Брату
На днях адзін з чытачоў “Нашае Нівы” атрымаеa ліст такога самага зьместу. Гэта адказ на нядаўні ягоны допіс — звычайны ліст з самымі звыклымі пытаньнямі сёньняшняга часу — тымі, якія мы ўжо даўно безнадзейна й мэтадычна задаем адзін аднаму, лідэрам, народу, дый проста залпам шарахаем у белы сьвет. Пытаньнямі, хто вінаваты, што рабіць, хто каго і хто там ідзе — што ўвесь час скразяць у нашае сумятні і няёмка завісаюць пры сустрэчах. Апошнім часам мы ўжо нават не пытаемся, а проста нема, у одуме, разглядаемся навокал — бо сказана ўсё, што можна было, паўторана ўсё, што сказана, і паўторана неаднойчы, а сэнсу няма.
Праўда, адказаць нам усё-ткі давядзецца. Раз і назаўжды — перад Госпадам Богам вінаватыя мы, а ня хто іншы. Наша вечная бяда — мы ўвесь час хочам зьмяніць сьвет, не мяняючы сябе. Марна. Бо сьвет ужо 2 тысячы гадоў мае выбар: прыняць гэтую праўду, адкрыць для сябе рэальны стан справаў і з Богам выступіць супраць сусьветнага зла — альбо зрабіць выгляд, што нас гэта ня тычыцца, і па-ранейшаму блукаць у вечных чалавечых пытаньнях.
І першаму, каму сёньня патрэбнае гэтае адкрыцьцё — маладому чалавеку, які шукае сэнсу жыцьця, носіць на сэрцы бел-чырвона-белы сьцяг і якому дадзена пранізьлівае адчуваньне адказнасьці за ўсю Беларусь.
Табе, браце.
Вітаю.
Чытаў, ты вельмі перажываеш за краіну, за нацыянальную дэмакратыю й за тое, што сьвядомыя сябры чамусьці расчароўваюцца й адмаўляюцца займацца палітыкай.
Непрыемна табе казаць, але палітыка ў Беларусі даўно скончылася. Палітыкі няма — замест яе засталася масавая псыхалёгія, папулярныя пачуцьці й паводзіны: цынізм і нянавісьць, подласьць і страх, пыха і гнеў, жорсткасьць і абыякавасьць. Прасьцей кажучы, звычайнае зло, якое шалее ў спустошаных, расчараваных і падманутых душах. На жаль, ня толькі сярод правінцыйных савецкіх пэнсыянэраў і цёмных вяскоўцаў, ня толькі ў калідорах улады, КГБ і РАУСах, але й нават там, дзе мы хацелі б бачыць прыстойнасьць, чысьціню і безумоўнае дабро — у асяродзьдзі апазыцыі, у тусоўках актыўнае моладзі, у газэтах, якім мы верылі безаглядна.
Таму, напрыклад, раптоўны прыход да ўлады дэмакратаў, выбары, мітынгі й уся астатняя, у нашым разуменьні, палітыка, сама сабою ўжо мала што вырашае. Галоўнае пытаньне Беларусі сёньня куды глыбейшае за праблему таталітарнага рэжыму й пагрозу рэваншу Расеі — гэта адсутнасьць духу, вакуум бязьвер’я, які выбухае то сварамі ў апазыцыі, то каменным градам і азьвярэлым зьбіцьцём дэманстрантаў, то страшным агульнанародным трансам. Пуста і страшна — вось пачуцьці, якія апаноўваюць і ўсё грамадзтва, і кожнага чалавека бяз Бога — а куміры, паветраныя замкі й чалавечыя прынцыпы на вачох ператвараюцца ў дым.
Тым часам можа быць і яшчэ страшней. У 1999-м за ўсімі кангрэсамі дэмакратычных сілаў, апазыцыйнымі прэзыдэнцкімі выбарамі, заканчэньнем тэрміну Лукашэнкі, маршамі свабоды й саюзнымі дамовамі мы й не заўважылі, як галоўнай падзеяй году сталася катастрофа Нямігі. Раптоўны й жудасны правал дзяржавы й грамадзтва, як калісьці перад распадам СССР Чарнобыльскі выбух, скалануў кожнага з нас заклікам да ўсенароднага ПАКАЯНЬНЯ.
