Віталь Рымашэўскі: пазіцыя правацэнтрыстаў – спачатку выбары, потым стасункі
У Вільні адбылася семінар Балтыйскай Асамблеі і Паўночнай Рады, у якой узялі ўдзел лідары беларускіх дэмакратычных сілаў, парламентары і дыпламаты з Нарвегіі, Фінляндыі, Швецыі і Літвы, а таксама дзве праўладныя “дэпутаткі” Палаты прадстаўнікоў – Вольга Папко і Галіна ФІліповіч. Ад Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ўдзел узяў сустаршыня Віталь Рымашэўскі.
“Пазіцыя Правацэнтрысцкай кааліцыі палягае ў тым, што поўнафарматныя стасункі з беларускімі ўладамі да правядзення свабодных і справядлівых выбараў немагчымыя. Усе 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў прызначаныя, і адпаведна раўнапраўныя кантакты дэпутатаў еўрапейскіх парламентаў будуць толькі легалізаваць Палаты прадстаўнікоў і дэматываваць улады праводзіць свабодныя і справядлівыя выбары ў Беларусі”, – падкрэсліў сустаршыня БХД
Ён адзначыў, што ўпершыню за апошнія некалькі год удзел у сустрэчы прынялі прадстаўнікі беларускіх уладаў. “Іх запрашалі ўвесь час на гэтыя асамблеі, але раней яны адмаўляліся ўдзельнічаць на роўных з апазіцыяй. На гэты раз было не так. Прадстаўніца ўладаў зачытала свой выступ па паперцы і расказала, якія “цудоўныя” ў нас выбары. Але пазіцыя хрысціянскіх дэмакратаў і правацэнтрыстаў вядомая – ніякіх свабодных і сумленных выбараў у Беларусі няма. Увогуле, тое, што Паўночная Рада ладзіць падобныя мерапрыемствы, вельмі важна, бо ў тым ліку праз іх фармуецца пазіцыя нацыянальных парламентаў у дачыненні да Беларусі. І далей гэта ўплывае на пазіцыю ўрадаў”, – заявіў Віталь Рымашэўскі.