У Білеве пасля настойлівых патрабаванняў БХД адкрылі амбулаторую
Пасля шматгадовых настойлівых патрабаванняў беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў да ўладаў выканаць абяцанне па адкрыцці ў віцебскім мікрараёне Білева паліклінікі ў ім 21 снежня адчыніліся пяць медыцынскіх офісаў. Урачыстае адкрыццё амбулаторыі , дзе месцяцца гэтыя 5 кабінетаў, адбылося напярэдадні.
Як паведамляе віцебскі каардынатар БХД і кіраўнік кампаніі “За якасную медыцыну ў Віцебску” Таццяна Севярынец, амбулаторыя месціцца на першым паверсе аднаго з новых шматпавярховікаў па вуліцы Караткевіча. Сюды пераведзена 9 участкаў з паліклінікі №3 – 20000 дарослых жыхароў мікрараёнаў Білева. На кожнага доктара (кожны кабінет працуе ў 2 змены) прыходзіцца па 2000 пацыентаў пры норме 1700. Тут працуюць толькі тэрапеўты, а калі спатрэбіцца здаваць аналізы ці дапамога вузкіх спецыялістаў, хворы павінен усё ж такі выпраўляцца ў паліклініку №3.
“Але ж, як гаворыцца, на бязрыб’е і рак рыба. Пра тое, што паліклініка тут вельмі патрэбна, сведчаць лічбы: усяго за 2,5 гадзіны працы новай амбулаторыі яе наведалі 54 пацыенты”, – адзначыла Таццяна Севярынец.
Нагадаем, што за два гады ў межах кампаніі “За якасную медыцыну ў Віцебску” было сабрана 10000 подпісаў, у тым ліку і за паліклінічны комплекс у Білева, адбыўся шэраг сустрэч з прадстаўнікамі ўладаў, была дасланая процьма зваротаў чыноўнікам.
“І з’явілася ва ўладаў ідэя: паколькі паліклінічны комплекс у Білева пабудаваць зараз ну ніяк немагчыма, адкрыць 5 медыцынскіх офісаў для дарослых і 5 для дзяцей. У Білева больш за 40000 насельніцтва, палова з іх – дарослыя. Улады вырашылі, што больш важна першую амбулаторыю адкрыць менавіта для дарослых. А вось дзеткі пачакаюць, хаця дзіцячыя офісы, па абяцанні начальніка абласнога ўпраўлення аховы здароўя Юрыя Дзеркача, павінны былі адкрыцца яшчэ ў кастрычніку гэтага года”, – падкрэсліла каардынатар БХД.