Памяць ня служыць розуму, і да наступнае трагедыі мы проста зноў засынаем. А вось адчуць сваю ўласную віну ў тым, што здарылася з усімі намі, пакаяцца ў жыцьці, якое вядзе да Нямігі, спавядацца перад Госпадам — гэта сапраўднае ачышчэньне, пасьля якога грамадзтва нарэшце адчуе само сябе, убачыць, куды ідзем, і жахнецца будучыні. Вера не прыходзіць без пакаяньня. Без такога нацыянальнага пакаяньня, як у Нямеччыне 1945-га ці ў ЗША пасьля Віетнамскай вайны, беларускі нацыянальны ўздым немагчымы.
Толькі падумаць, 2 тысячы гадоў ад Нараджэньня Хрыстова! Унікальны час — ужо 2000-ы, але яшчэ цэлых 12 месяцаў да ІІІ тысячагодзьдзя. Увесь год, вось пабачыш, нам давядзецца ўвесь час чуць пра эру любові й міласэрнасьці. І мы будзем звыкла пераключацца на іншы канал, мэханічна абстрагавацца, дасадліва пралістваць газэтныя развароты “пра хрысьціянства” ў пошуках ісьціны… І ўнікаць, падсьвядома, панічна ўнікаць факту, які расстаўляе ўсё на свае месцы.
2000 гадоў таму на Зямлю прыйшоў ХРЫСТОС.
Скажаш, тысячу разоў чутае. Хто толькі табе гэтага ні казаў… Ды ўвогуле, тут краіну ратаваць трэба — акупацыя, выбары, Лукашэнка, усе такія справы… Паслухай, кажу табе: калі хто хоча стаць збаўцам Беларусі — спачатку паглядзі, як Хрыстос збавіў усё чалавецтва. ВЕРА, што дзейнічае ЛЮБОЎЮ, — вось адзінае збавеньне, як яно ёсьць, для ўсіх часоў і народаў. Поўнае вызваленьне Беларусі й тваё асабіста!
Ты кажаш, мова, палітыка, дэмакратыя… Усё так — але гэта толькі вытворнае; гэта наступствы духовага здароўя нацыі, а ніяк не яго перадумовы. Людзі спрабуюць спасьцігнуць “агульначалавечыя каштоўнасьці” праз розум, лёгіку, пачуцьці — гадамі, і ўсё роўна ня робяцца сьвядомымі грамадзянамі. А вера — справа сэкундных азарэньняў, пад час якіх адкрыцьці справядлівасьці й гармоніі, сваёй роднай мовы й уласнай краіны — адныя з самых моцных. Людзі мяняюцца не ад пазнаньня: вызваленьне й нацыянальная рэвалюцыя адбываюцца ў сэрцы, поўным любові й веры ў Бога.
Ты сам ведаеш: той, хто сапраўды верыць, ніколі не прап’е хаты, ня будзе лупцаваць дзяцей ці сварыцца з суседам. Цывілізацыя Захаду пабудаваная на хрысьціянскіх прынцыпах — і адсюль адкрытае грамадзтва, плюралізм і дэмакратыя, культура ўзаемапавагі. Нас уражвае, як у Эўропе чыста й хораша — бо ўсё, што робяць, яны стараюцца зрабіць узорна, бо кожная справа, ім зь дзяцінства вядома, чалавеку самім Госпадам дадзеная. Расея, Сярэдняя Азія, Беларусь — як былі духова змрочнымі зонамі, так і засталіся. І мараль, і палітыка, і эканоміка ў краіне бяз Бога ня маюць асноватворнае сыстэмы каардынатаў, і таму носіць сатана, кідае на хвалях без стырна, безь вятрылаў і асобнага чалавека, і ўсю дзяржаву.
Вера й любоў — гэта поўная салідарнасьць, еднасьць і ўзаемапаразуменьне для сапраўдных хрысьціянаў як братоў і сёстраў аднае Божае сям’і.
Толькі вера ў Ісусе Хрысьце й любоў адзін да аднаго — гэта тая сіла, што можа аб’яднаць беларускі народ, усе 10 мільёнаў чалавек, без падзелу на “сьвядомых” і “несьвядомых”, дэмакратаў і лукашыстаў, каталікоў і праваслаўных. Толькі тады мы, нарэшце, здолеем узвысіцца да адзінае нацыі пад бел-чырвона-белым сьцягам.
