stankiewič Ad. Biełaruski Chryścijanski Ruch.- Vilnia, 1939.- S. 203.

lxxii Беларускі Звон. – 1931. – №10. – С. 3.

lxxiii Biełaruskaja Krynica. – 1933. – № 23. – S. 4.

lxxivSprawy Narodowościowe. – 1932. – №2-3. – S. 244.

lxxvIbidem. – 1931. – №1. – S. 46.

lxxvi Biełaruskaja Krynica. – 1935. – № 44. – S. 1.

lxxvii Станкевіч Ад. Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення. – Вільня: Выдавецтва “Шляху Моладзі”, 1934. – С. 123.

lxxviii Танк М. Лісткі календара. – Мінск: Беларусь, 1970. – С. 96-97.

lxxix Chryścijanskaja Dumka. – 1935. – № 6. – S. 1-2.

lxxx Карасевіч В. Кс. Віктар Шутовіч праўдзівы патрыёт і добры пастыр // Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ ст. Жыццяпісы. Успаміны. Мартыралогія. / Аўтар-уклад. Ю. Грабінскі. – Мінск. – Мюнхен, 1999. – с. 475-476.

lxxxi Трацяк І. І. Культ. – асв. дз-ць бел. каталіцкіх святароў (пач. ХХ ст. –

1939 г.): Дыс. … к-та культуралогіі: 24.00.02. – Гродна, 2000. – С. 86.

lxxxiiBiełaruskaja Krynica. – 1936. – № 43. – S. 2.

lxxxiii Najdziuk Jazep. Ks. Adam Stankievič i biełaruski druk u Vilni // Ксёндз Адам Станкевіч у 25-ыя угодкі сьвяшчэнства…- С. 62-67.

lxxxiv Карасэвіч В. Кс. В. Шутовіч праўдзівы патрыёт і добры пастыр // Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ ст./ Аўтар-уклад. Ю. Грабінскі. – Мінск – Мюнхен, 1999. – C. 475.

lxxxv Chryścijanskaja Dumka. – 1933. – № 1. – вокладка.

lxxxvi Sprawy Narodowościowe. – 1935. – №6. – S. 641.

lxxxvii Танк М. Лісткі календара. – Мінск: Беларусь, 1970. – С. 48.

lxxxviii Чырвоны Сьцяг. – 1935. – №13 (23). – С. 4.

lxxxix Moroz M. „Krynica”. Ideołoqia i przywódcy białoruskieqo katolicyzmu. – Bialystok, 2001. – S. 201.

xc Станкевіч Ад. “Цені і блескі (Да лёзунгу “Культура нацыянальная формай – камуністычная зместам”) // Калосьсе. – 1935. – №4. – С. 215.

xci Танк М. Лісткі календара. – Мінск: Беларусь, 1970. – С. 83.

xcii БДАЛіМ Ф. 3. воп. 1. спр. 234. л 4адв.

xciii Stankiewič Ad. Biełaruski Chryścijanski Ruch.- Vilnia, 1939.- S. 253.

xciv БДАЛіМ Ф. 3. воп. 1. спр. 234. л 4адв.

xcv БДАЛіМ Ф. 3. воп. 1. спр. 279. л 56.

xcvi Танк М. Лісткі календара. – Мінск: Беларусь, 1970. – С. 211-212.

xcvii Chryścijanskaja Dumka. – 1939. – № 13. – S. 7.

xcviii Малецкі Я. Пад Знакам Пагоні // Спадчына. – 1994. – №4. – С.130.

xcix Мядзёлка П. Сцежкамі жыцця // Полымя.- 1993.- №5.- С. 183.

c Вабішчэвіч А. Захавальнік спадчыны: Янка Шутовіч // Куфэрак Віленшчыны. – 2001. – №1 (3). – С. 12.

ci Малецкі Я. Пад Знакам Пагоні // Спадчына. – 1994. – №5. – С. 141.

cii Zycie religijne w Polsce pod okupacją, 1939-1945 / p.r. ks. Z. Zielinskieqo. – Katowice: Unia. – S. 27.

ciii Карасэвіч В. Кс. В. Шутовіч праўдзівы патрыёт і добры пастыр // Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ ст. / Аўтар-уклад. Ю. Грабінскі. – Мінск – Мюнхен, 1999. – С. 478.

civ Танк М. Дзённікі // Полымя. – 1996. – №9. – С. 166.

cv Чорны К. Дзённік // Выбраныя творы. – Мінск: Беллітфонд, 2000. – С. 591.

cvi Мядзёлка П. Сцежкамі жыцця // Полымя.- 1993.- №5.- С. 184.

cvii Луцкевіч Л. Войцік Г. Адам Станкевіч. – Вільня: Рунь, 2001. – С. 16-17.

cviii Там жа.

cix Мядзёлка П. Сцежкамі жыцця // Полымя.- 1993.- №5.- С. 184.

cx Луцкевіч Л. Войцік Г. Адам Станкевіч. – Вільня: Рунь, 2002. – С. 16-17.

cxi Зайка В. Прадмова // Шляхам гадоў. Гісторыка-літаратурны зборнік. – Мінск: Маст. літ., 1993. – С. 52.

cxii Этэнка Л. Арышт і смерць ксяндза Адама Станкевіча // ЛіМ. – 1992. – 6 сакавіка. – С. 14-15.

cxiii Сікора В. Апошні шлях Адама Станкевіча // Наша Ніва.- 1999.- 13 снежня.- С. 9.

cxiv Этэнка Л. Арышт і смерць ксяндза Адама Станкевіча // ЛіМ. – 1992. – 6 сакавіка. – С. 14-15.

cxv Слуцкі збройны чын у дакумэнтах і успамінах. – Мінск: Энцыклапедыкс, 2001. – С. 339.

Болей навін