2017 год – сто гадоў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі
2017-ты год ад нараджэння Хрыстова для беларусаў – наскрозь юбілейны. 500 гадоў Бібліі Скарыны, 500 гадоў Рэфармацыі, 100-годдзе Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцыяў, шматлікія ўгодкі выбітных гістарычных дзеячаў…
Але адзін юбілей стаіць асабняком. Гаворка пра 100-годдзе Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі – партыі, якая ў міжваенны час ХХ стагоддзя падняла сцяг незалежнасці Беларусі, аплаціла ідэю вольнай краіны на біблейскіх прынцыпах жыццямі дзясяткаў сваіх чальцоў, і была выкрэслена з падручнікаў па гісторыі.
Гэта была партыя, якая абапіралася толькі на Бога ды свой народ. БХД не хілілася да Саветаў, Польшчы, Нямеччыны ці Амерыкі, і ва ўмовах нацыянальнага ціску, эканамічнага крызісу, бандытызму насуперак усім прагнозам расла і пашырала свой уплыў. БХД адчыняла беларускія школы, друкавала беларускія газеты, праз створаны Інстытут гаспадаркі і культуры выдавала крэдыты сялянам, закладала прытулкі для сіротаў ды бедных, мела сваіх паслоў ды сенатараў у Сейме.
Асобы Адама Станкевіча і Вінцэнта Гадлеўскага, Фабіяна Абрантовіча і Язэпа Германовіча, Кастуся Стаповіча і Адама Дасюкевіча, Вячаслава Багдановіча і Адольфа Клімовіча, Паўла Карузы і Браніслава Туронка, Віктара Шутовіча ды іншых хадэкаў у савецкія часы замоўчваліся, БХД кляймілася як “буржуазная клерыкальна-нацыяналістычная сіла”, а яе газета, “Крыніца”, супастаўная паводле ўплыву на беларускае грамадства ў 1920-30-ых гадах з “Нашай Нівай” пачатку стагоддзя, была асуджаная на спецхраны.
Між тым, БХД 1917-39 гадоў проста аднаўляла ідэю народаўладдзя на аснове хрысціянскіх каштоўнасцяў – ідэю, якой на працягу тысячы гадоў беларускай гісторыі былі адданыя Ефрасіння Полацкая, Францішак Скарына, Канстанцін Астрожскі, Леў Сапега, Тадэвуш Касцюшка, Кастусь Каліноўскі, Францішак Багушэвіч, Зянон Пазьняк…
З мэтай сцерці пыл белых плямаў з драматычнай і бліскучай гісторыі цэлай пляяды беларускіх незалежнікаў да 100-годдзя БХД мы пачынаем публікацыю серыі артыкулаў пра хрысціянскую дэмакратыю і вялікую чараду акцыяў памяці.
Больш таго: сучасная БХД, пераймаючы эстафету, правядзе ў 2017-ым шэраг канферэнцыяў, прэзентацыяў кнігаў ды законапраектаў, яскравых імпрэзаў і сацыяльных кампаніяў, а напрыканцы траўня, да самога юбілею, збярэ ўрачысты з’езд.
Словам, увесь 2017 год Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя будзе разам з вамі.
Жыве Беларусь – з Богам!