Пра сьцяг, мой браце, трэба сказаць асобна.
На плянэце няма больш яркага й моцнага сымбалю пакуты й уваскрасеньня Хрыста, чым бел-чырван-белы сьцяг, белая палатніна з крывёю ўкрыжаванага Ісуса. Мы носім на грудзях галоўны знак Божага адкупленьня — і робім выгляд, што гэта проста прыгожыя колеры або расказваем усім байку пра нейкага ваяводу зь бінтам. Ты думаеш — як далёка нам яшчэ да Беларусі — а адлегласьць, якую трэба пераадолець, складае ўсяго-ткі пярочкі далоні. 5—7 сантымэтраў — менавіта на такой глыбіні ў чалавечым целе знаходзіцца сэрца. Усё проста: ад значкі да сэрца. Пераадолець у сабе пярочкі далоні, дайсьці да Беларусі — гэта значыць, прыняць Хрыста. Гэта значыць, быць гатовым і да духовае свабоды, і да поўнае самахвярнасьці.
Вось тут і становіцца ясна, што не абысьціся бяз самага непрыемнага: таго, што называецца “пачаць зь сябе”. Высьвятляецца — які жах! — што прычыну свайго няшчасьця і зло, заўважнае ў іншых, мы выношваем самі. Наша родная апазыцыйная пыха, нянавісьць, самазадаволенасьць, фарысэйства і лянота — вось яно, арганізаванае зло, якое не дае падняцца краіне.
Па-твойму, перадусім незалежнасьць? Як табе сказаць: “незалежнасьць” не тады, калі большасьць насельніцтва будзе ганарыцца, якія мы своеасаблівыя і баяцца Расеі; сапраўдная незалежнасьць — гэта калі людзі вераць у Бога і любяць Беларусь.
Юдэя ў І ст. н.э. таксама змагалася за нацыянальную незалежнасьць. Разгортваліся вызвольныя рухі, рабілі палітыку партыі фарысэяў і садукеяў, нават дзейнічалі тэрарысты-зілоты. Народ Божы быў упэўнены, што Мэсія ў першую чаргу вызваліць сваіх дзяцей з-пад улады паганскага Рыму. І прыйсьця Хрыста, які казаў пра веру й любоў, папросту не заўважылі.
Нашая нацыянальная дэмакратыя канца ХХ ст., як і спроба пачатку стагодзьдзя, засталася, на жаль, толькі прыгожай легендай. Канцэпцыя нацыянальнае ідэі, “нацыянальная дзяржава — духовае Адраджэньне”, на практыцы была зьведзеная да чыста сымбалічнае беларусізацыі. Бо беларусізацыя бяз Бога — гэта пустое.
БЕЛАРУСКАЯ ФОРМА — дзяржава й нацыянальная спэцыфіка, мова й культура — прызначаныя для ХРЫСЬЦІЯНСКАГА ЗЬМЕСТУ. “Беларуская форма — хрысьціянскі зьмест” — такая формула найбольш проста й ёміста выражае сутнасьць духовага Адраджэньня й самое нацыянальнае ідэі.
Знаеш, часам такое ўражаньне, што БНФ ужо сваю ролю выканаў. Камунізм разбураны, штуршок да Адраджэньня краіну ўзрушыў — і вось яна, моладзь, што адгукнулася. Цяпер — наступны этап, вырашальны. Беларускі прарыў да Бога.
Імкліва набліжаецца час тых, каму сёньня 15-25 гадоў. Моладзь ужо ў эпіцэнтры падзеяў і на хвалі грамадзкіх чаканьняў. Нас ня так многа. А Беларусь — гэта 10 мільёнаў чалавек, 200 тысячаў км2 — і па самы далягляд вакол цябе людзі, якія ня вераць. За намі — толькі Госпад Бог, пад нагамі — зямля, што стогне скрозь сон, а перад намі — пытаньне: ну як, мы гатовыя?
Калі НЕ — што ж, тады давай рыхтавацца да новых удараў ілбом аб сьценку — зь нянавісьцю й помсьлівай злосьцю да Лукашэнкі, міліцыянтаў, саўкоў, калег-дэмакратаў. Эфэкт ужо бачылі — гэта пустое.
