Знішчэнне парку ў Віцебску: стартавала кампанія “Віцебск – горад наш” (фота)
“Віцебск – горад наш!” – пад такой назвай распачатая ў Віцебску новая ініцыятыва аргкамітэту БХД на чале з каардынатарам Таццянай Севярынец.
Пасля рашэння віцебскіх уладаў дазволіць будаўніцтва копіі Сабора Сафіі ў парку Партызанскай славы стала вядома, што ўвогуле па генплане забудовы Віцебска парк амаль знікне: музей легендарнага бацькі Міная, які месціцца ў гістарычным будынку 19-га стагоддзя, і мемарыяльны комплекс будуць перанесеныя, а помнік Уладзіміру Караткевічу увогуле будзе знішчаны. Жыхары абласнога цэнтру катэгарычна з гэтым не згодны.
Подпісы за перанос будпляцоўкі сабора былі сабраны падчас імправізаванага мітынгу яшчэ напрыканцы верасня і накіраваныя і ў гарвыканкам, і ў Адміністрацыю прэзідэнта. Зараз міліцыянты спраўджваюць сапраўднасць подпісаў пад гэтым калектыўным зваротам, аб чым ініцыятарам новага звароту паведамілі жыхары вуліц Чэхава і Урыцкага, якія прыйшлі падпісаць новы зварот увечары 10 кастрычніка да помніку Караткевічу.
“Людзі зразумелі, што віцебскія ўлады адчуваюць сябе поўнымі гаспадарамі горада з тысячагадовай гісторыяй, плююць на меркаванні жыхароў. За адну гадзіну сабрана 173 подпісы пад зваротам у абарону парку, за захаванне будынка музея, што мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, наданне статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці помніку Уладзіміру Караткевічу, перагляд генеральнага плану забудовы Віцебска”, – адзначае Таццяна Севярынец.
“Упершыню падпісанты рады, што ў горада няма грошай на рэалізацыю гэтага дзікунскага плану па знішчэнні аднаго з прыгажэйшых месцаў старажытнага Віцебска. Рады, што ёсць час на выказванне свайго меркавання і прымушэння прыслухацца да сябе чыноўнікаў, што безадказна руйнуюць рэшткі памяці. Прынята рашэнне штотыдзень збірацца каля помніку Караткевічу, каб разам выпрацоўваць наступныя дзеянні ў абарону гістарычнага месца горада. Каля дзясятка чалавек выказалі жаданне збіраць подпісы пад зваротам сярод сваіх знаёмых і родных. Ініцыятары кампаніі “Віцебск – горад наш” садзейнічаюць у гэтым”, – паведаміла каардынатар БХД.