Паўлу Севярынцу “шыюць справу” за выступ ля Ратушы
Сустаршыня БХД Павел Севярынец атрымаў праз пошту матар’ялы адміністрацыйнай справы, заведзенай на яго за актыўны ўдзел у акцыі 24 лістапада. Акцыя, што адбылася ў Менску на плошчы Волі, была прымеркаваная да 20-годдзя дыктатарскага рэферэндуму 1996 года. На ёй выступалі Уладзімір Някляеў, Мікола Статкевіч і Павел Севярынец.
Паводле пратаколу, складзенага Цэнтральным РУУС сталіцы, Павел Севярынец “публічна выражаў сваё меркаванне адносна рэспубліканскага рэферэндума, а таксама выкрыкваў “Жыве Беларусь!” і “Свабода!”.
– Карныя ворганы рэжыму – язык не паварочваецца назваць іх праваахоўнымі – у сваіх паперах толькі пацвярджаюць усё тое, аб чым мы казалі ля Ратушы, – паведаміў у інтэрв’ю прэс-службе БХД Севярынец. – Калі за мірнае публічнае выражэнне свайго меркавання ды заклікі да свабоды судзяць – гэта відавочная дыктатура, хлопцы. Нават не хаваюць – дыктатура з гумовай дубінкай наперавес.
Практыка дзясяткаў апошніх адміністрацыйных судоў паказвае, што справы паводле артыкула 23.34 заканчваюцца вялізнымі штрафамі.