Вольга Кавалькова: стане менш выпадкаў, калі людзі пабягуць па «дагонку»

27 кастрычніка 2016 10:03  |  Галоўныя навіны

Вольга Кавалькова: стане менш выпадкаў, калі людзі пабягуць па «дагонку»

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі да 1 лістапада унясе ва ўрад праект указа па абмежаванні продажу алкаголю.

Як паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення прафілактыкі МУС Сяргей Красуцкі, у праекце дакумента прапануецца ўвесці адзіны час рэалізацыі алкагольных напояў (з 9.00 да 22.00) і забараніць гандаль у крамах, якія не маюць адасобленых таварных аддзелаў.

Ці дапаможа гэта знізіць спажыванне спіртнога?

– Вопыт скандынаўскіх краін, у прыватнасці Швецыі і Нарвегіі, паказаў, што толькі абмежавальныя меры з’яўляюцца эфектыўнымі ў барацьбе з алкагалізацыяй насельніцтва, – адзначае каардынатар грамадскай кампаніі “Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю” Вольга Кавалькова.

Паводле яе, увядзенне часавых абмежаванняў і продаж спіртнога ў адасобленых аддзелах скароціць аб’ёмы яго спажывання.

– Стане менш выпадкаў, калі людзі, якія не кантралююць сябе, бягуць у краму пасля 22 гадзін па «дагонку» і ўжываюць алкаголь звыш меры, – мяркуе эксперт.

Неабходнасць вынасу продажу алкаголю ў адасобленыя аддзелы Вольга Кавалькова аргументуе прыкладам з свайго жыцця.

– Я пачала антыалкагольную кампанію ў 2014 годзе, бо ў краме замест «Дзюшэс» выпадкова купіла слабаалкагольны напой і выявіла памылку толькі на касе. Гэта не нармальна, калі на паліцах крамы побач з газіроўкай стаяць слабаалкагольныя напоі і піва – у дзяцей не павінна быць да іх доступу, – кажа грамадская актывістка.

Каардынатар кампаніі “Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю” нагадвае, што летам мінулага года Мінгарвыканкам адмяніў часавыя абмежаванні на продаж спіртнога, бо павялічыліся складскія запасы прадукцыі і зменшыліся паступлення ў бюджэт.

Яна лічыць, што цяпер улады змянілі свой пункт гледжання, бо на праблемы, звязаныя з алкагалізацыяй насельніцтва, траціцца больш, чым зарабляецца на спіртным.

– У рамках антыалкагольнай барацьбы можна зрабіць яшчэ шмат, але нават меры, прадугледжаныя ў падрыхтаваным указе, прынясуць вынік і дапамогуць спыніць пагаршэнне стану здароўя нацыі, – прагназуе Вольга Кавалькова.

Zautra.by

Болей навін