Віцебскія актывісты дамагліся стварэння офіса дзіцячых лекараў у Білеве
Педыятрычная амбулаторыя лекараў агульнай практыкі з’явіцца ў новым жылым мікрараёне Віцебска, паведаміў начальнік упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзяркач, перадае БелТА.
Перамогай віцебскіх актывістаў назвала гэтую заяву Таццяна Севярынец, каардынатар аргкамітэту БХД па Віцебску і Віцебскай вобласці, каардынатар ініцыятывы “За якасную медыцыну для ўсіх”, кандыдат у дэпутаты па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №18. Яна нагадала, што за з’яўленне паліклінічнага комплексу ў Білеве было сабрана больш за 10 тыс. подпісаў.
“Два гады беганіны па кватэрах за подпісамі, два гады сустрэч з чыноўнікамі, якія ўжо не ведалі, куды падалей нас адправіць, шмат хлусілі, іншы раз вымушаныя былі казаць праўду, бо мы ніяк не адставалі і патрабавалі выканання планаў і абяцанняў”, – адзначыла прамоўца БХД.
Разам з тым яна раскрытыкавала тое, што ў мікрараёне ствараецца не паліклінічны комплекс, а толькі офісныя медыцынскія цэнтры для дзетак і дарослых. Пры гэтым яна абвергла словы Дзеркача пра тое, што ў Білеве жыве толькі каля 20 тыс. чалавек, бо, па яе словах, у Білеве больш за 40 тыс. жыхароў.
Таццяна Севярынец таксама паведаміла, што 8 верасня былі дасланыя 1495 подпісаў у Генпракуратуру, Віцебскую абласную пракуратуру, Камітэт дзяржкантролю, Адміністрацыю прэзідэнта з просьбай праверыць, як віцебскія ўлады выконваюць інвестыцыйныя планы і куды сыходзяць грошы падаткаплацельшчыкаў.