Вацлаў Ластоўскі
Вацлаў Ластоўскі – адзін з ідэолагаў беларускага руху ХХ стагоддзя, разам з Казімірам Шафнагелем і Вінцэнтам Святаполк-Мірскім – заснавальнік “Хрысціянскай Злучнасці” 1915 года, прэм’ер-міністр Рады БНР 1919-1923 гадоў.
Часта ў беларускай гістарыяграфіі Ластоўскі фігуруе як удзельнік “левага” руху і грамадовец – але менавіта Вацлава Ластоўскага, як згадвае ў артыкуле “Парадаксальны Ластоўскі” гісторык Анатоль Сідарэвіч, выключалі з шэрагаў сацыялістаў “за рэлігійнасць і нацыяналізм”.
Больш таго: у 1915 годзе ў акупаванай немцамі Вільні менавіта Вацлаў Ластоўскі разам з колішнімі заснавальнікамі Канстытуцыйна-Каталіцкай Партыі Літвы і Беларусі біскупам Эдвардам Ропам, баронам Казімірам Шафнагелем, князем Святаполк-Мірскім стварыў, паводле выслоўя сучаснага гісторыка, “першую беларускую правую партыю” – Хрысціянскую Злучнасць.
Як глыбокі гісторык і як ідэолаг Ластоўскі разумеў, што тысячагадовай Беларусі ў такі шалёны і поўны магчымасцяў час як паветра патрэбная партыя, заснаваная на хрысціянскіх каштоўнасцях. Вось чаму 26 траўня 1918 года ён публікуе адозву, дзе разам з Шафнагелем, Святаполк-Мірскім і ксяндзом Уладзіславам Талочкам заяўляе аб патрэбе такой партыі.
Вацлаў Ластоўскі вядомы як аўтар неабвержнага доказу беларускасці Вялікага Княства Літоўскага: калі навукоўцы новастворанай Літоўскай Рэспублікі запатрабавалі ад беларускай Акадэміі навук вярнуць вывезены архіў ВКЛ, дырэктар Беларускага музею ўрачыста дамовіўся: будуць вернуты ўсе без выключэння дакуманты, напісаныя літоўскай мовай. Вядома, аніводнага такога дакуманта ў Архіве ВКЛ папросту не было.
Вацлаў Юстынавіч Ластоўскі нарадзіўся 27 кастрычніка (8 лістапада) 1883 года ў засценку Калеснікаў Дзісенскага павета Віленскай губерніі, цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці.
Ужо ў васямнаццаць Вацлаў уступіў у Польскую сацыялістычную партыю ў Літве. У 1904—1905 гадах слухаў лекцыі ў Пецярбургскім універсітэце. У 1906-м у Рызе далучыўся да беларускага руху і Беларускай сацыялістычнай грамады.
У 1909-м у Вільні як малады здольны адміністратар Ластоўскі робіцца сакратаром ”Нашай Нівы”. Адначасна рэдагаваў часопісы «Саха», «Беларускі сцяг», газету «Гоман».
У час Першай сусветнай вайны Ластоўскі заставаўся ў Вільні. У студзені 1915 года, калі немцы занялі горад, ён разам з Вінцэнтам Святаполк-Мірскім, Іванам і Антонам Луцкевічамі падпісаў зварот да нямецкіх акупацыйных улад з просьбай паспрыяць выданню беларускіх газет. Кіраваў віленскай «Беларускай кнігарняй» і Беларускім выдавецкім таварыствам, курыраваў выданне школьных падручнікаў, сам удзельнічаў у іх напісанні.
Адзін з аўтараў «Мемарандума прадстаўнікоў Беларусі», у якім адстойваў права беларускага народа на нацыянальна-дзяржаўнае развіццё і які быў прадстаўлены на міжнароднай канферэнцыі ў Лазане (Швейцарыя, 1916).
13 снежня 1919 года Вацлаў Ластоўскі быў кааптаваны ў Раду БНР. У лістападзе 1918 быў уключаны ў склад Літоўскай Тарыбы. У канцы 1918 узначаліў Беларускае прадстаўніцтва пры Літоўскай Тарыбе, потым стаў беларускім аташэ пры літоўскім пасольстве ў Берліне.
У снежні 1919-га ўзначаліў Кабінет міністраў Народнай рады БНР. У рангу прэм’ера БНР Ластоўскі падтрымаў антыпольскую беларускую партызанку і прадстаўляў беларусаў на знакамітай Генуэзскай канферэнцыі 1922 года.
Арыштаваны польскімі ўладамі 17 снежня 1919 года, Ластоўскі быў вызвалены ў лютым 1920-га; пераехаў у Рыгу, потым у Коўна. Пасля падпісання папярэдніх умоў міру паміж Савецкай Расіяй і Польшчай ў кастрычніку 1920 года на беларускай канферэнцыі ў Рызе менавіта пад кіраўніцтвам Вацлава Ластоўскага быў створаны антысавецкі й антыпольскі блок беларускіх партый для барацьбы за незалежную і непадзельную Беларусь.
