Выкрыкваў «Жыве Беларусь!» — Севярынца аштрафавалі за паслявыбарчую акцыю ў Мінску
Фрунзенскі суд Менска аштрафаваў сустаршыню аргкамітэта па стварэнні БХД Паўла Севярынца на 50 базавых (1050 рублёў). Яго звінавацілі ў арганізацыі акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў, якая прайшла 12 верасня ў Мінску, і ва ўдзеле ў ёй.
У пратаколе сутнасць правапарушэння сфармулявалі так: «Стаяў на фоне расцяжкі «Лукашэнка, сыходзь!», выкрыкваў «Жыве Беларусь!» і публічна выказваў сваё меркаванне адносна выбараў у Палату прадстаўнікоў».
Павал Севярынец назваў вырак суда беззаконнем: «Калі людзі выходзяць абараняць закон, выходзяць пратэставаць супраць фальсіфікацыяў, а іх за гэта штрафуюць — гэта беззаконне ў квадраце. Сённяшняму рэжыму не хапае грошай, таму штампуюць штрафы. Звычайна на такія суды ўжо не хаджу, бо ведаю вырак — 50 базавых. Ну, і прыйдзе час, калі новая, дэмакратычная ўлада дасць ацэнку ўсяму гэтаму беззаконню».