У Менску прадставілі кнігу каардынатара БХД “Ідэнтыфікацыя нацыі як нацыянальная ідэя” (фота)
27 снежня ў Менску адбылася прэзентацыя новай кнігі салігорскага паэта і грамадскага дзеяча, каардынатара Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і Таварыства беларускай мовы Мікалая Шаравара.
Не гледзячы на перанесеную ў мінулым годзе сур’ёзную хваробу, Мікалай Лазаравіч гераічна знайшоў у сабе сілы на новыя творчыя здзяйсненні і працягвае паказваць моладзі прыклад руплівай ахвярнай працы на карысць Бацькаўшчыны.
Новая кніга Міколы Мілаша (псеўданім аўтара складаецца з першых літар поўнага імя) мае інтрыгуючую назву – “Ідэнтыфікацыя нацыі як нацыянальная ідэя”. У сваім творы – навуковым трактаце аўтар разважае над актуальнымі пытаннямі сучаснасці: Чаму ў нас заробак у разы ніжэй, чым у развітых краінах, і жывем не па сродкам? Адкуль зыходзіць ідэалогія закабалення нацый, і чаму існуе пагроза анэксіі Беларусі Расеяй? Чаму настае час аднавіць назву нашай нацыі – “ліцьвіны”?. Кніга змяшчае вершаваныя творы, навуковыя і публіцыстычныя эсэ, рэдкія фотаздымкі і будзе цікавай патрыётам Беларусі, аматарам беларускай гісторыі, паэзіі і хрысціянскім вернікам.
Удзел у літаратурным вечары-прэзентацыі ўзялі вядомыя беларускія навукоўцы, літаратары і грамадскія дзеячы: прафесар Леанід Лыч, прафесар Мікола Савіцкі, пісьменнік і навуковец Анатоль Астапенка, філосаў Зміцер Абразцоў, паэт і драматург Галіна Каржанеўская, мастак і скульптар Алесь Цыркуноў, паэт і грамадскі дзеяч Мікола Бамбіза, а таксама сябры, калегі і родныя аўтара.
Літаратурная вечарына супала з Днём народзінаў Мікалая Лазаравіча, які 26 снежня адзначыў сваё 80-годдзе! Пра тое, што ў аўтара яшчэ і Дзень народзінаў, мала хто ведаў, бо юбіляр пра гэта нікому не казаў, і ў пашпарце ў спадара Міколы пазначана іншая дата. Такім чынам, атрымалася, што госці імпрэзы-юбілея не дарылі, а атрымлівалі падарункі: Мікалай Лазаравіч падпісаў кожнаму госцю яго прэзентацыі асобнік сваёй новай кнігі.
Пажадаем Мікалаю Лазаравічу моцнага здароўя, моцы, міра, спакою, непахіснай веры і Божага дабраслаўлення!