Рамана Ганчарова за салідарнасць з Пальчысам аштрафавалі на 1050 рублёў
12 лістапада суддзя суда Савецкага раёна Менска Марыя Ярохіна прысудзіла штраф у памеры 50 базавых велічынь (1050 рублёў) каардынатару аргкамітэту Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ў Маладзечне Раману Ганчарову. Пра гэта ён даведаўся днямі.
Штраф прызначаны за тое, што ён падчас акцыі ў падтрымку Эдуарда Пальчыса, выкрыкваў лозунг “Жыве Беларусь!” і трымаў у руках бел-чырвона-белы сцяг.
“Я маю права на мірныя сходы. Яны спрабуюць гэта права забраць. Сёння відавочная небяспека ад “рускага міру” і яго хлусні па тэлебачанні. А калі чалавек спрабуе данесці праўду да грамадства, яго за гэта кідаюць за краты”, – адзначыў Раман Ганчароў.