Прэзідэнт Еўрапейскай народнай партыі заявіў пра недэмакратычны характар выбараў у Беларусі
У Бруселі праходзіць Палітычная асамблея Еўрапейская народнай партыі. У пасяджэнні асамблеі бярэ ўдзел дэлегацыя Беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў.
Адкрываючы Асамблею, прэзідэнт Еўрапейскай народнай партыі Жазэф Доль надзяліў асаблівую ўвагу сітуацыі ў Беларусі. У прыватнасці, ён адзначыў недэмакратычны характар парламенцкіх выбараў у Беларусі, наяўнасць палітычных вязняў. ЕНП будзе працягваць падтрымкі дэмакратычным арганізацыям Беларусі, сказаў ён.
Як адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, заява прэзідэнта Еўрапейскай народнай партыі яшчэ раз падкрэслівае нязменнасць трывалых партнёрскіх адносінаў паміж ЕНП і беларускімі правацэнтрысцкімі арганізацыямі.
“Арганізаваныя намі супольныя мерапрыемствы ў Беларусі падчас парламенцкай кампаніі 2016 года дазволілі кіраўніцтву ЕНП дэталёва ўнікнуць у палітычную сітуацыю на Беларусі. Заява прэзідэнта ў тым ліку азначае, што кіруючая партыя Еўрапейскага Звязу не будзе прызнаваць вынікі беларускіх выбараў, якія адбыліся з парушэннем усіх міжнародных стандартаў правядзення справядлівых выбараў. Сёння беларускія ўлады кажуць пра вялікія поспехі ў лібералізацыі, замоўчваюць пытанне палітвязняў. Але, як мы бачым, іх намер падфарбаваць сітуацыю ў Беларусі без рэальных палітычных зменаў застаецца беспаспяховым. Хрысціянскія дэмакраты надалей будуць шчыльна супрацоўнічаць з еўрапейскімі партнёрамі ў пытаннях вызвалення палітвязняў і выканання дэмакратычных нормаў у Рэспубліцы Беларусь”, – падкрэсліў ён.
Палітычная Асамблея ЕНП вызначае палітычныя пазіцыі партыі паміж з’ездамі і збіраецца тры-пяць разоў на год. Яна прымае рашэнні аб членстве, палітычных арыенцірах, бюджэце. У яе пасяджэннях прымаюць удзел прадстаўнікі партый-членаў ЕНП і асацыяваных членаў, асацыяцый-членаў і груп.