Каля 70 экс-кандыдатаў у дэпутаты аб’яднаюцца ў асамблею
Каля 70 экс-кандыдатаў у дэпутаты, якія прымалі ўдзел у парламенцкіх выбарах 2016 года, аб’яднаюцца ў Асамблею народных прадстаўнікоў, устаноўчы сход якой адбудзецца 6 кастрычніка ў Менску.
Пра гэта заяўлена 5 кастрычніка на прэс-канферэнцыі прадстаўнікоў правацэнтрысцкай кааліцыі, перадае БелаПАН.
У правацэнтрысцкую кааліцыю ўваходзяць рух “За Свабоду”, Аб’яднаная грамадзянская партыя і аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”.
Як паведаміў старшыня АГП Анатоль Лябедзька, кандыдаты ў дэпутаты ад правацэнтрысцкай кааліцыі на выбарах якасна адрозніваліся ад кандыдатаў іншых палітычных сілаў, правялі “моцныя агітацыйныя кампаніі”, выступаючы за “новы эканамічны курс, еўрапейскі выбар і змяняльнасць уладаў”.
Паводле яго слоў, ідэя стварэння асамблеі, у якую ўвойдуць экс-кандыдаты ў дэпутаты, доўга абмяркоўвалася, разглядаліся розныя фарматы яе дзейнасці. “У выніку мы вырашылі пачаць з аб’яднання кандыдатаў ад правацэнтрысцкай кааліцыі”, – сказаў Лябедзька.
“Дзейнасць асамблеі стане працягам нашай кааліцыйнай працы. Нам важна захаваць патэнцыял, назапашаны падчас выбарчай кампаніі. Лічым, што некалькі дзясяткаў дэпутацкіх мандатаў у нас скралі. Таму мы стварылі пляцоўку для распрацоўкі альтэрнатыўнага бачання развіцця Беларусі”, – паведаміў палітык.
Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі заявіў, што стратэгія правацэнтрыстаў складаецца з распрацоўкі якасных прапаноў па рэфармаванні краіны, а таксама правядзення кампаній па іх рэалізацыі на практыцы.
“Задача асамблеі – арганізаваць нацыянальныя кампаніі ў падтрымку рэформаў”, – падкрэсліў ён, адзначыўшы, што першая ініцыятыва будзе тычыцца ўнясення паправак у выбарчае заканадаўства.
“Да мясцовых выбараў засталося больш за год. Ва ўладаў няма аргументаў, каб не змяніць за гэты час Выбарчы кодэкс. Акрамя таго, мы будзем распрацоўваць прапановы па правядзенні эканамічных і сацыяльных рэформаў”, – паведаміў Рымашэўскі.
Сустаршыня БХД падкрэсліў, што правацэнтрыстам “было прынцыпова” правесці ўстаноўчы сход асамблеі да адкрыцця першай сесіі Палаты прадстаўнікоў. Паводле яго слоў, дэпутат ніжняй палаты парламента ад АГП Ганна Канапацкая таксама будзе ўдзельнічаць у дзейнасці асамблеі, пры яе садзейнічанні ў парламент будуць уносіцца законапраекты.