У 1920-1923 гадах Вацлаў Ластоўскі як дыпламат наведаў Бельгію, Германію, Ватыкан, Італію, Чэхаславакію, Францыю, Швейцарыю, дзе адстойваў правы беларусаў у Заходняй Беларусі. 20 красавіка 1923 года падаў у адстаўку з пасады прэм’ер-міністра БНР. Працаваў у Міністэрстве беларускіх спраў у Літве.
У 1923—1927 выдаваў часопіс «Крывіч», надрукаваў некалькі падручнікаў. Быў старшынём “Сувязі нацыянальна-дзяржаўнага вызвалення Беларусі”, ад імя якой выступаў за выкарыстанне беларускай мовы ў богаслужэннях. Запрошаны Інбелкультам на акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі (лістапад 1926).
Пад націскам неспрыяльных абставін (літоўскі ўрад адмовіўся фінансаваць выданне «Крывіча» і Беларускі цэнтр у Коўне, палітычны пераварот 17 снежня 1926 у Літве) у красавіку 1927 пераехаў у БССР.
Вацлаў Ластоўскі рабіў аб’ём навуковай працы, параўнальны з цэлым навукова-даследчым інстытутам. Працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, загадчыкам кафедры этнаграфіі пры Інбелкульце (і гэта не маючы нават сярэдняй адукацыі!). З 1928 акадэмік БелАН. Быў неадменным сакратаром Інбелкульта. Рэдагаваў «Працы кафедры этнаграфіі», працаваў у Камісіі жывой беларускай мовы, уваходзіў у Камісію па ахове помнікаў старасветчыны ў БССР. Арганізоўваў этнаграфічныя экспедыцыі ў розныя рэгіёны Беларусі, падчас адной з якіх быў знойдзены Крыж Ефрасінні Полацкай.
21 ліпеня 1930-га Вацлава Ластоўскага арыштавала ОГПУ – па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Навукоўца трымалі ў турмах Масквы і Мінска. 10 красавіка 1931-га Вацлава Ластоўскага выслалі на 5 гадоў у Саратаў. У Саратаве Ластоўскі працаваў загадчыкам аддзела рэдкіх рукапісаў бібліятэкі Саратаўскага ўніверсітэта. Быў паўторна арыштаваны 20 жніўня 1937 года. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 23 студзеня 1938 прыгавораны да расстрэлу «як агент польскай разведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі».
Па першым прысудзе Ластоўскі быў рэабілітаваны 10 чэрвеня 1988; па другім — 16 верасня 1958. Адноўлены ў званні акадэміка АН Беларусі.
Як палітык Ластоўскі ставіў нацыянальныя інтарэсы вышэй за класавыя – і лічыў нацыянальную праблему найважнейшай у гісторыі. Адмаўляў канцэпцыю адзінства гістарычных лёсаў Расіі і Беларусі. Аспрэчваў догмы марксізму.
У 1910 годзе Вацлаў Ластоўскі выдаў «Кароткую гісторыю Беларусі» — першую кнігу, у якой была спроба абгрунтаваць беларускі характар Вялікага княства Літоўскага. Як сказаў прафесар Анатоль Грыцкевіч, гэта была першая беларуская гісторыя, напісаная беларусам, па-беларуску і для беларусаў.
Геніяльны самавук, паводле Сідарэвіча, Ластоўскі аб’яднаў факты пра наша мінулае ў беларусацэнтрычную канцэпцыю. У пачатку 1920-х г. працаваў над «Нарысамі беларускай гісторыі», якія, па сутнасці, уяўляюць сабой першую беларускую энцыклапедыю гісторыі Беларусі і складзены з розных тэрмінаў і паняццяў з беларускай мінуўшчыны.
У 1926 годзе пабачыла свет галоўная праца Ластоўскага — манументальная “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі”, у якой прыводзіліся цытаты на старабеларускай мове са шматлікіх старажытных кніг і рукапісаў. Публікацыя ўяўляе сабой агляд «звыш 1000 важнейшых рукапісных кніг, грамат, старадрукаваных кніг з пачатку зараджэння беларускага пісьма (X ст.) аж да XIX ст.» Пасля пераезду ў БССР В. Ластоўскі апрацаваў разам з М. Шчакаціхіным «Праваднік па аддзеле сучаснага беларускага малярства і разьбярства» (1929), распачаў вялікую працу «Матэрыяльная культура Беларусі», якая ахоплівала перыяд ад XVI да XX ст.
Вацлаў Ластоўскі зрабіў важкі ўнёсак у тэорыю і практыку беларускага хрысціянскага і дэмакратычнага руху: стварэнне “Хрысціянскай Злучнасці”, даследванне кнігадруку, этнаграфічныя экспедыцыі, рэдактарская і арганізацыйная праца Ластоўскага стваралі падмурак, на які абапіраліся цэлыя пакаленні беларускіх патрыётаў, дэмакратаў і вернікаў.
Сёння на радзіме Вацлава Ластоўскага, у Глыбокім, усталяваны бюст, а ў Курапатах у 2016 годзе усталяваны і асвечаны сімвалічны крыж Ластоўскага.
Павел Севярынец