За парламенцкую кампанію колькасць сябраў БХД Магілёва вырасла амаль на трэць
Выніковая сустрэча ствараемай партыі БХД па выніках выбарчай кампаніі 2016 года адбылася ў Магілёве. У грамадскім цэнтры “Кола” вечарам панядзелка сабраліся рэгіянальныя актывісты, якія працавалі ў камандах кандыдатаў Алега Аксёнава, Таццяны Шамбалавай і Андрэя Бодзелева, сябры і кіраўнікі БХД.
Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі падсумаваў вынікі падрыхтоўкі і правядзення кампаніі, агучыў лічбы па колькасці кандыдатаў ад партыі і назіральнікаў на розных этапах кампаніі, прывёў некаторыя яскравыя прыклады “дэмакратычнасці” і “празрыстасці” выбарчага працэсу ў краіне. Так, напрыклад, са 150 заяў ад прадстаўнікоў партыі для ўдзелу ў акруговых выбарчых камісіях, у іх склад быў уключаны толькі адзін прадстаўнік БХД.
Пад час сустрэчы была прааналізавана і зроблена ацэнка працы партыі падчас кампаніі, запланаваны мэты і напрамкі дзеянняў.
“Далейшым крокам для нас будзе вылучэнне новых, маладых лідараў, далучэнне іх да актыўнага грамадскага жыцця, і сёння на сустрэчы я ўжо бачу ў зале некалькі такіх патэнцыйных людзей, якія, спадзяюся, стануць новымі зоркамі беларускай палітыкі”, – пракаментаваў ход сустрэчы Віталь Рымашэўскі.
Ён таксама адзначыў, што народ усё болей пачынае цікавіцца палітыкай. Так, толькі пад час выбарчай кампаніі, колькасць сяброў гарадской суполкі партыі павялічалася прыкладна на 30%.
“Людзі не задаволены дзейнасцю існуючай улады, толькі вось яны не вельмі ўсведамляюць і мала ведаюць, чым павінна займацца палітыка. Але людзі гатовыя змагацца за праўду, справядлівасць, інтарэсы свае і грамадскасці, і гэта іх змушае ісці да нас, уключацца ў палітычныя справы”, – дадаў Віталь Рымашэўскі.