Вольга Кавалькова: акцыя «Тыдзень без абортаў» паказвае, што аборт – гэта не норма (відэа)
Акцыі кшталту “Тыдзень без абортаў”, якая праходзіць 10-16 кастрычніка па ўсёй Беларусі, дае магчымасць абмяркоўваць гэту праблему і паказвае, што аборт – гэта не норма. Пра гэта ў эфіры тэлеканала “Белсат” заявіла лідар Хрысціянска-дэмакратычнага руху Вольга Кавалькова.
“Гэтая акцыя – добры пачатак. І ў працяг мы будзем рухацца ў тым накірунку, каб абортаў у Беларусі не было”, – адзначыла яна.
“Кожны з нас – гэта людзі, якія паспелі нарадзіцца. І мы абараняем права іншых людзей на жыццё. Магчыма, сярод іх будуць людзі, якія выратуюць свет ад раку і іншых хваробаў, будуць добрымі прэзідэнтамі. Але, на жаль, існаванне абортаў забірае ў іх права на жыццё, права на нараджэнне”,- падкрэсліла Вольга Кавалькова.
Паводле яе, з прычыны таго, што аборты легальныя ў Беларусі ўжо амаль 100 гадоў, грамадства ўспрымае аборт як звычайную аперацыю. “І вельмі цяжка грамадству ўспрымаць інфармацыю пра тое, што гэта не норма. І таму мы павінны пра гэта размаўляць”, – сказала лідар ХДР, заявіўшы, што дзіця ва ўлонні маці – гэта чалавек, проста на іншай стадыі жыцця.
“Чаму калі чалавек народжаны, то забіць яго – гэта крымінальнае злачынства, а ва ўлонні – норма? Я лічу, што гэта роўныя паказнікі. Неабходна зрабіць так, каб абортаў не існавала. Каб дзяржава падтрымлівала жанчын, каб мужчыны падтрымлівалі жанчын. Неабходна, каб жанчыны самі не хацелі рабіць аборт, бо ведалі, што аборт – гэта забойства”, – дадала яна.