Язэп Найдзюк: друкар, публіцыст і гісторык
Язэп Найдзюк (псеўданімы: Бойдацкі, Цыпрыяновіч, Станіслаў, Юзаф Аляксандровіч) – беларускі грамадскі і культурны дзеяч, выдавец, рэдактар, гісторык, актыўны сябра БХД.
Нарадзіўся Язэп Найдзюк 12 траўня 1909 года ў вёсцы Бойдаты Ваўкавыскага павету Гродзенскай губерні ў рыма-каталіцкай сям’і Цыпрыяна і Людвікі Найдзюкоў.
Вучыўся ў сярэдняй школе ў Бойдатах і Вярэйках Ваўкавыскага павету. Па сканчэнні школы ў 1923 годзе паступіў у Ваўкавыскую настаўніцкую семінарыю, аднак з фінансавых прычын пасля двух гадоў навучання быў вымушаны перапыніць вучобу. Язэп Найдзюк едзе ў Вільню, дзе ягоны дзядзька – Фабіян Ярэміч – знаёміць яго з лідарам Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Адамам Станкевічам. З гэтага знаёмства і пачынаецца ягоны шлях як свядомага беларуса, патрыёта і грамадзяніна. Найдзюк пачынае спяваць у царкоўным хоры пры касцёле св. Мікалая ў Вільні і вучыцца на матуральных курсах.
У тыя ж часы віленскія беларускія дзеячы Адам Станкевіч, Фабіян Ярэміч, кс. Вінцук Гадлеўскі і кс. Андрэй Цікота вырашаюць стварыць у Вільні сваю беларускую друкарню і надаць ёй імя Францыска Скарыны. Было арэндаванае памяшканне на Людвісарскай, 1 і закуплены друкарскі станок. У маі 1926 года друкарня пачала дзейнічаць. Спачатку Язэп Найдзюк працуе памочнікам кіраўніка друкарні, а з чэрвеня 1927 года – кіраўніком. У друкарні выдаваліся газеты “Беларуская крыніца”, “Сялянская Ніва”, выданні для Беларускай сялянска-работніцкай грамады, часопіс “Хрысціянская Думка” і іншая прадукцыя.
Язэп Найдзюк належаў да Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД). Ладзіў культурныя і рэлігійныя імпрэзы.
Быў рэдактарам (з шостага нумара) часопіса «Шлях моладзі» (1929 – 1939). Ужо ў першым нумары часопіса ён надрукаваў праграмны артыкул “Для Бацькаўшчыны!…”, дзе выклаў ідэю беларускага маладзёжнага руху.
Польскія ўлады з насцярожанасцю ўспрымалі часопіс. Часта тыраж канфіскоўвалі, а рэдактара адпраўлялі за краты. У верасні 1939 годзе разам з іншымі беларускімі дзеячамі Язэп Найдзюк трапляе ў канцэнтрацыйны лагер у Картуз-Бярозе. Вызвалены пасля падыходу савецкіх войск. У кастрычніку 1939 года вярнуўся ў Вільню. Увесну 1941 году беларуская друкарня была зачынена.
Пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў 1941 годзе Язэп Найдзюк едзе ў Мінск, дзе пачаў працаваць у Інспектараце беларускіх школ. Займаўся выданнем часопіса “Беларуская школа”. Быў сябрам Цэнтральнай рады Беларускай народнай самапомачы. У 1942 годзе было заснавана Выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі. Язэп Найдзюк кіраваў усёй працай выдавецтва. Было надрукавана каля 30 выданняў – падручнікі, мастацкая і рэлігійная літаратура.
У 1943 (на вокладцы 1944) годзе выдаў у Менску падручнік па гісторыі «Беларусь учора і сяння» кірыліцай. Другое выданне кнігі выйшла пад рэдакцыяй І. Сівіцы, польскага немца, працаўніка аддзелу культуры і палітыкі генеральнага камісара Беларусі. Сівіца паправіў тэкст падручніка ў кірунку, які адпавядаў нямецкай палітыцы ў Генеральнай акрузе Беларусь. Да гэтага часткі кнігі друкаваліся ў газеце «Голас вёскі».
У чэрвені 1944 года перад прыходам Савецкай Арміі Язэп Найдзюк выязджае ў Нямеччыну. Сваё прозвішча ён мяняе на Александровіч, з якім застанецца да канца жыцця.
Пасля вайны таемна пераехаў у Польшчу. Спыніўся ў горадзе Інаўроцлаў на Куявах. Пайшоў працаваць наборшчыкам у друкарню Торуньскага паліграфічнага выдавецтва. Потым 7 гадоў быў карэктарам і тэхнічным рэферэнтам. З ліпеня 1953 года выконваў абавязкі дырэктара, а з траўня 1956 года стаў дырэктарам гэтага прадпрыемства. На гэтай пасадзе дамогся пабудовы самай сучаснай друкарні ў Польшчы. У год выдавалася звыш 300 назваў кніг і 25 назваў часопісаў. Аднак пасля абвінавачванняў у беларускім нацыяналізме і антысаветызме ён у 1971 годзе “дабравольна” адракаецца ад пасады. Да 1978 года працаваў дыспазітарам.
Увесь час акрамя асноўнай працы Язэп Найдзюк піша на самыя розныя тэмы. Каля 160 публікацый прысвечаны друкарскай справе, куявіне (гісторыі Інаўроцлава), беларусістыцы, рэцэнзіі на кнігі і інш.
Займаўся мясцовым краязнаўствам. Пакінуў дзённік і рукапіс «Paznavajma historyju biełaruskaha narodu» па гісторыі Беларусі, напісаную ў 1960-х і выдадзеную ў 2010 у Беластоку. Сувязь з беларускім рухам падтрымліваў праз свайго брата Чэслава Найдзюка, які жыў у ЗША. Вёў ліставанне з Ларысай Геніюш, Юрыем Туронкам, Казімірам Грынкевічам і інш. Хто ён на самой справе – польская служба бяспекі выявіла толькі ў 1963 годзе, але на той час ужо не чапала.
Памёр Язэп Найдзюк 13 лютага 1984 года ў Інаўроцлаве.
На 20-я ўгодкі (14 лютага 2004 года) смерці грамадскасць Інаўроцлава ўшанавала яго памяць адкрыццём памятнай шыльды на друкарні, імшой у касцёле св. Юзафа, навукова-папулярнай сесіяй («Józef Aleksandrowicz – Jazep Najdziuk (1909 – 1984). Osoba i dzieło») і выставай, прысвечанай Язэпу Найдзюку (Юзафу Александровічу).
У 2006 годзе на доме, дзе жыў Найдзюк, была таксама ўсталяваная памятная шыльда.
Анатоль Астапенка