Ініцыятыва “Хайсы” распланавала дзейнасць на 2017 год
14 лютага адбылося паседжанне ініцыятывы “Хайсы”, да якой далучылася ўжо больш за 20 чалавек. Уваходзяць у яе склад і актывісты Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, паведаміла каардынатар аргкамітэту БХД у Віцебску і Віцебскай вобласці Таццяна Севярынец.
Нагадаем, што ў 2014 годзе ў лесе каля вёскі Хайсы Віцебскага раёны была знойдзена вялікая колькасць чалавечых парэшткаў. Па ўспамінах мясцовых жыхароў сталага веку, менавіта тут у 1937 годе НКУСаўцы расстрэльвалі рэпрэсаваных. Па настаянню кіраўніка ініцыятывы Яна Дзяржаўцава, сябра КХП-БНФ, тут працаваў 52-і пашуковы батальён, які знайшоў каля 200 парэшткаў. Але эксперты заявілі, што парэшткі нібыта адносяцца да часоў вайны. Але дэталі абутку, чарапы са слядамі куль, успаміны сведкаў не даюць падставы пагадзіцца з гэтымі высновамі, адзначыла Таццяна Севярынец.
За час свайго існавання ініцыятыва спрычынілася да шэрагу зваротаў, правядзення паседжання з удзелам створанай Віцебскім райвыканкамам камісіі, прыборкі месцаў масавых пахаванняў, стварэння сімвалічных магіл і ўсталявання памятных крыжоў.
Падчас сустрэчы 14 лютага быў абмеркаваны намер рэгістрацыі ініцыятывы, планы дзейнасці на бягучы год. Адзін з пунктаў – дакладнае расследаванне дакументаў, стварэнне дакументальнага фільма па увекавечванні памяці бязвінна забітых. Ужо ёсць 30 відэазапісаў сведчанняў тых, хто бачыў расстрэлы на ўласныя вочы ці запомніў расповеды пра іх родных.
“Каб захаваць незалежнасць, каб не дазволіць паўтарыцца трагедыі, мы не маем права забываць. Ініцыятыва “Хайсы” адкрытая для ўсіх. Кожны, каму неабыякавы лёс краіны, можа да яе далучыцца. Сярод расстраляных могуць быць і сябры БХД, якія пераследваліся саветамі”, – падкрэсліла Таццяна Севярынец.