Жыхары мікрараёна ў Лельчыцах не пойдуць галасаваць з-за няўвагі ўладаў да іх просьбаў і зваротаў
Жыхары аднаго з мікрараёнаў у Лельчыцах (Гомельская вобласць) адмаўляюцца ісці галасаваць, бо ўлады ігнаруюць іх просьбы і звароты. Пра гэта паведаміў прамоўца Беларускай хрысціянскай дэмакратыі па Палескай акрузе № 43 Мікалай Чэчка.
Паводле яго, жыхары мікрараёна ля помніка ахвярам Чарнобыля зарыбілі маляўнічую сажалку, але гэтым летам камунгас перастаў папаўняць мінімальны узровень вады. У выніку паступова глыбіня вады стала крытычнай для выжывання ўсяго жывога ў сажалцы. І кошкі з усяго мікрараёна кругласутачна збягаюцца сюды на паляванне. Апошнія тыдні жыхары неаднаразова звярталіся да чыноўнікаў камунгаса і райвыканкама з просьбай дапамагчы вярнуць жыццё ў сажалку, але безвынікова.
“Удзельнічаючы у выбарчай кампаніі, я абыходзіў дамы мікрараёна. І вось 7 верасня пачуў ад жыхароў суседніх дамоў: “не пойдзем на выбары – калі нашым просьбам нуль увагі ад чыноўнікаў”. Яны ж дэлегавалі мне права звярнуцца да чыноўнікаў ад уладаў, што я і зрабіў: 8 і 9 верасня абзваніў усе зацікаўленыя структуры. Але ўсе яны адмаўляліся браць на сябе адказнасць. Сёння пазваніў на гарачую лінію мясцовага райвыканкама. У адказ літаральна наступнае: “возьмем на кантроль, але ж гэта не пажарная бяспека”. Ужо няма слоў — засталіся адны эмоцыі. Кола мясцовай ўлады замкнулася – чыноўнікі занялі кругавую абарону”, – адзначыў прамоўца БХД.