Марына Хоміч: галоўная задача МХД – абарона правоў моладзі
Сёння моладзь Беларусі не ўплывае на прыняцце нават рашэнняў, якія непасрэдна ўплываюць на развіццё моладзі. Пра гэта на з’ездзе аргкамітэту ГА “Маладыя хрысціянскія дэмакраты” заявіла лідар МХД Марына Хоміч.
Таму, адзначыла яна, МХД мусіць стаць сілай і альтэрнатывай дзеючай уладзе, якая будзе вырашаць праблемы, з якімі сутыкаецца моладзь.
Паводле яе, шматлікія новыя людзі на з’ездзе сведчаць, што сёння арганізацыя запатрабаваная ў Беларусі. “Людзі хочуць бачыць альтэрнатыву. Ім надакучыла адна і тая ж улада за 20 гадоў”, – сказала яна.
На бліжэйшы час галоўнай мэтай МХД Марына Хоміч назвала абарону правоў моладзі, каб “у кожным рэгіёне ведалі, да каго ім звяртацца ў выпадку праблем”. Таму, адзначыла яна, структуры Маладых хрысціянскіх дэмакратаў павінны быць у кожным рэгіёне, а не толькі ў буйных гарадах Беларусі.
Наступная мэта – рост прафесіяналізму сябраў МХД. Для гэтага плануецца павышэнне адукацыі на тэму хрысціянскіх каштоўнасцяў, хрысціянскай дэмакратыі, падрыхтоўка лідараў МХД напярэдадні мясцовай кампаніі 2017-2018 гадоў.
Таксама будзе праведзены шэраг лакальных кампаній і тры галоўныя нацыянальныя кампаніі па павелічэнні беларускамоўнай адукацыі, паляпшэнні сістэмы адукацыі і адмене чорных спісаў беларускіх музыкаў.