За сьпевы на пікеце па зборы подпісаў — па 105 рублёў штрафу Тацяне Севярынец, Алене Шабуні і Георгію Станкевічу
Судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Ўладзімер Царыкаў прызнаў віцебскіх актывістаў парушальнікамі парадку правядзеньня масавых акцыяў.
Працэс, які распачаўся ў Кастрычніцкім райсудзе Віцебску 22 верасьня, скончыўся штрафамі за ўдзел у пікеце па зборы подпісаў за вылучэньне на кандыдатаў у дэпутаты парлямэнту.
27 ліпеня актывісты БХД Тацяна Севярынец, Алена Шабуня і Георгі Станкевіч ладзілі супольны пікет па зборы подпісаў, падчас якога заадно віншавалі мінакоў з гадавінай прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі. І прасьпявалі гімн «Магутны Божа», а «бард Свабоды» Георгі Станкевіч выканаў і ўласную песьню «Сьцяг».
«Як асобы, якія прэтэндавалі на ўдзел у выбарах у якасьці кандыдатаў, мы мелі права праводзіць пікеты па зборы подпісаў. Дзеля гэтага ня трэба браць дазвол у мясцовых органаў улады. І мы вырашылі зьбіраць подпісы супольна. Але, сабраўшыся на вуліцы Леніна на баку гандлёвага цэнтру „Марка-сіці“, мы зразумелі, што размаўляць зь мінакамі нам перашкаджае гук рэклямных ролікаў, якія трансьлююцца побач на вялікім экране. І мы дамовіліся, каб перайсьці на другі бок вуліцы. Але там мінакоў было значна менш. Не ўдалося прыцягнуць увагу людзей нават тым, што мы пачалі сьпяваць. Адзінае, чаго мы дамагліся, — гэта пільнай увагі з боку міліцыі. Нас абвінавацілі ў тым, што мы праводзім пікет, не санкцыянаваны Кастрычніцкай раённай адміністрацыяй», — казала суду Тацяна Севярынец.
Аднак выкліканы ў суд у якасьці сьведкі прадстаўнік Кастрычніцкага РАУС Сяргей Вяракса заявіў, што ў пікетоўцаў былі іншыя мэты — што празь сьпяваньне гімна «Магутны Божа» і песьні «Сьцяг» яны «выражалі свае палітычныя меркаваньні».
Да слова, згаданых падзеяў спадар Вяракса ня бачыў — ён толькі складаў пратакол на падставе рапарту палкоўніка Ігара Скарыновіча, намесьніка начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Віцебскага аблвыканкаму.
Аднак судзьдзя Царыкаў адмовіўся выклікаць Ігара Скарыновіча ў суд у якасьці сьведкі. На падставе відэазапісу, зробленага міліцэйскім відэаапэратарам, судзьдзя зрабіў выснову, што падчас сьпеваў актывісты не зьбіралі подпісаў за сваё вылучэньне на кандыдатаў. Адпаведна, яны нібыта парушылі адміністрацыйнае заканадаўства, не парушаючы заканадаўства выбарчага.
Усім тром удзельнікам пікету па зборы подпісаў прысуджаны штрафы па 5 базавых велічынь — паводле адміністрацыйнага артыкула 23.34 (парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых вулічных акцыяў).