12 лютага – дзень народзінаў Казіміра Сваяка
12 лютага – дзень народзінаў дзеяча беларускай хадэцыі, святара і паэта Казіміра Сваяка. Канстанцін (Канстанты) Стэповіч – адна з самых светлых постацяў беларускага хрысціянскага і дэмакратычнага руху. Смяротна хворы ксёндз, які згас маладым, але так шмат паспеў для Беларусі, пранізлівы паэт, ахвярны грамадскі дзеяч – Казімір Сваяк стаіць тут поплеч з Максімам Багдановічам.
Нарадзіўся Канстанцін 12 лютага 1890 года ў вёсцы Барані тагачаснага Свянцянскага павета (зараз Астравецкі раён Гарадзеншчыны) у шматдзетнай сялянскай сям’і. Брат Канстанціна Альбін Стэповіч у далейшым стаў адным з кіраўнікоў БХД.
Канстанцін, які скончыў пачатковую і павятовую Свянцянскую школы, ужо падлеткам захапіўся беларускім рухам. У 1906-1907 гадах ён у Вільні, чытае “Нашу Ніву” і выношвае планы стаць святаром, каб адрадзіць Беларусь.
У 1908 Канстанцін паступае ў Пецярбургскую духоўную семінарыю, дзе трапляе ў асяродак ксяндзоў-беларусаў: знаёміцца з Адамам Станкевічам, Фабіянам Абрантовічам, Вінцэнтам Гадлеўскім, Язэпам Германовічам.
У 1912-м выяўляецца, што ў Канстанціна сухоты. Тады гэта азначала працяглае лячэнне без гарантыяў аздараўлення – і Канстанцін выпраўляецца на вядомы горны курорт Закапанэ ў Польшчы.
З 1913-га Канстанцін пачынае друкавацца ў газеце “Беларус”, заснаванай святарамі-беларусамі.
З увагі на хваробу, на ксяндза Канстанціна Стэповіча высвячаюць толькі ў 25, увесну 1915-га. Спярша яго накіроўваюць вікарыем у Камаі, а затым – у Клюшчаны, паблізу ад Бараняў.
Менавіта тут ксёндз Канстанцін разгортвае шырокую беларускую і хрысціянскую дзейнасць. Ён арганізоўвае хор (прычым, маючы добра лірычны тэнар, спявае сам ды грае на скрыпцы), стварае нелегальны гурток “Хаўрус сваякоў” (мэта – самаадукацыя на аснове хрысціянскіх прынцыпаў), ставіць п’есы ўласнага аўтарства – і арганізоўвае ў наваколлі сем (!) беларускіх школаў. Паколькі настаўнікаў для такіх школаў ніхто яшчэ не навучаў – Стэповіч зладзіў такія падрыхтоўчыя курсы сам.
Напрыканцы 1916-га за беларускую дзейнасць касцёльныя улады пераводзяць маладога дзейснага святара на Беласточчыну. Стэповіч адразу бярэцца за беларускую справу там – і дастае чарговую забарону ад мясцовага пробашча. Няўдачы падрываюць ягонае здароўе – і ён зноў мусіць ехаць на лячэнне ў Закапанэ. Але й там не можа проста адпачываць ды аднаўляцца – робіцца капеланам тутэйшага кліматычнага шпіталя, дзе мае багата клопатаў.
У ліпені 1919-га, па дарозе дахаты, ксёндз Канстанцін завітвае да Язэпа Германовіча ў Лапеніцу Ваўкавыскага павета – і пасля казаняў па-беларуску ў касцёле атрымоўвае пратэст мясцовых польскіх ксяндзоў.
У 1919-1920-ым, падчас польска-савецкай вайны Канстанцін пад псеўданімам Казімір Сваяк плённа піша для “Крыніцы” – эсэ, абразкі і, канечне, вершы.
У 1920-м ксёндз Стэповіч атрымлівае накіраванне ў Засвір, у напаўразбураны кармеліцкі касцёл, пасля паўстання 1863 года перароблены ў праваслаўную царкву, але новымі польскімі ўладамі вернуты каталікам. Тут – зноў рэпрэсіі за беларускасць: у плябаніі праводзяць ператрус, каб знайсці беларускую літаратуру. Але сябры падтрымліваюць: у Засвір прыязджаюць гасцяваць Язэп Драздовіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Адам Станкевіч.
У 1924-м у Вільні выходзіць першы зборнік вершаў Казіміра Сваяка – “Мая Ліра”.
Паэзія Казіміра Сваяка напружаная, пакутлівая. Святар ведае, што ён павольна памірае, што ягоная краіна, разарваная суседзямі, прыгнечаная і прыніжаная; ён, быццам біблійны Іоў, адчайна крычыць да Бога і просіць справядлівасці.
У 1925-1926 гадах, надламаны хваробай, Канстанцін дагарае ў Закапанэ. Піша брату ды ксяндзу Станкевічу, каб забралі яго на радзіму. Увесну 1926-га Адам Станкевіч перавозіць яго ў шпіталь у Вільні – і дзяжурыць ля ягонага ложка.
Адышоў да Госпада ксёндз Канстанцін Стэповіч, Казімір Сваяк, у травеньскі дзень 1926 года.
Казімір Сваяк прасіў пахаваць яго ў родных Клюшчанах, але віленская грамада вырашыла інакш. Пахавалі Канстанціна на могілках Росах – ягоны помнік і сёння можна бачыць побач з надмагіллем літоўскага нацыянальнага героя мастака і кампазітара Мікалоюса Чурлёніса. На развітанне са сваім ксяндзом, да ўсталявання помніка, моладзь з ягонай парафіі ў Клюшчанах прайшла пешкі 85 кіламетраў.
У апошнія гады грамада Астравеччыны правяла вялікую працу дзеля ўшанавання памяці свайго вялікага земляка. У камайскім касцёле ўсталяваная мемарыяльная шыльда, у Клюшчанах усталяваны памятны камень і праходзяць памінальныя імшы, а ў Баранях створаны адмысловы музей і адбываюцца чытанні ў гонар Казіміра Сваяка.
Павел Севярынец