Калі ТАК — значыць, Магутны Бог адкрые нам і магчымасьці, дасьць і людзей, і пэрспэктыву, і грошы, і ўздым Беларусі — прычым такі, якога мы з табою не ўяўлялі: ад захапленьня заступіць дых. Малады Фронт — гэта атмасфэрны фронт Духу й любові, фронт салідарнасьці, веры, братэрства пад сьцягам Хрыста.
Некалькі важных момантаў дапамогуць табе зразумець увесь размах ідэі.
Па-першае, Расея. Мы ўвесь час панічна баімся Расейскае імпэрыі. Нас цягне на паўстанцкую нянавісьць і самапальную партызанку — але велізарнай вайсковай і спэцслужбовай сіле супрацьстаяць яе ж мэтадамі бессэнсоўна. Слабіна спустошнае камуністычным атэізмам імпэрыі ў тым, што яна духова нямоглая, што яе трымаюць страх, гвалт і ксэнафобія. З сусьветнай расейскай пагрозай можна справіцца адно тады, калі ажыцьцявіць глябальны духовы прарыў у самую Расею. Хрысьціянскі рух на Маскву, прычым менавіта зь Беларусі, будзе самым магутным ударам у сэрца імпэрыі “трэцяга Рыму”. Выратаваць Расею духовай экспансіяй прасьвятленьня й пропаведзі — гэта табе не панічна-палітычныя ўцёкі ў NATO. Бо Расея, сапраўды хрысьціянская, адкрытая Богу — гэта і бясьпечная дэмакратыя, і вялікая культура, і спакой для ўсяго сьвету.
Згадай, менавіта ў Беларусі вырашаліся ключавыя пытаньні паўстаньня й распаду Расейскае імпэрыі: яшчэ з часоў Полацку, з часоў стратэгічнага эўраазіяцкага супрацьстаяньня Маскоўшчыны з ВКЛ, праз страшныя войны XVII ст. — аж да І зьезду РСДРП, гарлавіны ІІ сусьветнай. Да трыюмфальнае Белавескае пушчы, пасьля якой сталіцай СНГ становіцца Менск, а ў ім — тут жа — на поўны рост падымаецца прывід тае самае Імпэрыі зла.
Таму — ня бойся Расеі. Мы абавязкова выстаім і, можа быць, збавім ад зла яе — з Богам.
Другое. Хачу папярэдзіць: зараз мы з табой гаворым пра рэчы, зь якімі ніхто й ніколі не жартаваў. У Хрысьце табе давядзецца пакінуць многія справы, якія сёньня здаюцца абавязковымі: акажацца, можна бязь іх. Будзе балюча пераломваць самога сябе й брыдка выграбаць з уласных духовых правалаў грэх. Але гэта здасца дробязямі ў параўнаньні з найвышэйшай свабодай, акіянам любові й радасьцю спазнаньня волі Божае. Ты пабачыш, што Бог падрыхтаваў тваёй краіне, і табе давядзецца шточас заміраць у захапленьні.
Зрэшты, каб распавесьці больш падрабязна, давялося б перапісаць усю Біблію. З часоў Эўфрасіньні й Скарыны аж да сёньня ў беларусаў адзіны Асноўны Закон без паправак і дапаўненьняў — кніга № 1, Сьвятое Пісаньне. Унівэрсальны настольны падручнік PR і прыкладное палітыкі, малы й вялікі кансьпіратар, твой дзёньнік-2000.
Верыш у Бога? Любіш Беларусь? Гатовы з гэтым ісьці да людзей? Калі тройчы “так” — то “Не разьбіць, Не спыніць, Не стрымаць” сказана пра цябе.
А пакуль — у касьцёлах, дзе тысячы людзей славяць Бога па-беларуску, у местачковых праваслаўных цэрквах, дзе пачынаюць прапаведваць на мове прыхаджанам, у малітоўных дамах кальвіністаў, баптыстаў, эвангелістаў, дзе дух свабоды й беларускай сьвядомасьці — вось дзе жыве Беларусь.
Мяркую, сэнс ты ловіш.
Даруй, што пішу сьпехам. Справа аграмадная, сказаць можна шмат, а рабіць трэба хутка. Што ж да выбару — глядзі сам: воля твая. Адно прашу, не забывайся: у гэты момант Госпад на нас з табою разьлічвае.
Трэ будзе дапамога — зьвяртайся. Будуць пытаньні — пішы: 220005, Менск, Варвашэні 8.
З Богам!