Абяцаныя паліклініка і школа ў Білеве так і не з’явяцца
Будаўніцтва паліклінікі ў мікрараёне Білева ў Віцебску ў 2017 годзе не прадугледжваецца. Пра лёс школы і пачатага будаўніцтва дзіцячага сада будзе вядома пасля зацвярджэння гарадской і абласной інвестыцыйных праграм. Пра гэта паведаміў старшыня Віцебскага гарсавета дэпутатаў Уладзімір Бялевіч у пісьмовым адказе хрысціянскім дэмакратам Віцебска, грамадскім актывістам ініцыятывы “За якасную медыцыну для усіх” і “Віцебск – горад наш”. Пра паліклініку ў мікрараёне Поўдзень-7 ён не адказаў ні слова.
“Як бачым з адказу – разлічваць у Білеве няма на што. Толькі амбулаторыя будзе. Ёсць ўжо шыльда на доме. А калі яна будзе працаваць і што гэта дасць больш за 30 тысячам жыхароў мікрараёна – паглядзім”, – адзначыла актывістка БХД Алена Шабуня, на імя якой прыйшоў ліст, паведамляе Vitebskby.com.
Што тычыцца грамадскіх прыбіралень, пытанне пра якія таксама падымалася на сустрэчы ў гарсавеце, то яны “адпавядаюць асноўным санітарным патрабаванням”, а прыбіральня па вуліцы Чэхава апынулася ў жудасным стане з-за “пастаянных актаў вандалізму наведвальнікаў”. Праверка прыбіралень у школах, паліклініках і бальніцах, паводле адказу, парушэнняў не выявіла, у іх ёсць у неабходнай колькасці мыла і туалетная папера.
“Не ведаю ніводнай школы, паліклінікі і іншай грамадскай установы, дзе ў прыбіральнях ёсць папера і вадкае мыла. Цікава было б паглядзець, як і дзе адбывалася праверка і хто яе праводзіў”, – падкрэсліла Алена Шабуня.
Адносна веладарожак, якіх у горадзе толькі дзве – на вуліцы Багатырова і на праспекце Перамогі, якія яшчэ ў 2015 годзе павінны былі з’явіцца на іншых вуліцах, з адказу вынікае, што яны з’явяцца па вуліцы 33 Арміі (выезд у лес), а пра цэнтральныя вуліцы Віцебска – ні слова.
На прапанову, каб назвы вуліц на шыльдах пісаліся не толькі на рускай мове, а і на беларускай, старшыня гарсавета адказаў, што “пры замене шыльдаў з назвамі вуліц і іншых геаграфічных аб’ектаў галоўным архітэктарам горада Віцебска пры ўзгадненні узораў шыльдаў будзе прапанавана напісанне назваў на дзвюх мовах – беларускай і рускай”. Для турыстаў – магчыма прадубляваць назвы магістральных вуліц і цэнтральный часткі горада лацінкай.
На заўвагу, што пасажыры выказваюць незадаволенасць гукавой рэкламай у грамадскім транспарце, а медыкі лічаць гэта своеасаблівым псіхалагічным уздзеяннем на чалавека, быў дадзены адказ, што “нарматыўныя дакументы не забараняюць гукавую рэкламу ў салонах пасажырскіх транспартных сродках”, але ўлады паабяцалі зменшыць гук рэкламных ролікаў.