Раман Ганчароў: пікеты дазволілі нам знайсці новых прыхільнікаў
16 правацэнтрысцкіх пікетаў было праведзена ў Маладзечне падчас агітацыйнага перыяду парламенцкай кампаніі 2016 года. Аб гэтым распавёў каардынатар БХД у Маладзечне Раман Ганчароў.
“Мы правялі 16 пікетаў рознай тэматыкі, якія дапамаглі распавесці жыхарам горада аб ствараемай партыі БХД, нашых кампаніях і праграме. Падчас пікетаў мы збіралі подпісы пад калектыўнымі зваротамі за вырашэнне існуючых мясцовых і нацыянальных праблем: у абарону беларускіх сямей і дзяцей ад алкагалізму, за якасную медыцыну, за новыя працоўныя месцы з годнымі заробкамі, у абарону індывідуальных прадпрымальнікаў”, – адзначыў ён.
“Маладзечанцы ў асноўным вельмі добра рэагавалі на бел-чырвона-белыя сцягі і з цікавасцю падыходзілі да нас. Правядзенне пікетаў дазволіла нам знайсці новых прыхільнікаў, сабраць подпісы грамадзян у падтрымку нашых ініцыятыў, а таксама даведацца аб тым, што думаюць пра нас людзі, і мы былі прыемна ўражаны”, – паведаміў Раман Ганчароў.