З нагоды пакутніцкай гібелі Юрыя Кашыры
18 лютага трагічна загінулі са сваімі парафіянамі каталіцкія святары Юрый Кашыра і Антоні Ляшчэвіч. Юрый Кашыра – самаахвярны рыма-каталіцкі святар, марыянін, які пайшоў у вагонь са сваімі парафіянамі ў Росіцы. Прыхільнік БХД. Пакутнік. Блаславёны.
Юрый Кашыра нарадзіўся ў Росіцы (сёння – Верхнядзвінскі раён Віцебскай вобласці) 4 красавіка 1904 года. Паходзіў з праваслаўнай сям’і з уніяцкімі каранямі, але свядома выбраў каталіцтва. 20-гадовым Юрый прыйшоў у Друю і паступіў у кляштар марыянаў. Менавіта тут загартавалася беларуская свядомасць будучага ксяндза. Тут ён пазнаёміўся з дзеячамі БХДЗ – айцамі Фабіянам Абрантовічам, Андрэем Цікотам, Язэпам Германовічам. Тут далучыўся да асветніцкай працы, якую ў цяжкіх умовах вялі святары і беларускія хадэкі.
У 1929 годзе ў Друйскім кляштары Юрый склаў манаскія шлюбы і быў пасланы ў Рым вывучаць багаслоўе і філасофію. Па вяртанні, 20 чэрвеня 1935 года быў высвечаны на ксяндза – і накіраваны праводзіць заняткі катэхізацыі ў гімназіі Друі.
У 1938 годзе польскія ўлады раскідалі “беларускае гняздо” ў Друі дзеля “палітычнай ненадзейнасці” і перавялі ягоных насельнікаў у Расна. Але ўжо ўвосені 1939-га Саветы занялі Расна і разагналі кляштар, і ягоныя насельнікі разбрыліся па ваколіцы ў пошуках прытулку. Ксёндз Юрый тры гады блукаў па манастырах Беларусі і Літвы, і толькі з пачаткам вайны змог вярнуцца ў Друю – каб далучыцца да айца Антонія Ляшчэвіча, які служыў у ягонай роднай Росіцы.
Ксяндзы вялі службу ў касцёле, дапамагалі людзям, не адмаўлялі ў дапамозе і тым, хто хаваўся ад немцаў у лесе.
У лютым 1943 года нацысты пачалі на Дзісеншчыне карную аперацыю “Зімовае чараўніцтва”. Яе мэтай было стварыць “мёртвую зону” ў дзясяткі кіламетраў на сумежжы Літвы, Латвіі і Беларусі – выпаліць вёскі, хутары, выселіць у канцлагеры ці пазабіваць жыхароў, атруціць калодзежы, каб знішчыць базу падтрымкі партызанаў. Вёсачка Росіца і яшчэ сотні вёсак былі прызначаныя на спаленне.
16 лютага карнікі занялі Росіцу. Усіх жыхароў сагналі ў касцёл, дзе вялі “сартыроўку” – кагосьці накіроўвалі ў лагер Саласпілс, каб адпраўляць на працы у Германію, астатніх – заганялі ў драўляныя будынкі і падпальвалі.
Святарам немцы прапанавалі з’ехаць. Але і ксёндз Юрый Кашыра, і ксёндз Антоній Ляшчэвіч, і сёстры-еўхарысткі адмовіліся – і засталіся са сваімі парафіянамі да канца. Юрый Кашыра быў спалены жыўцом разам з жыхарамі Росіцы 18 лютага 1943 года.
Агулам у Росіцы акупанты забілі 1528 чалавек.
Подзвіг Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча адлюстраваны ў рамане беларускай пісьменніцы Ірэны Жарнасек “Будзь воля Твая”.
13 чэрвеня 1999 года ксёндз-пакутнік Юрый Кашыра быў беатыфікаваны. Дзень ягонае памяці адзначаецца штогод 12 чэрвеня.
Павел Севярынец