Дадзеныя галасавання змяніліся па дарозе з участка ў акруговую камісію (фота, відэа)
На 434-м участку Дамброўскай выбарчай акругі № 103, дзе балатавалася прамоўца Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, лідар Хрысціянска-дэмакратычнага руху Вольга Кавалькова, дадзеныя пра вынікі галасавання ўчастковай камісіі рэзка адрозніваюцца ад вынікаў галасавання, што мае акруговая камісія.
434-ы ўчастак – адзіны, на якім Вольга Кавалькова здолела сфатаграфаваць пратакол з вынікамі галасавання. Паводле яго, за прамоўцу БХД на ўчастку аддалі 146 галасоў, а за праўладнага кандыдата Віталя Місяўца, які афіцыйна перамог на акрузе, – толькі 31 голас (на фота).
Сябраў акруговай камісіі Вольга Кавалькова папрасіла назваць вынікі галасавання па ўчастку, якія ёсць ў іх (на відэа). Паводле іх, у лідара ХДР 13 галасоў, а ў Місяўца – 650. Адрозніваюцца вынікі галасавання і па іншых кандыдатах. Патлумачыць у акруговай камісіі прычыны такіх разыходжанняў не змаглі. Пры гэтым яны ўбачылі, што сфатаграфаваны пратакол завераны тымі ж самымі подпісамі і почыркам, што і ў іх.
“Зразумела, што ні пра які сумленны падлік галасоў гаворкі няма. Лічбы што там, што там прыдуманыя з галавы. І я падала скаргу пра прызнанне выбараў несапраўднымі, бо няма даверу і да вынікаў галасавання на астатніх акругах”, – адзначыла Вольга Кавалькова.