Беларускія правацэнтрысты салідарныя з народам Германіі
Лідары правацэнтрыстаў Анатоль Лябедзька, Юрась Губарэвіч і Вольга Кавалькова (БХД) усклалі кветкі да амбасады Германіі ў сувязі з трагедыяй у Берліне.
Нагадаем, у выніку тэрарыстычнай атакі 19 снежня пад коламі грузавіка, які ўрэзаўся ў натоўп наведвальнікаў каляднага кірмашу, загінулі 12 чалавек, яшчэ 48 атрымалі раненні.
«Можна сцвярджаць, што сённяшняя Германія – гэта краіна, ад якой не зыходзіць ніякіх выклікаў і пагроз для суседзяў ці нейкіх асобных краінаў, – паведаміў сайту ucpb.org лідэр АГП Анатоль Лябедзька. – Некалькі тыдняў як быў там – вельмі ўтульная і цёплая краіна з адчыненымі дзвярыма не толькі для сваіх грамадзян, але і для іншых. Мы ведаем, колькі Германія дапамагае тым людзям, якія трапілі у вайну, у галечу. І тое, што адбылося – гэта проста жах.
Можна зразумець, калі гэта ваенны канфлікт, калі з аднаго і другога боку удзел бяруць ваенныя. А калі забіваюць людзей, якія рыхтуюцца да калядаў, да святаў, то, канешне, гэта жах. У гэтай сітуацыі самае даступнае для нас – гэта спачуванні нямецкаму народу і салідарнасць з ім. Таму што ўзрываецца там, а рэха чуваць тут, у Менску».
Фота Генадзя Верацінскага