У каардынатара БХД у Маладэчне апісалі тэлефон за “Праспект нацыянальнага сцяга”
30 лістапада каля 20:30 судовыя выканаўцы прыйшлі апісаць маёмасць каардынатара аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Рамана Ганчарова ў Маладэчне за нявыплачаны штраф за акцыю “Праспект нацыянальнага сцяга”, якая прайшла 14 траўня ў Менску.
Суд Савецкага раёна сталіцы прысудзіў яму 630 рублёў штрафу. Штраф пакрыты часткова. У каардынатара БХД судовыя выканаўцы апісалі мабільны тэлефон. Калі праз 10 дзён штраф не будзе пакрыты, тэлефон канфіскуюць.
“Такія дзеянні парушаюць Канстытуцыю і права грамадзян на вольныя і мірныя акцыі. Усё робіцца дзеля таго, каб зменшыць актыўнасць грамадзян у палітычнай дзейнасці. І увогуле загнаць людзей у такое становішча, каб баяліся слова сказаць. Даюць вялікія штрафы, нягледзячы на эканамічны спад і беспрацоўе”, – адзначыў Раман Ганчароў.